Рэцэнзія на кнiгу: Original?1420731852
Танцы ў зачараваным коле

Ці жылі на Беларусі кельты? Усе вартыя павагі гісторыкі кажуць, што не, і нават археолагі не пакідаюць амаль ніякай надзеі. Аднак, нягледзячы ні на што, мы можам пра гэта марыць — і нават у беларускіх квазігістарычных раманах раз-пораз усплываюць легенды Брытанскіх астравоў. Што ж будзе, калі за гэтыя легенды возьмецца добра начытаны, высокаадукаваны, зусім не легкадумны летуценнік? Атрымаецца ні больш ні менш як "Ян Ялмужна".

Антон Францішак Брыль, навукоўца-матэматык, вядомы як перакладчык на беларускую мову старажытнаангельскай паэмы "Бэўвульф" — на гэты гераічны ўчынак яго натхніла захапленне Дж. Р. Р. Толкінам. Ведаючы пра працягласць ды глыбіню гэтага захаплення, усе гэтыя гады мы, простыя чытачы, спадзяваліся, што Дж. Р. Р. натхніць А. Ф. і на цалкам арыгінальную прозу. Урэшце, нашыя спадзяванні здзейсніліся (і зараз мы спадзяемся на працяг!). Беларуская літаратура атрымала надзвычай цікавы, ва ўсіх сэнсах цудоўны твор у традыцыях апошніх не пятнаццаці, а, прынамсі, ста пяцідзесяці гадоў, – пачынаючы ад "Шляхціца Завальні".

Гэта вялікае задавальненне і разам з тым выпрабаванне – чытаць "Яна Ялмужну" ўголас.

"Ян Ялмужна" — літаратурная казка, дзеянне якой адбываецца ў Вялікім Княстве Літоўскім, у Геранёнах, у 1506-1517 гадах (так кажа аўтар, а яму мы давяраем безумоўна). Як гэта здараецца ў казках, яе героі бачаць неверагодныя дзівосы і сустракаюцца з чароўнымі істотамі. Неблагой крыніцай, якую можна парэкамендаваць для бліжэйшага знаёмства з гэтымі істотамі, будзе кніга "Эльфы ў традыцыі і літаратуры" Кэтрын М. Брыгз, якую вельмі лёгка адшукаць на большасці з вядомых вам моваў... Чакайце, ВКЛ – і эльфы кельцка-германскага ўзору?.. Ад гэтага саюзу магло б нарадзіцца шараговае няўклюднае фэнтэзі, аднак не палохайцеся – гэта фэнтэзі ўзору першай паловы ХХ стагоддзя, і яно, як можа, кампенсуе той факт, што і пяцьдзесят, і сто гадоў таму беларускім літаратарам, на жаль, было не да чароўных казак.

Нават абазнаны літаратуразнаўца можа патраціць не адзін дзень, каб разгадаць гэтую танюткую кніжку да канца.

Азначэнне "літаратурная казка" – гэта жанр, а не налепка "0+", якая сведчыла б пра рэкамендаваны ўзрост. Вядома, гэтую кнігу можна  чытаць дзецям, але для гэтага патрэбны добра падрыхтаваны дарослы, і не толькі для таго, каб тлумачыць гістарычныя рэаліі або рэдкія словы. Гэта вялікае задавальненне і разам з тым выпрабаванне – чытаць "Яна Ялмужну" ўголас. Пэўныя рысы тэксту сведчаць, што аўтар свядома імкнуўся да мілагучнасці менавіта "на слых", шукаючы апоры ў вуснай народнай паэзіі (асабліва выразна пра гэта кажа "Размова з дрэва"). І нездарма дванаццаць главаў тэксту называюцца менавіта “Размовамі”! Мова персанажаў стылізаваная пад народную, шчодра перасыпаная фальклорнымі тропамі і цытатамі з крыніцаў, што не кожнаму знаёмыя… З іншага боку, хто ведае, як змяніўся школьны курс беларускай гісторыі за апошнія гады?  У дзевяностыя гады мінулага стагоддзя у ім яшчэ гучала легенда пра князя Палемона, міфічнага першапачынальніка дынастыі літоўскіх князёў, якой прысвечаная “Размова між фрэсак”, навеяная, відаць, ілюстрацыямі да беларуска-літоўскіх летапісаў. У пэўным узросце мы ўсе прагнем рамантыкі ды бачым сябе рыцарамі, і падлетку “Ян Ялмужна” можа быць нават цікавейшы, чым малодшаму школьніку.

У сваёй насамрэч няпростай кнізе Антон Францішак Брыль з любоўю рэканструяваў ліцвінскі антураж ды гістарычных асобаў. Праўда – калі толькі вы не дзеці – лічыць, нібы ўсё так і было, будзе занадта легкаверным. Ці вядомыя вам народныя казкі, якія цытуе аўтар? Ці чулі вы гэтыя прыслоўі або прымаўкі? У вуснах ліцвінскіх шляхцічаў, святароў ды кухараў шаснаццатага стагоддзя яны гучаць цалкам натуральна – аднак нельга выключаць і версію, што такім чынам аўтар замахваецца ажно на рэканструкцыю праіндаеўрапейскага фальклору, а, можа, проста перасадзіў на беларускую глебу саджанцы з блаславёных заморскіх краінаў кельтаў ды скандынаваў. Магчыма, за наўмысна простымі словамі крыецца вытанчаная літаратурная гульня, і нават абазнаны літаратуразнаўца можа патраціць не адзін дзень, каб разгадаць гэтую танюткую кніжку да канца. Пачаўшы хоць бы з самай першай загадкі – чым можа быць адметны сёмы сын? З якіх крыніцаў вы пра гэта даведаліся? І гэта яшчэ толькі пачатак.

Каментары 1
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Замовіць кнігу можна тут:
http://knihi.by/knihi/bryl-anton-francisak-jan-jalmuzna

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце