Рэцэнзія на кнiгу: Original?1414490399
Вязанка словаў

Сучасная культурная прастора перанасычаная падзеямі, адкрыццямі, правакацыямі, новымі тэхнікамі, стылямі і адсутнасцю ўсялякіх стыляў. Перанасычаная настолькі, што анічога нас ужо не здзіўляе і не ўражвае. Мы ўсяго наглядзеліся, усяго начыталіся, усяго наслухаліся, усяго наеліся… Цяпер мастацкім актам становіцца не сам тэкст, а ягоныя, так бы мовіць, аздобы. Тое, што звязана не наўпрост з тэкстам, але з яго аўтарам. Таму Аляксандар І. Бацкель як літаратурны праект сапраўды варты ўвагі. Менавіта так: не кнігі, выдадзеныя пад гэтым імем, а само імя як літаратурны праект Сяргея Календы.

 

Для тых, хто чытаў першы твор Аляксандра І. Бацкеля, — “Мімікрыя” — адна толькі назва “Маёнтак рыбы” гучыць шматабяцальна і шматсэнсоўна. Бо з рыбамі ў “Мімікрыі” ўсё не так проста, з імі звязаныя містычныя пераўтварэнні ў лёсах герояў. І з героямі усё зусім няпроста. Вусціш і таямніца. Не раскрытая і не растлумачаная аўтарам, нават на самай апошняй старонцы. Герой кнігі, які з’ехаў на сялібу падалей ад гарадскога тлуму, каб даць адпачынак галаве і свабоду творчасці, мяркуючы па назве, акурат і павінен быць той самай загадкавай рыбай, якая з’явілася яшчэ ў “Мімікрыі”. Менавіта таму “Маёнтак рыбы” хаваў у сабе чаканне працягу таямніцы.

Чытаеш хутка, лёгка, пра нешта задумаешся на хвіліну, а збольшага – забываеш.

Але яго не адбылося. Зрэшты, у гэтай кнізе ўвогуле не адбылося нічога. Праўда, са мной было наадварот – спачатку я прачытала “Маёнтак рыбы”, а пасля “Мімікрыю”. І мяркую, што маё “рэтраспектыўнае” расчараванне было значна глыбейшым, бо яшчэ больш падкрэсліла бязважкую легкаслоўнасць “Маёнтка…”. Зрэшты, любая кніга знойдзе тых, хто будзе яе ганіць, і тых, хто будзе яе цытаваць як узор літаратурнага майстэрства. Пра гэта акурат гутарылі на адным са сваіх літаратурных пасядзелак тыя самыя “чатыры летуценнікі”, душы якіх даследуюцца ў “Мімікрыі”.

Разумнаму чалавеку прыходзіць у галаву шмат разумных думак. Чалавеку, акрамя таго яшчэ і гаваркому, неадменна карціць гэтымі думкамі падзяліцца з усім белым светам. На радасць нам усім, цяпер для гэтага ёсць неабмежаваная прастора сацыяльных сетак. Мы праглядаем, чытаем, прагортваем пасты сваіх сяброў, нешта нам падабаецца – ставім лайк, нешта пакідае абыякавым – забываемся праз хвіліну… Чытанне “Маёнтка рыбы” больш за ўсё нагадвала мне менавіта прагляд стужак фэйсбуку. Чытаеш хутка, лёгка, пра нешта задумаешся на хвіліну, а збольшага – забываеш. Таму што вельмі шмат слоў і вельмі мала сэнсоўнасці. Зрэшты, “Маёнтак рыбы” і ёсць сабранымі пад адной вокладакай кароткімі аповедамі з “ЖЖ”. Гэта агучыў у адным з кароткіх інтэрвію сам Сяргей Календа. Да гісторый, якія сапраўды вартыя былі таго, каб іх выводзіць за межы ўласнага электроннага дзённіку, я аднесла б гэтыя: “Час”, “Сідр”, “Красворд”, “Сон”, “Час”, “Клоўн”, “Торба”, “Валасы”, “Словы”, “Светаўспрыманне”. Усё астатняе – майстэрскае жангляванне словамі, таленавітаму чалавеку гэта няцяжка. І ў словах тых няма нічога, акрамя водгулля слоў.

Аляксандар І.Бацкель піша толькі пра творчаць, ён зацыклены на гэтым, і ўсё наваколле, і самога сябе ўрэшце пераўтварае ў мастацкі тэкст.

Герой “Маёнтка рыбы” задаўся мэтай кожны дзень выдаваць тэкст, незалежна ад настрою, натхнення і фізічнага стану. Вядома, нічога каштоўнага ў выніку атрымацца не магло. І тут ключавы тэкст – “Вушы”, у якім герой проста прызнаецца ў сваім графаманстве. І шчыра радуецца магчымасці і жаданню “пісаць і графаманіць”. Каб ствараць тэкст штодня з нічога, яму даводзіцца занатоўваць ледзь не кожны свой крок, рэфлексаваць з кожнага ўспаміну. Як па мне, то графаманія – гэта не тады, калі чалавек мае патрэбу ўвесь час ствараць тэксты, а тады, калі чалавек кожную занатаваную думку, мару, успамін, асацыяцыю, урэшце кожнае сваё занатаванае слова лічыць каштоўнасцю не толькі для свайго ўнутранага свету, але для ўсяго чалавецтва. Ці, прынамсі, для свайго найбліжэйшага атачэння. І ў гэтым сэнсе герой Аляксандра І. Бацкеля цалкам шчыры ў сваім прызнанні, што “кожную трэцюю раніцу ён прачынаецца ўзрадаваны, бо мае шанец – яшчэ адзін дзень на тое, каб працягнуць пісаць і графаманіць”. Часам так бывае: для таго, каб зразумець, што твор не трэба друкаваць, варта пабачыць яго надрукаваным. Такі парадокс. Бо пакуль гісторыя толькі ў табе (“пустэча звонку і шматгалосьсе знутры”), яна здаецца важнай. А калі ты адпускаеш яе пагуляць за межы сваёй свядомасці і падсвядомасці, аказвацца, што нічога, акрым вязанкі слоў, у ёй не засталося. Калі ж толькі менавіта ў гэтым і заключаецца сэнс мастацкага праекта пад назвай “Аляксандар І. Бацкель” – стварыць ці аддзяліць ад сябе пісьменніка-графамана, цалкам пазбаўленага самакантролю і здольнасці аб’ектыўна ацэньваць свае пісанні, тады ідэя ўвасобленая ідэальна.

Ды ёсць тут неадпаведнасць. Сапраўды цікавыя, пякуча-балючыя разважанні – пра бясконцы і невырашальны раздрай у галаве і душы творчага чалавека, для якога “вар’яцтва – не самае горшае выйсце”. Аляксандар І.Бацкель піша толькі пра творчаць, ён зацыклены на гэтым, і ўсё наваколле, і самога сябе ўрэшце пераўтварае ў мастацкі тэкст, і людзі – сябры, каханкі, суседзі, знаёмыя – цікавяць яго настолькі, наколькі могуць стаць часткай тэксту. Менавіта таму я раблю выснову, што ўсё ж Аляксандар І. Бацкель – гэта творчая рэфлексія Сяргея Календы.

Кніга мае вызначэнне вітражнай. Мне падаецца больш адпаведным азначэнне кішэннай або падарожнай. Кніга, якую можна чытаць, пакуль едзеш у метро або электрычцы. У якой абавязкова знойдзеш знаёмае і сугучнае, дасціпнае, настальгічнае, жорсткае і натуралістычнае. Усё вельмі знаёмае і не раз перадуманае. Кніга, якая не паглыбіць цябе ў філасофскія разважанні і не створыць таго самага “літаратурнага пахмелля”, ад якога пакутуе час ад часу герой кнігі.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце