Рэцэнзія на кнiгу: Original?1358950550
Вяртанне смаку чытання

Калі б існавала нейкая гаспадарчая мужчынская цэнзура ў літаратуры, то кніга Алены Брава “Рай даўно перанаселены” такую цэнзуру дакладна б не прайшла. Ёсць верагоднасць, што жанчына, падобная да гераіняў аўтаркі (бо такіх сапраўды шмат) усчыніць бунт супраць свайго побытавага рабства? Наўрад ці. Бунт не ўчыніць, але ўсвядоміць сваё расчараванне – гэта цалкам магчыма.

У новую кнігу пісьменніцы ўвайшлі раман “Менада і яе сатыры”, аповесці “Рай даўно перанаселены”, “Дараванне”, “Бязлітасны мой воін”, а таксама апавяданні “Сон піянеркі”, “Вялікая Кітайская сцяна”, “Эфект прысутнасці”, “Крупнік для музы”.

Я даўно з цікавасцю сачу за творчасцю Алены Брава. Праўда, пасля знаёмства з раманамі “Камендацкі час для ластавак” і “Менада і яе сатыры” да чытання новага твора, надрукаванага ў часопісе “Маладосць”, “Рай даўно перанаселены”, падыходзіла няспешна, штораз адкладаючы на наступны дзень. З-за боязі расчаравацца ў творцы, чыім прыхільнікам з’яўляюся. Бо часам узнікала адчуванне зацыкленасці аўтаркі на адной тэме – у мастацкім сэнсе вырашанай неаднойчы, - узаемаадносіны маці і нялюбай дачкі, нешчаслівай жанчыны з выпадковымі каханкамі. Занядбанае дзяцінства дачкі і скаленчаная маладосць маці. Алена Брава вярталася ў кожным новым творы да гэтай тэмы з навязлівай настойлівасцю. Мяркую, сапраўды зацікаўленыя аматары яе творчасці спадзяваліся на развіццё, пераадоленне асабістай залежнасці ад пэўнага сюжэта, пераход на новы ўзровень, што і адбылося ў аповесці “Рай даўно перанаселены” – адным з найлепшых твораў сучаснай беларускай літаратуры.

Гэта твор не толькі пра адну сям’ю (ці больш дакладна пра адну адсутнасць сям’і), а менавіта пра пакаленне скалечаных жаночых лёсаў.

А па глыбіні пранікнення ў псіхалогію, свядомасць і нават падсвядомасць пакалення гэтую аповесць, бадай, і няма з чым параўнаць. Вядома, і тут вельмі шмат ад таго, што было сэнсавым і эмацыйным цэнтрам папярэдніх твораў. Некаторыя высновы герояў і самой аўтаркі нават часам дакладна паўтараюцца. Гэта твор не толькі пра адну сям’ю (ці больш дакладна пра адну адсутнасць сям’і), а менавіта пра пакаленне скалечаных жаночых лёсаў. Жанчын, якія не могуць выхаваць шчаслівае дзіця, здатнае да шчасця. Вобраз маці ва ўсіх вядомых мне творах Алены Брава заўсёды аднолькавы. І ў ім няма спачування, адна толькі пагарда і нават агрэсія. Але ў новай аповесці пры тым, што маці зноў нібыта скапіяваная з папярэдніх твораў, апавядальнік стварае прастору для спагады ці, прынамсі, шкадавання. Праўда і тое, што часам паводле ступені “мізантрапічнага апраменьвання” творы Алены Брава могуць параўнацца хіба што з “Магчымасцю выспы” Мішэля Уэльбэка.

Галоўная гераіня, безумоўна, гэтым разам не маці і не дачка, а бабуля Вера. Магчыма, шукаючы адказ на пытанне, адкуль пачалася айчынная традыцыя нешчаслівых сем’яў, пісьменніца звярнулася да трэцяга калена ў радаводзе. У абагуленым сэнсе бабуля Вера – жанчына, якая брала на сябе абавязкі, што перавышалі яе сілы, усё-ткі выхавала пакаленне, пазбаўленае адчування адказнасці. А таму ў выніку яе ахвярная місія (пазбавіць усіх сваіх блізкіх людзей клопату, занядбаўшы ўласныя інтарэсы) церпіць паразу. Аднак менавіта пра такіх жанчын яшчэ і цяпер кажуць, што на іх трымаецца свет, што яны за ўсіх адмольваюць грахі. А ўсё ж і бабуля Вера, якая перажыла 1930-я гады і вайну, і яе ўнучка, равесніца аўтаркі, маюць адну праблему: яны не слухаюць сябе, а імкнуцца адпавядаць штучным абліччам.

Творам-ключом, які абавязкова трэба прачытаць усім прыхільнікам творчасці пісьменніцы і які варта было б нават паставіць першым у кнізе, з’яўляецца невялічкае апавяданне “Крупнік для музы”.

Новая кніга Алены Брава і асабліва аповесць “Рай даўно перанаселены” надзвычай жыццёвая, пазбаўленая фальшу: у літаратурным сэснсе – рамантычнага пафасу, у жыццёвым – ідэалізаваных сентэнцый. Мабыць, шмат для каго магла б нават стаць своеасаблівым метадычным дапаможнікам “Як не трэба жыць і не трэба кахаць” (такімі словамі апісваецца лёс галоўнай гераіні рамана “Менада і яе сатыры”). Раман і аповесці насычаны побытавымі дэталямі пэўнага часу, укарэнены ў гэтым часе і ў адназначна вызначаным месцы (беларуская правінцыя, гарадок ці мястэчка), аднак урэшце пісьменніца звяртаецца да галоўнай прычыны ўсіх сучасных маральных і псіхалагічных праблем: “Чаму. Аніякае. Паразуменне. Паміж людзьмі. Немагчымае”. Героі пісьменніцы не так шукаюць адказ на гэтае пытанне, колькі проста пацвярджаюць яго рытарычнасць. Таму няма ані шчаслівых развязак, ані суцяшальных высноў, ані нават кволенькага спадзеву на радасць. У свеце пісьменніцы ўсе аддзеленыя адно ад аднаго Вялікай Кітайская сцяной і самотна блукаюць па лабірынтах сваёй падсвядомасці, з якіх, як вядома, няма выйсця.

Аднак творам-ключом, які абавязкова трэба прачытаць усім прыхільнікам творчасці пісьменніцы і які варта было б нават паставіць першым у кнізе, з’яўляецца невялічкае апавяданне “Крупнік для музы”. Калі ў вас запытаюцца, як выглядае Алена Брава, не паказвайце партрэту, пакажыце кнігу – бо гэта тоесна. Магчыма, пісьменніца невыпадкова парушыла звыклую завядзёнку і не змясціла на вокладцы сваёй фатаграфіі. Падчас чытання пастаянна адчуваеш, што працэс творчасці – гэта арганічны стан яе душы, яе побыту, яе існавання. “Крупнік для музы” – канцэртрат лёсу творчага чалавека. Некалі Валянцін Акудовіч сказаў, што творчасць – гэта заўсёды здрада сваім блізкім. І наўрад ці сітуацыю паляпшае тое, што нашыя блізкія далёка не заўсёды цікавяцца нашымі творчымі поспехамі. Здрада непазбежная, бо творчасць патрабуе не толькі час і натхненне, але ўсяго чалавека цалкам – і з душой, і з целам. Творца асуджаны на адзіноту і адстароненасць ад сваіх блізкіх. Аднак апавяданне “Крупнік для музы” не толькі пра гэта, але яшчэ ў большай ступені пра тое, што жанчыне (нягледзячы на пафасныя феміністычныя дэкларацыі) значна цяжэй гэтую адстароненасць “легітымізаваць”. Даводзіцца шукаць прымірэнне, паразуменне паміж жыццём і пакліканнем. Улагоджваць музу крупнікам.

Аматарам добрай музыкі вядомая розніца паміж фанагарамай і жывым гукам. Невыказныя адчуванні, калі ты бачыш, што артыст на сцэне аддае свой талент, эмацыйна перажывае тут і цяпер кожнае праспяванае слова ўжывую. Такія ж адчуванні ўзнікаюць падчас чытання кнігі Алены Брава – аўтар, які безумоўна заўсёды апынаецца “на сцэне”, калі чытач бярэцца за чытанне, выкладваецца напоўніцу і без фальшу. І самае галоўнае – з асалодай. А таму першае жаданне пасля прачытання кнігі – не сесці за напісанне водгука, але проста аб’явіць аўтару падзяку. За вяртанне смаку чытання. Зрэшты, урачыстыя прызнанні зусім не пасуюць да прынцыпова пазбаўленага пафасу стылю пісьменніцы.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце