Варыяцыі на тэму вечнасці

"Сіні карабель у блакітным моры плыве". Назва кнігі ў канкрэтным значэнні ніяк не тычыцца падрожжа доктара Зайца і прафесара Солада на планету-Чучундру альбо шпацыраў галоўных герояў па зменлівым Мінску. Вядома, гэта метафара, якую кожны можа разгадаць па-свойму. Пачнем з таго, што сіні колер не вельмі натуральны для карабля: карабель, верагодна, белы ці карычневы, калі зроблены з дрэва. Але сіняе і блакітнае – гэта не чырвонае і чорнае і, тым больш, не чорнае і белае. Гэта фарбы, блізкія ў колеравым коле – як блізкія між сабой зіма і вясна, сон і ява, жыццё і нябыт. Адпаведна, у кнізе Сяргея Дубаўца больш адценняў, чым кантрастаў. І калі на даляглядзе сіні карабель зліваецца з блакітным морам, то гэтаксама зліваюцца разам чалавек і зямля, па якой ён ходзіць.

 

"Шукальнікі вечнасці" – ужо бліжэй... Зрэшты, людзі ў кнізе не вельмі істотныя, сапраўдную значнасць маюць месца і час. Шматлікія пераўтварэнні персанажаў патрэбныя хутчэй, каб твор быў чытэльным, бо ў мастацкай прозе нават нявызначанага жанру нешта абавязкова павінна здарацца. Героі блукаюць у часе, іх кампанія пашыраецца, а імёны змяняюцца, але асобна пра кожнага складана сказаць нешта канкрэтнае. Самы светлы персанаж – гэта Зоя ("радасць, жыццё") – з яе з'яўленнем  пачынае гучаць музыка, а зіма саступае вясне ("Увогуле русалак у гэтым краі ніколі не клікалі Зоямі. Называлі Сафійкамі або Зосямі. Але гэта было сто гадоў таму".

Самы індывідуалізаваны герой – літаратар Дон Катаяма. Ён не толькі дзейнічае ці выказвае слушныя меркаванні, але і надзелены асабістым мінулыммае лаканічна азначаны ўнутраны свет. Калі многіх беларускіх пісьменнікаў можна заўважыць у імкненні да "глыбокага псіхалагізму", то Сяргей Дубавец тут безумоўнае выключэнне. Як і ў многіх ранніх апавяданнях, персанажы "Сіняга карабля..." – вобразы, вытворныя ад ідэі і сюжэту. Галоўнае, што размовы герояў заўсёды арыгінальныя ці глыбокадумныя. Чытач, які трапляе ў фантасмагорыю, будзе лепш пачувацца ў кампаніі разумных людзей.

"- Ды падурэлі ўсе праз гэтага чалавека без галавы, - адказаў Дон Катаяма, – ці вы чулі самую апошнюю вэрсію? Нібыта гэта наш Прэзыдэнт.

Усе азірнуліся.

– Ну, доля праўды ў гэтым ёсьць, – заўважыў прафэсар Солад. – Калі ўсіхная ўвага прыкутая да аднае пэрсоны, нічога дзіўнага, што і кожны іншы аб'ект такой увагі асацыюецца з Прэзыдэнтам. Нават калі ў аб'екта няма галавы".  

Вядома, аўтар не мае на мэце ўразіць чытача рэалістычнасцю апісанага, яго мастацкі свет заўсёды ўмоўны. Пісьменнік нібыта глядзіць кінознятае па ўласным сюжэце – хутка апісвае дзеюзрэдку каментуе яе, а галоўную ўвагу прысвячае запісу дыялогаў. Усё, што адбываецца на экране, прыдуманае, несапраўднае, публіка выдатна гэта разумее, таму не варта губляць час на натуралістычныя дэталі. Аўтар ведае, што павінны рабіць і казаць персанажы, але часам турбуецца за іх, патурае ім, дазваляе сябе падмануць. Альбо перапыняе аповед развагамі пра іх лёс"Што будзе далей? Магчымыя варыянты"... 

Здараецца, што абставіны вакол герояў складаюцца не лепшым чынам, і за іх сапраўды можна спалохацца. Але ў тым ці іншым вымярэнні іх гісторыі ўсё адно працягваюцца, проста па волі аўтара персанажы "патрапілі ў пракрутку часу". І таму то сустракаюцца ў шпіталі-палацы, які нагадвае Нясвіж, то апынаюцца на дзіўным балі, дзе Эдвард Вальсынгам раздае лёсы. Прастора і час бясконца скрыжоўваюцца і разбягабюцца, апынуцца ў адным месцы можна ў абліччы свайго двайніка з іншай гісторыі альбо ў іншым узросце (і, напрыклад, пазнаць сябе маленькую). Падзеі разгортваюцца на абсягах сучаснай Беларусі, але пра будучыню краіны чытач даведваецца паступова

Каб зрэшты зразумець, што адбываецца ў новай кнізе Сяргея Дубаўца, вылучым асобныя перыяды ў храналагічнай паслядоўнасці.

  1.  Час сённяшні. Беларусы стаяць у чэргах, глядзяць высмактаныя з пальца навіны, жывуць несамабытна"без самабытнасьці было прасьцей, за яе ня трэба плаціць. Самабытнасць, як вы ведаеце, каштуе"
  2. Блізкая будучыня. "Жыццё складаецца пераважна з медыйнай прасторы". Але раптам знікае святло, надыходзіць зіма, і ўсё кардынальна змяняецца. Крыху раней у трох чалавек на даху генштаба расплюшчваецца трэццяе вока, і робіцца магчымай вечнасць. Гэтым эпізодам скончваецца кніга, але не гісторыя.  
  3. Далёкая будучыня. Людзі "усё глыбей лезуць у светабудову" і скрыжоўваюць беларусаў з хлебакаровацягніком, а потым і з самой планетай. Беларусаў абіраюць для мутацыі як самы бесперспектыўны народ – народ, які "найменш за іншых хоча быць самім сабой". 
  4. Стагоддзе пасля таго, як беларускі мастак Марачкін намаляваў Чучундру. Краіна скаваная страхам перад доктарам Блюмам: усё забароненае падаецца непамысным, але варта толькі парушыць рэгламент, як пачынаецца шчаслівая вясна. Гэта падзея адбываецца ў першай частцы кнігі ("Зімовая казка"): жаўнеры Кайлюс і Зелба вяртаюць да жыцця Зою, і дзяўчына робіцца адзіным персанажам, які асэнсоўвае сваё вандраванне па часе.

Да гэтай храналогіі можна зрабіць безліч удакладненняў. Так, калі Зоя апынаецца ў Мінску сваёй маладосці, то рыхтуецца "пачуць галасы ўласных дзяцей з далёкае будучыні". Аднак сямейнае жыццё ў дачыненні да дзяўчыны з валадарства доктара Блюма павінна быць альтэрнатыўным глыбокім мінулым... Схематычнае выяўленне сюжэту ў каардынатах прасторы і часу можа быць доўгім займальным заняткам, і добра, што кніга падзелена на шэсць частак: гэта значна спрашчае першаснае ўспрыманне. 

Беларусь у вечнасці – новы аспект для нашай часам прынцыпова прыземленай прозы.

Часткі твора размяжоўваюцца ўрачыстымі сімфанічнымі паўзамі. Чытач разам з аўтарам услухоўваецца ў гучанне валторны, габояў, фартэпіяна, разважае пра класіку, вечнасць і гукі канца ў самым пачатку. На апошніх старонках раптам пачынае здавацца, што не музыка перапыняе расповед, а сам твор ёсць водгукам музыкі, варыяцыяй на тэму вечнасці. 

Пошукі вечнасці – тэма вечная, і паведаміць нешта новае тут дастаткова складана. Напрыклад, пра тое, што бессмяротнасць – зусім не радасць для чалавека, распавёў яшчэ Джонатана Свіфт у трэцяй частцы "Падарожжаў Гулівера". З іншага боку, вечнасць і Беларусь, Беларусь у вечнасці – новы аспект для нашай часам прынцыпова прыземленай прозы. Па мастацкай задуме "Сіні карабель..." у нейкіх момантах блізкі да "Хвілінкі" Ігара Бабкова. Так, падзеі абедзвюх кніг адбываюцца ў сталіцы, персанажы вандруюць па часе, а галоўныя героі – невялікая кампанія, згрупаваная вакол адзінай дзяўчыны (праўда, у "Хвілінцы" аўтар прысвячае значна большую ўвагу асабістым стасункам і ўзаемным сімпатыям). Пісьменнікі звяртаюцца да беларускай сучаснасці, але ў кантэксце вечнасці праблемы робяцца не нагодай для істэрыкі, а чарговым звяном у лацужку гісторыі, непазбежнасцю, вынікам дарэшты невызначаных чыннікаў. У "Сінім караблі..." і ў "Хвілінцы" можна аднолькава адпачыць ад неўратычнага абурэння беларускім жыццём і дапусціць магчымасць рознага стаўлення да рэчаіснасці. 

"– Ат, халера! – ускрыкнуў прафесар Солад. – Зьнесьлі! Тут была прыгожая пажарная бакшта мінулага стагодзьдзя! Як можна зносіць тое, чаго не будаваў! Ды што ж ім ўсё не сядзіцца, герастратам гэтым!

"А, можа, вечны горад, як і вечны чалавек, - мёртвы? – думала пра сваё Зоя. – І таму наш горад з усяе моцы змагаецца са сваёй вечнасьцю, каб застацца жывым? І тут хаваецца прычына нашай любові і нашага непаразуменьня? (...)"

 Магчыма, – сказаў Дон Катаяма. (...) – Падумаўшы, ня можа пажарная бакшта стаяць вечна. А колькі яна прастаіць? Сто гадоў? Пяцьсот? Тысячу? І рана ці позна яе ўсё адно зьнясуць. І нехта абавязкова будзе абурацца, што зносяць ня тыя, хто будаваў. Але тыя й ня могуць, пакуль не пачнуць жыць вечна..." 

Для традыцыйнага чытача, які бярэцца за кнігу з мэтай нешта для сябе зразумець і нешта па-новаму ўбачыць, роздумы герояў пра сучаснасць – галоўная нагода, каб разгарнуць "Сіні карабель...". У выказваннях Зоі і Дона Катаямы можна пазнаць уласныя думкі, але часцей за ўсё персанажы ацэньваюць рэчаіснасць вельмі адмыслова. Многія іхнія рэплікі надоўга застаюцца ў памяці, тым часам як бясконцыя пераўтварэнні нагадваюць блытаны кепскі сон, дзе настойліва намагаешся прыгадаць нядаўна ўбачанае, а выпадковыя мінакі маюць пазнавальныя  абліччы. Вядома, кепскі сон забываецца хутка. У "Сінім караблі..." нямала аўтарэфлексій над тэкстам і яго героямі, прычым пісьменнік дапускае самыя крытычныя ацэнкі:

"Калі раней чалавек дачытваў кнігу з уражаньнем вялікай любові, што надае сэнс усяму на сьвеце, у тым ліку, і ягонаму жыцьцю, дык сёньня – як пацярухі паперабіраўшы... Герояў або няма, або яны нейкія недаробленыя, недагероі. Застаецца адно пытаньне: чаму як станоўчы герой, дык абавязкова без галавы?"

Зазначым, што ў кнізе ёсць два персанажы без галавы: рыцар Януш Чартарыйскі і мутант доктар Блюм, які мае галаву мядзведзя. Ці гэта выпадковасць? Цяжка сказаць, бо "Сіні карабель" прынадны найбольш для чытача, якому падабаецца вышукваць культурныя коды, супастаўляць цытаты і вызначыць змест галоўных канцэптаў. Пасля знаёмства з творам можна доўга блукаць па старонках, і разгадваць "што хацеў сказаць аўтар". Рабіць гэта вельмі карысна, бо і сённяшняе, і будучае прадказальна апынаюцца тут менш значнымі за вечнасць. Кніга змяняе лад думак, дапамагае супакоіцца і ўзняцца над рэчаіснасцю – прынамсі, на вышыню генштаба. Замест гарадскіх дамоў, могілак і цяжкіх вайсковых машын будуць бачныя толькі мора і карабель. А недзе побач зайграе дзівосная музыка. 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце