Рэцэнзія на кнiгу: Original?1471934677
Вяслуючы да Радасьці

Увесь час думаю, чаму ў Ясі, галоўнай гераіні новага рамана Віктара Марціновіча “Возера Радасьці”, усё так кепска складаецца? Чаму яе выплюнула спачатку сям’я, потым грамадства ды краіна, свая і чужая? Няўжо без такой даведзенай да абсурду драмы не атрымалася б у аўтара добрага твору? І згадваю, што героі астатніх чатырох раманаў такія ж беспрасветна самотныя і вырачана нешчасьлівыя. Пачынаючы ад “Параноі”, Віктар Марціновіч зьмяшчае арэну дзеяньня на апошнім з колаў пекла, каб адтуль, бы з калодзежа, героям было бачна галоўнае – Млечны Шлях, Арыён і Месяц, каб свабода вымяралася “пашчыпваннем марозу ў носе”, а шчасьце – “магчымасьцю ісці ў любы бок, на свой густ”. Відаць, адмоўны досьвед, пакуты і страты маюць больш значэньня ня толькі для таго, каб выбудоўваць прыцягальную сюжэтную стратэгію, але ўвогуле для разьвіцьця асобы, для таго, каб нешта важнае зразумець і нешта па-сапраўднаму адчуць. Аўтар хоча зацягнуць нас у прыдуманы ім апакаліпсіс – да жаху пазнавальны – і нагадвае нам, што жыцьцё – гэта не развагі і не слаёныя пірожныя з масляным крэмам ва ўтульнае кавярні на праспэкце. Калі яно паварочваецца да цябе сваім цёмным бокам, то ператвараецца ў поўны пераадоленьняў і выпрабаваньняў Шлях.

 
 

Дзеяньне “Возера Радасьці” адбываецца ў чатырох зусім па-рознаму літаратурна афарбаваных лакацыях: крывадушны Мінск з прыкрай мачахай, з «усебаковым» факультэтам журналістыкі і гратэскным БТ; казачныя Малмыгі з бібліятэкай і музэем – рэчамі ў сабе, з цудоўным дрэвам жаданьняў і жыхарамі, якія існуюць у асаблівым паганска-савецкім часе; сьцюдзёная беспрытульная Масква з індустрыяй выпрацоўкі душэўнага цяпла, якая, як ня дзіўна, аказваецца  да Ясі самай прыязнай; а таксама інтэлектуальна-чысьценькая Вільня, што ня згодная бясплатна ратаваць чалавека, які памірае, і адштурхоўвае нашую гераіню.

Літаратурны археоляг Марціновіч кожны раз знаходзіць кранальную гісторыю-пэрліну.

“Мінскі” эпізод на Беларускім тэлебачаньні са сваім “простым” этэрам у запісе працягвае саркастычны матыў, распачаты ў “Мове”. Падобным рэпартажным блокбастэраўскім чынам с захопам людзей скончыцца адна з сюжэтных лініяў. Прыцягальная студэнцкай рамантыкай віленская гісторыя нібыта ўвасабляе сабой другую, жаночую, частку віленскіх старонак “Сьцюдзёнага выраю”. Але мне больш за ўсё блізкія мытарствы Ясі ў Малмыгах, якія пераклікаюцца з распачатым ў “Сфагнуме” эзатэрычным матывам, і дадаюць яшчэ адзін важкі каменьчык у мур новай беларускай міталёгіі. У тэксце ёсьць даўжэзная цытата з нейкага прафэсара Курапаташкіна, які спасылаючыся на Яна Баршчэўскага, дасьледуе культ Сьпячай Князёўны, Царыцы Нябеснай і Зямной. Літаратурны археоляг Марціновіч кожны раз знаходзіць кранальную гісторыю-пэрліну і з дапамогай гіпэртэксту ды “штучна навуковага” падыходу робіць свае знаходкі праўдападобнымі, ствараючы ўражаньне, што ўсё сур’ёзна і насамрэч. Шчыра кажучы, хочацца верыць у створаны міт і не расчароўвацца ў ім ніколі, маўляў, Let it Be.

Усе вобразы жывых рэальных жанчын вымаляваныя з нейкай пагардай.

Дзякуючы сваёй дзвюхмоўнасьці і кранальнаму сюжэту, кніга мае шанец пераадолець вузкае чытацкае кола тактоўных сталічных інтэлектуалаў, і тады можа скласьціся так, што падчас вандроўкі аўтара ў якія-небудзь малмыгі, дзяўчыны закідаюць яго гнілымі памідорамі, абурыўшыся з той нагоды, што ў рамане ўсе вобразы жывых рэальных жанчын вымаляваныя з нейкай пагардай. На думку аўтара, архэтыпнай мачыхі-монстра ў якасьці адмоўнага гратэскнага персанажа ў кнізе недастаткова. Малмыжскія знаёмыя Ясі – безнадзейна адсталыя і камічныя аматаркі жоўтага часопіса “Жыцьцё”. Бібліятэкарка Аліса, якая марыла адкрыць салон прыгажосьці ў Магілёве, зацяжарыла ад вясковага “крэпенькага агурка”і засталася ў Малмыгах, відаць, назаўсёды. (Мы даведваемся, што з Малмыгаў многія хочуць уцячы, але далёка ня кожнаму гэта ўдаецца). Суседка Валька ня бачыць сабе лепшага лёсу, чым выйсьці замуж за якога-небудзь старшыню райвыканкама. Самай інтэлектуальнай гераіняй Малмыгаў аказваецца “паўнаватая жанчына, якая сорак гадоў таму магла быць выдатнiцай, дваццаць гадоў таму – чыноўнiцай, а цяпер, стамiлася выконваць ролi i ператварылася ў тую, кiм хацела стаць заўжды – проста ў бабулю”. Ні ў чым не вінаватай кіраўніцы італьянскай рэстарацыі аўтар прыпісвае псарыяз і статус “нэрвовай бляндынкі”. Ён не пакідае ніякага шанцу на “ўратаваньне” калегам Яніны па клюбным цэху ў Маскве – гратэскныя гераіні адваротнага боку маскоўскага гламуру вырачаныя на перакручанае няшчырае існаваньне. Нават галоўная гераіня, якую аўтар настойліва называе каратканогай, упэўненая ў сваёй непрывабнасьці. (Забаўна, што расейскія выдаўцы і рэцэнзенты параўноўваюць Ясю са Скарлет А’Хара. Мне яна больш нагадвае андэрсаўскую дзяўчынку з запалкамі). Мужчынскія ролі ў рамане выпісаныя больш калярытна і зь веданьнем справы. Некаторым раздадзеныя шматслоўныя высокалітаратурныя рэплікі. Маскоўскі мадэльер Рустэм, які захапляецца комінамі, і ўніверсітэцкі прафэсар Даніэль Бруль, які глыбока перажывае свае раманы, размаўляюць як па пісаным.

Цікава, як складаецца гісторыя з псіхалягічнага пункту гледжаньня. Як дзіцячая траўма кінутай дачкі адлюстроўваецца на досьведзе ўсяго ейнага жыцьця. У дзяўчыны няма ні сям’і, ні сяброў, ні каханых. Яе жыцьцё – гэта дарога, і таму ўсе, з кім яна ўзаемадзейнічае – хутчэй спадарожнікі, якія пакідаюць Ясі кроплю свайго жыцьцёвага досьведу і надзею на тое, што Царыца Нябесная і Зямная, якая шкадуе ўсіх, каго няма каму шкадаваць, і Возера Радасьці існуюць. Вера ў гэтую казку дае ёй магчымасьць рабіць наступны крок па балючым і поўным непераадольных цяжкасьцяў, абсурдным і варожым жыцьці.

Мабыць, дзякуючы гэтай гіпертрафаванай катастрофе, шмат хто з нас адчуе катарсіс

Калі прыгледзецца, шлях Ясі да радасьці не такі ўжо і змрочны. У ім нямала жорсткіх падзеяў і пабояў лёсу, якія гераіня, якая прызвычаілася не чакаць ад жыцьця нічога добрага, мужна трывае, парыруючы кароткімі і нечакана вострымі, пазбаўленымі ўсялякай рамантыкі рэплікамі – унутраны маналёг дзяўчыны моцна адрозьніваецца ад таго, што яна прамаўляе. Але ўзамен яна атрымлівае досьвед вандроўніка, сустрэчы з “філёзафамі” і “бадхісатвамі” розных вымярэньняў. І, калі прыгледзецца, жыцьцё Ясі хоць і ня простае, але даволі яскравае і насычанае. Чаго не скажаш пра тых таварышаў, у якіх усё нібыта нармалёва і больш-менш уладкавана. Яны не выклікаюць нічога апроч пачуцьця суму і нават агіды. Іх лёс прэсны і вызначаны, яны змушаюць нас пазяхаць і хутчэй перагортваць старонкі.

І ўсё ж мы ўвесь час спадзяемся на цуд. Магчыма, эміграцыя? Магчыма, каханьне? Ці ратаваньне мацярынствам, асабістае перараджэньне падчас нараджэньня дзіцяці ад каханага чалавека, ад адзінай сьветлай гісторыі, больш падобнай да летуценьня, у гэтай глыбока трагічнай і беспрасьветнай біяграфіі…  Але ізноў не. Усё супраць таго, каб Ясі было проста добра. Яна застаецца іншаплянэтніцай, месяцовай дзяўчынкай да канца. Але, хто ведае, мабыць, дзякуючы гэтай гіпертрафаванай катастрофе, шмат хто з нас адчуе катарсіс. Пэўна, Яся і зараз блукае недзе сярод нас, нібыта цень. Пазнайце яе і падарыце крыху цяпла сваёй усьмешкі.

P.S. Напiсаўшы ўсё гэта, я iзноў бяруся за кнiгу, гартаю, прыгадваючы цiкавыя падрабязнасьцi, трапляючы на безьлiч сiнхранiзацыяў i адкрыцьцяў, разумеючы, што пра галоўнае я не напiсала, што самае цiкавае не пазначыла i не падкрэслiла. Немагчыма распавесьцi гiсторыю гэтай кнiгi на дзвюх старонках, i гэта добра, таму што аўтар напiсаў трыста i паклапацiўся пра пераклад, каб як мага больш людзей даведалiся пра тое, што жыцьцё – гэта не слаёны торцiк у кавярнi на праспекце, жыцьцё – гэта падарожжа да Возера Радасьцi, у iснаваньне якога нам усiм хацелася б верыць. 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце