Рэцэнзія на кнiгу: Original?1387278161
Турма і хвароба

Гэтая кніга была створаная паводле матываў перадачы "Свабода ў турмах", што выходзіла на Радыё Свабода ў 2010 годзе. Яе аўтар – прафесар Юры Бандажэўскі – шэсць гадоў правёў за кратамі па абвінавачванні ў спробе дзяржаўнага перавароту. Аднак, хутчэй за ўсё, Бандажэўскі пацярпеў за сваю навуковую дзейнасць, – напрыклад, гэта ён навукова абгрунтаваў уплыў малых дозаў радыяцыі на здароўе сэрца ў доўгатэрміновай перспектыве. 

 

Што можа турма зрабіць з чалавекам? Дакладней, што будзе з медыкам, калі яго пасадзіць у турму і прымусіць чытаць кніжкі па народнай медыцыне? Відаць, што нешта сапраўды страшнае: сэрца ные ад той сур'ёзнасці, з якой прафесар распавядае пра псіхічнае поле мозгу, пра кручэнні энэргетычных віхураў, пра макрабіятычнае харчаванне і сэксуальную энэргію. Дарэчы, прафесар Бандажэўскі высоўвае і эскізна абгрунтоўвае тэорыю, што менавіта праз Чарнобыль маладыя людзі на Беларусі не надта імкнуцца да сэксуальнай блізкасці, – і, ведаеце, нешта ў гэтым ёсць... 

Не нам судзіць аўтара – хто ведае, як бы мы праявілі сябе на ягоным месцы. Аднак пры чытанні перад намі паўстае не паважаны прафесар медыцыны, а дзіўны вязень, які корміць дажджавых чарвякоў у турэмнай бібліятэцы рознымі сартамі гарбаты. 

"Турма і здароўе" павінна была б стаць прыкладам і лёсам моцнага чалавека, што з годнасцю адбыў турэмнае зняволенне і перажыў у ім наступствы найцяжэйшых хваробаў (такіх, як гангрэнозны апендыцыт). Павінна была б – аднак насамрэч яна сведчыць пра нешта адваротнае: пра тое, як ненармальнасць абставінаў і ў прыватнасці чужая злая воля разбураюць нават самую моцную асобу, знаходзячы і ўядаючыся ў яе самыя дробныя слабінкі. Не нам судзіць аўтара – хто ведае, як бы мы праявілі сябе на ягоным месцы. Аднак пры чытанні перад намі паўстае не паважаны прафесар медыцыны, а дзіўны вязень, які корміць дажджавых чарвякоў у турэмнай бібліятэцы рознымі сартамі гарбаты. Гэта каб захаваць цвярозасць думкі, кажа сам герой, аднак ці сапраўды ў яго атрымоўваецца?

Дзякуючы свайму магутнаму інтэлекту і волі, нават з жоўтых кніжачак пра ёгу ды энергіі прафесар выводзіць нейкі сэнс, якімі б вар'яцкімі ні падаваліся некаторыя яго ідэі. У рэшце рэшт, шкодных парадаў тут няма: фізічныя і псіхічныя практыкаванні, апісаныя ў кнізе, горш не зробяць. "Сістэма Бандажэўскага" – даволі нявінная генерычная мікстура з гімнастыкі ды аўтатрэнінгу: калі гэта рабіць штодня, то, пры астатніх спрыяльных абставінах, сапраўды зробіцца лепш. Бо што яшчэ застаецца рабіць, калі ты ў турме?

Кніжку выдатна дапоўнілі каментары з інтэрнэт-форуму сайту Свабоды. Іх пакінулі і тыя, хто падзяляе карціну міра прафесара, і тыя, хто яе не прымае. У каментарах прамаўляецца і рэлігійны светапогляд, і традыцыйна-навуковы, і палітычныя меркаванні, і турэмны вопыт іншых сядзельцаў, што неабавязкова супадае з аўтарскім. Менавіта гэтая паліфанія галасоў і стыляў надае кніжцы літаратурнае вымярэнне і, ратуючы яе ад лёгкага вар’яцтва, пераводзіць шызафрэнічнасць у кантэкст літаратурнага прыёму. Толькі ў гэтым кантэксце могуць быць  адэкватна ўспрынятыя калянавуковыя размовы пра шлях "анус-галава" (Дэлёз і Гуатары?). Але тут гучаць і скепсіс, і падтрымка, і аргументы самога прафесара, і новыя тэмы для абмеркавання, напрыклад, ці можа кожны з нас стаць турэмнікам? У гэтым дыялогу – дакладней, палілогу – прагаворваюцца вельмі простыя, аднак не менш важныя рэчы: пры любых абставінах заставайцеся людзьмі, дапамагайце сваім асуджаным і – наколькі гэта магчыма – самім сабе. "Якая розніца, дзе змагацца за сябе, – у турме ці на волі?" – заўважае адзін з каментатараў. 

"Турму і здароўе" можа разглядаць як non-fiction – яго ў параўнанні з сусветнымі ды суседскімі літаратурамі беларускаму кніжнаму рынку надта бракуе. Гэта надзвычай экспрэсіўная публіцыстыка пра выжыванне ў экстрэмальных умовах, – няхай сабе і трохі "з пункцікам". Гэта сведчанне з першых вуснаў, - а сведкаў не судзяць...

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце