Цынік VS Рамантык

 

Кажуць, што цынік — той жа рамантык, але ўжо расчараваны жыццём. Па кнізе апавяданняў Севярына Квяткоўскага “Падарунак для Адэлі” складана вызначыць момант, у які адбылося тое самае знакавае “расчараванне” аўтара, пераход да новага бачання свету. 

 

У творах зборніка спалучаюцца і цынічныя, і рамантычныя рысы. Магчыма, гэта звязана з тым, што апавяданні (хоць і не ўсе творы, што ўвайшлі ў кнігу, я б аднесла да гэтага жанру) пісаліся аўтарам на працягу 10 год (раней публікаваліся ў розных перыядычных выданнях і ўжо з’яўляліся на інтэрнэт-сайтах). А магчыма, аўтар і сам яшчэ канчаткова не вызначыўся, да якога “лагера” далучыцца і каму прыняць прысягу на вернасць. Таму час ад часу ў яго творах цынік наступае на горла рамантыку, даводзячы сваё бачанне свету, але і рамантык часам досыць гучна просіць ратунку, і яго голас прабіваецца-такі да чытача.

Прызнаюся, складана нейкім чынам абагульняць абсалютна розныя творы. Іх яднаюць хіба толькі аўтар, вокладка кнігі і герой (ён з’яўляецца толькі ў некаторых расповедах) — загадкавы пісьменнік — мастак — авантурыст А. Але і гэты герой не пакідае ўражання цэласнага вобраза. Падаецца, яны проста цёзкі. Усе адзінаццаць апавяданняў, што ўвайшлі ў кнігу “Падарунак для Адэлі”, — абсалютна розныя па настроі, тэме, стылістыцы, інтанацыі, а твор “Страчаная старонка” я б увогуле назвала эсэ. Але вернемся да рамантычных і цынічных рысаў прозы Квяткоўскага.

Заўважаная заканамернасць: калі ўвечары герой нападпітку блукае па горадзе, то зраніцы ці праз няпэўны прамежак часу ён “знойдзе сябе”: а) падчас сэксу з незнаёмкай; б) адзін у ложку, але праз колькі хвілін з ваннага пакоя выйдзе аголеная прыгажуня і пахваліць яго творы; в) за ўспамінамі пра мінулыя вясёлыя гісторыі і ўсе прыемнасці п’янага баўлення часу; г) у віленскім пастарунку…

Пачнём з рамантыкі. Містычныя гісторыі, блуканні па лесе і па старым горадзе, рамансы ў лясным доміку, гісторыі кахання даўжынёй у жыццё, з расстаннямі, пакутамі, але з хэпі-эндам і шампанскім. Ці наадварот — пакуты ад здрады і жарснае жаданне забіць каханую. Але ці чалавечая яна істота? Ух, рамантыка, з усёй загадкавасцю і нечаканасцю развязкі.

Ды не так усё ружова і бязвоблачна ў апавяданнях Квяткоўскага. Заўважаная заканамернасць: калі ўвечары герой нападпітку блукае па горадзе, то зраніцы ці праз няпэўны прамежак часу ён “знойдзе сябе”: а) падчас сэксу з незнаёмкай; б) адзін у ложку, але праз колькі хвілін з ваннага пакоя выйдзе аголеная прыгажуня і пахваліць яго творы; в) за ўспамінамі пра мінулыя вясёлыя гісторыі і ўсе прыемнасці п’янага баўлення часу; г) у віленскім пастарунку… А потым? Потым як сапраўдны цынік будзе разважаць пра бессэнсоўнасць чалавечага існавання, даводзіць, што ўсе пачуцці, уласцівыя і іншым, ён сабе проста “дазваляе”. Карацей, забаўляецца. “А што яшчэ рабіць? — разважае ён. — Сказаць шчыра? Я ведаю. Бо ведаю самае цікавае, што ёсць у гэтым жыцці. Тое, што надае яму сэнс і асалоду, тое, што захапляе мяне і пазбаўляе самоты, — гэта смерць”.

Упэўнена, што калі неабазнанаму ў сучасным літаратурным працэсе чалавеку даць пачытаць “Фрашкі да пляшкі” і новы зборнік апавяданняў Севярына, то ён ні за што не паверыць, што гэтыя дзве кнігі напісаў адзін аўтар. Настолькі яны розныя па духу, стылістыцы, і, галоўнае, вобразе, настроі самога апавядальніка. Добра гэта ці кепска? Складана адказаць адназначна. Магчыма, добра, бо новая кніга выяўляе іншыя рысы асобы пісьменніка (іх можна было і раней прасачыць па асобных апублікаваных апавяданнях, але сабраныя пад адной вокладкай творы прапануюць, так бы мовіць, канцэнтраваную энергетыку). У такім выпадку варта чакаць наступных твораў Севярына, бо ўслед за шумнымі, вясёлымі “Фрашкамі да пляшкі”, цынічна-рамантычным “Падарункам для Адэлі” можа з’явіцца штосьці яшчэ больш нечаканае. 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце