Рэцэнзія на кнiгу: Original?1379459177
Валасы пад сярпом тваім

(Спроба зьдзейсьніць рэцэнзію)

Можа быць, добра, што я не знаёмая з Вольгай Гапеевай. Хутчэй за ўсё, яна б завабіла мяне сваімі тонкімі жартамі ды даўгімі русымі валасамі, мы б выпілі разам колькі сардэчных кропель паўсухога чырвонага, і шлях да крытыкі Вольгі Гапеевай мне быў бы зачынены на векі вечныя. Можа, у гэтым і ёсьць нескладаны сакрэт таго, што інтэрнэт поўніцца крытыкаю гендэрна непапраўнага жыцьця – ад самой Гапеевай, любоўнымі запрашэньнямі на прэзэнтацыю ейнай ужо чацьвертай кнігі – яшчэ 21 сьнежня, але водгуку на гэтую кнігу не знайсьці, колькі ні шукай. Усе любяць Волю Гапееву – тлумачу я сабе такую адсутнасьць і вырашаюся зазірнуць у ейную нядаўнюю кнігу вершаў, а заадно завесьці туды цябе, дарагі чытач, разгублены між паліцаў сучаснае беларускае паэзіі ў падобных адная да адной мяккіх вокладках.

 

І вось яна перад табой, аматар вершаў і куплетаў, кніга “Прысак і пожня” — дзівосная назва, што азначае спалучэньне гарачага попелу з асірацелым пасьля дажынак полем. На вокладцы традыцыйныя для Гапеевай намёкі на цялеснасьць, жаноцкасьць і даўняе змаганьне ейных мастацкага ды плоцкага “я”. Каторае ж больш сымпатычнае? — паспрабуе некарэктна заляцацца маладзён у ігрыстым трыко. Але Гапеева вядзе строгім брывом: некарэктным заігрываньням тут ня месца, тут вядуцца сур'ёзныя размовы, любоўная лірыка зь дзьвюх вялікіх “Л”.

Гапеева – модная сучасная паэтка, прамаваньне чарговых вершакуплетаў (бяз рыфмы) яна пачынае ад буктрэйлеру, дзе набор з розных твараў пад чорна-белым фільтрам чытае па радку верш пра гарызанталь ды вэртыкаль. У канцы – зь ледзьве не твін-піксаўскім саўндтрэкам – зьяўляюцца Валасы аўтаркі. Гарачы прысак, пустая пожня, вецер ірве натуральны шоўк расплеценае беларускае касы. Паэтычна.

Празь нейкі час адчуваеш сябе крыху няёмка – быццам без асаблівай нагоды ўлез у чыюсьці перапіску.

Першае, з чым сутыкаесься ў самым пачатку зборніка – той самы верш пра гарызанталь ды вэртыкаль дарогі. Не замоцна мэлядычны, затое вобразна цэльны твор пра бела-чорную рысу на шэрай дарозе жыцьця. Мастацкае “я” зьнікае за даляглядам, паэт памірае з кожнаю апошняй кропкай кожнага асобнага верша. Зрэшты, паміраць рана, наперадзе цэлы зборнік, дзе мастацкае “я” і мужчынскі суб'ект цягам разьдзелу першага “пожня” будуць жыць калі і ня надта насычанае, то, прынамсі, ня самае кароткае жыцьцё.

Адразу папярэджваю: я не лічыла ў адсотках, але вершаў, адрасаваных дзявочым (кабечым) “я” хлапечаму (мужчынскаму) “ты” у “пожні” – большасьць. Празь нейкі час адчуваеш сябе крыху няёмка – быццам без асаблівай нагоды ўлез у чыюсьці перапіску, дзе, апроч шыфраў і кодаў мастацкай задумы, наканавана сустракацца і са звычайнай бытавухай. Жыва ўяўляецца, проста бы зь “лістоў у вашую рэдакцыю”, як “ён” пакрываецца алергічнымі плямамі ад ейных пачуцьцяў, уцякае ад “яе” ў іншыя краіны, ня піша адтуль нават кволай эсэмэскі, а “яна”, відаць, уся ў халаце і раздражненьні, крыўдзіцца і піша-піша-піша, хоць “ён” маўчыць, седзячы за кампом. Ну і гэтак далей, чытаць такое нудна. Ня ведаю, як ты, дарагі чытач, замарожаны намі ля непрыкрытых карэньчыкаў кнігараннага стэляжу, але я шукаю ў вершах магіі і музыкі, калі ты гэткі ж – нам давядзецца пашукаць яшчэ.

Пойдзеш на чарговую прэзэнтацыю, дарагі чытач, парай аўтарцы не грувасьціць словы – таленту ў яе хопіць і на простую, як каляровы “лега”, канструкцыю. 

Узнагарода за пошукі чакае нас у разьдзеле другім пад назовам “прысак”. Тут раптам паўстаюць іншыя, куды больш разнастайныя тэмы, чым якоесьці каханьне слаба апісаных дваіх, якія ніяк ня знойдуць сабе шляхоў насустрач. З гэтага моманту (акурат пераваліла за палову кнігі) з намі здараецца магія, і наступныя вершы пераважна гучаць пад музыку. І гэта не маркотнае даўнтэмпа, а штосьці як “A Hard Day's Night”, з дарожнымі парыпваньнямі, па радыё ў аўтамагнітоле. Кіруемся, безумоўна, на ледзьве бясьпечнай хуткасьці, да халоднага мора, якога гэтак не стае ў нашай краіне. Ад Гапеевай у ейнай частцы-2 мы даведваемся, што прысутнасьць мора ў Беларусі сканчаецца разам зь дзяцінствам, а выбар – не блуканьне між плоскасьцямі, а права спыніцца на канкрэтным прыпынку. Ці паехаць далей. Няхай даруе аўтарка нам гэтак фрывольныя інтэрпрэтацыі. Мы сашлемся на магію і музыку, урэшце, было б нашмат горш, каб б яны тут ня дзейнічалі і над намі не панавалі.

Безумоўна, часам чытаць Гапееву, як і кожнага аўтара, што абірае сабе формаю бясформенны, белы і пазбаўлены пунктуацыі ды рыфмапляценьня верш, да невыноснага цяжка. Вершы, задума іх, а разам зь імі магія з музыкай апынаюцца хутчэйшымі ды больш магутнымі па ўзьдзеяньні, чым адвольная форма, якая па выніку і катуе нас, робячы сваёю ахвярай. Пойдзеш на чарговую прэзэнтацыю, дарагі чытач, парай аўтарцы не грувасьціць словы – таленту ў яе хопіць і на простую, як каляровы “лега”, канструкцыю. 

Пра каханьне ж і час, нягледзячы на ўсю першую частку, у спадарыні Волі атрымалася гэтак нечакана сказаць практычна ўсё ў кароткім вершы, дзе ізноў валасы, пожня чыёйсьці кароткай фрызуры, а радасьць добрасуседнічае з пачуцьцём непакою. Заінтрыгаваных кірую на старонку “42”, музыку і магію мы тут кавалкамі не раздаем.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце