Варшаўская сірэна і яе дыскаграфія

І каню вядома, што новая беларуская паэзія ў большасці сваёй – жаночая. Прычым кажу пра лепшую яе частку: так бы мовіць, квадратна-гнездавую. Іншая справа, што паэткі, як правіла, неяк троху цішэй сябе паводзяць на публіцы, і іх галасы слаба чутны ў агульна-басавітым слэм-хоры. Але гэта ніяк не змяншае вартасць іх тэкстаў.

 

Тут можна доўга разважаць пра мужчынскую і жаночую паловы чалавечага свету, улезці ў гендарныя стэрэатыпы і быць закіданым шапкамі. Я – не буду. Урэшце, жанчына – таксама чалавек. Сутнасць і функцыя паэзіі ніяк не змяняецца са зменай полу таго, хто распавядае сваю гісторыю.

Чытаў вось надоечы дзве кніжкі: “Сірэны спяваюць джаз” Таццяны Нядбай і яшчэ адну, не буду называць аўтарку, але той, апошняй, усяго 25 гадоў, і стала мне аж вусцішна – да якой жа ступені ў розных сусветах могуць жыць паэткі з аднаго і таго ж пакалення. І ўся наша літаратурная карта, фактычна, такое ж раскінутае шырока мора шаблоннай вершапіснасці, на якім ледзь выступаюць выспачкі нестандарту, якія не жадаюць пісаць вершы па ГОСТу, бо гэта раўназначна пагосту.

Упершыню вершы Тані Нядбай я чытаў, здаецца, у “Нашай Ніве” гадоў дзесяць таму. І вось, нарэшце, кніжка. Тут можна многа разважаць пра запозненыя кніжныя дэбюты, да якіх паэты новай хвалі нярэдка прыходзяць раззлаваныя на ўвесь свет і спустошаныя вайной з самімі сабой і з выдаўцамі. У Нядбай, здаецца, была весялейшая сітуацыя: доўга не маглі ўгаварыць выдаць кніжку, а як толькі ўгаварылі, то зборнік выйшаў дастаткова хутка – дзякуючы Беларускаму ПЭНу, які падрыхтаваў макет, і кампаніі “Гавары праўду”, якая прафінансавала друк.

Вершы звязаныя яшчэ і развіццём падзеяў, спадарожных каханню: ад знаёмства і першай прыязнасці да расстання. 

Варшаўскі шлях, па якім Таццяне давялося пайсці ў адваротны бок, дазваляе назваць яе дзяячкай беларускай эміграцыі. Але такія любасныя для эмігранцкай лірыкі матывы “тугі па радзіме” зборніку “Сірэны спяваюць джаз” не надта ўласцівыя. І можна нават казаць, што гэта адмыслова зроблена, бо й з тых двух “Чорна-белых вершаў”, якія прагучалі ў памятным праекце, адзін – якраз сацыяльны – не трапіў у кнігу. Хоць верш выдатны. Трэба думаць, што зборнік будавалі ў нейкім сэнсе як адзін макра-цыкл вершаў, і супрацьважнае задуме ў часе рэдагавання бязлітасна выкрэслівалі і выдалялі. Паказальная тут і анатацыя да кніжкі: “Дэбютную кнігу Таццяны Нядбай складаюць вершы ў жанры – як сказалі б падручнікі – інтымнай лірыкі. Напісаныя ў розныя гады, прысвечаныя розным людзям, натхнёныя рознымі падзеямі, вершы гэтыя тым не менш складаюцца ў цэльную гісторыю: чакання, кахання, расстання – але, самае галоўнае, гісторыю акрыяння і спакою. Прапануем перажыць гэтую гісторыю разам з аўтаркай”.

Да такой добрай анатацыі амаль няма чаго дадаць, але прамоўлю і я пару слоў. Такім чынам, кніга, хоць і невялічкая (а можа, якраз дзякуючы гэтаму), мае свае жорсткія рамкі: гэта цыкл вершаў са сваім сюжэтам: вершы, аб’яднаныя тэматычна, звязаныя яшчэ і развіццём падзеяў, спадарожных каханню: ад знаёмства і першай прыязнасці да расстання. Аднак гэтая сімпатычная і бясспрэчная сюжэтнасць кнігі мне якраз крыху і засціць самакаштоўнасць кожнага твору. Можа, не засціць, а ідзе побач, сюжэт + сама паэтыка Нядбай.

Таццяна, канечне, неверагодны майстар метафары. Іх можна збіраць у зборніку прыгаршчамі і захапляцца, як каштоўнымі каменьчыкамі, і, думаю, некалі магістранткі-аспіранткі так і будуць рабіць, але мне больш даспадобы тое, што самая гэтая шчыльная метафорыка стварае іранічна-гуллівы флёр, які для інтымнай лірыкі, бадай, неабходны. То бок метафара ў зборніку не даецца як самамэта, як не ёсць самамэтай і гульня сугуччаў, але ўсе разам яны – метафары, сугуччы, анжамбманы – ствараюць з аскепачкаў партрэт самой аўтаркі, паказваюць зменлівасць, іскрыстасць яе настрою, унутраную імклівасць і разняволенасць. І гэтыя зменлівасць, прытуманенасць працінаюць усе вершы зборніка: тут шмат неканкрэтыкі, нібыта нехта расказвае гісторыю, але пастаянна хоча “сказаць іншымі словамі”, не наўпрост, не ў лоб. Гэтую боязь канкрэтыкі пецярбургскія фармалісты сто гадоў таму абумовілі дысанансам паміж мовай паэтычнай і мовай практычнай, калі мова паэзіі вымушана супрацьстаяць побытавай мове і раскрывацца на кантрасце. Так і тут, у вершах Таццяны Нядбай, ды і не толькі ейных, але і ў многіх-многіх паэтаў, якім хочацца “ўпрочкі ад явы”.

Тут многае натхнёнае падарожжамі, нібыта самі вершы ў дарозе і пісаліся, як у таго валацугі-Віёна

Можа, у каго складзецца з напісанага ўяўленне пра незразумеласць і ўскладненасць вершаў Нядбай. Гэта зусім не так: паэтыка там абсалютна празрыстая, і той ланцужок, за які чапляешся, пакуль глытаеш вершы: метафара-алітэрацыя-анжамбман – ніяк не замінае ўспрыманню.

Акрамя ўласна любоўнага сюжэту, тут многае натхнёнае падарожжамі, нібыта самі вершы ў дарозе і пісаліся, як у таго валацугі-Віёна. З тым толькі дапушчэннем, што валацужніцтва ў цягніках і самалётах – гэта ўжо з’ява ХХІ стагоддзя. Прычым гэтыя дарожныя вершы ў Нядбай значна адрозніваюцца ад звыклых “дывертысментаў”: тут нават няма пазнакі на горад ці мясцовасць, усё гэтаксама туманна і загадкава, як і ў скразным інтымным сюжэце кнігі, і ад таго – па-новаму гучыць. Урэшце, уся кніжка гучыць – яна як мелодыя, і чытаць яе варта так, як слухаюць добрую музыку, – то бок з павагай да аўтара, у цішыні. Можа быць, на самоце.

Так што – рэкамендую.  І наагул, спадарыні Вальжына Морт, Ірына Бельская, Ярына Дашына, Ганна Аўчыннікава, Наста Кудасава – давайце хутчэй выдавайце нешта новае, бо пакуль вы спіцё ў шапку, Таццяна Нядбай ужо вас абскакала.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце