Рэцэнзія на кнiгу: Original?1372411419
Тарантэла ў метро

У XV ст. італьянцы верылі, што надзвычай энергічны танец тарантэла з’яўляецца адзіным выратаваннем ад “тарантызму” — вар’яцтва, выкліканага ўкусам тарантула. Ды гэта не дзіўна: хуткая імпульсіўная мелодыя, ды яшчэ і танец пад яе здольныя хай нават не лекаваць, але проста ўздымаць настрой. Беларускім чытачам пашанцавала яшчэ больш — у нас з’явіўся свой адметны паэтычны антыдэпрэсант. Гэта кніга Віялеты Пачкоўскай “Арэхападзенне”. 

 

Сціплае выданне — усяго 28 вершаў. Чытанне кнігі не зойме шмат часу. Я правярала — калі ехаць на метро, яе хапае роўненька з Уручча да Кастрычніцкай (ды яшчэ і застанецца час, каб палічыць вершы ў змесце — гэта так, для статыстыкі). Але колькі пазітыву, усмешак аўтаркі, якія чытаюцца між радкоў, прыемных і простых адкрыццяў, уражанняў. І галоўная антыдэпрэсуючая рыса паэзіі Пачкоўскай у тым, што яна даказвае: усё галоўнае ў жыцці — проста. Бо нават шчасце — гэта ж як два пальцы”.

я кожны дзень шчаслівая

бо ты штораніцы просіш есці

а ноччу абдымаеш у сне

Проста — гэта заплюшчыць вочы і ляжаць у цёплым ложку, расказваць цікавыя гісторыі і бачыць сны. Проста — гэта хлеб з семкамі, “вецер і драўляная мэбля”, “ціхая музыка і раскінутыя рукі”. Проста — цалаваць снег на валасах і скрасці лыжачку з кавярні… на памяць, есці марозіва і гуляць басанож.

Ды што казаць, нават біблейскія вобразы тут нібыта спрошчаныя. І не грэхападзенне чалавека маецца на ўвазе — а так, арэх упаў з дрэва Пазнання. 

… спрабую намацаць 

тваю рабрыну

але ты не побач

да цябе пяць прыпынкаў

на падземным каўчэгу…

Геаграфія кнігі таксама нескладаная са сваімі адметнымі арыенцірамі: Амерыка, Вільня, дзе “тонкія вуліцы”, Галандыя, дзе алычовае марозіва, шкада толькі, што ў Парыжы (калі ты на метро пад’язджаеш да плошчы Якуба Коласа) памірае Дзед Мароз…

Анатацыя да кнігі чамусьці называе зборнік паэзіі Віялеты Пачкоўскай “сумнымі вершамі пра шчаслівае каханне”. Дзіўна. На мяне ён дзейнічае хутчэй як сродак для ўзняцця настрою. Хай сабе ў вершах і чуюцца часам сумныя ноткі, але яны працуюць не тое, каб увагнаць чытача ў дэпрэсіўны стан, а наадварот — нібыта служаць пацвярджэннем аптымістычнасці і радаснасці агульнага настрою зборніка. 

А навошта сумаваць? Усё самае добрае ў жыцці (а цяпер атрымліваецца, што і ў паэзіі) — проста!

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце