Рэцэнзія на кнiгу: Original?1420461296
Яшчэ раз пра любоў

«Калі яна сышла ад мяне, з кватэры зніклі гукі» — першы радок кнігі Антона Кашлікава «Былыя»,  які дае зразумець, што гэты раман пра стасункі. Так яно і ёсць. Тут прысутнічае ўсё, што павінна быць у падобнай прозе: лірызм, сум, лёгкі эратызм.

 

У гэтай кнізе па-мастацку абыгрываецца канцылярская фраза «не сышліся характарамі». Персанажы Кашлікава не сышліся ў поглядах на свет. Жыццё для мужа – «метафара рэек//пакуль пракладзеныя рэйкі, дарога будзе працягвацца. Бо цягнікі ходзяць па раскладзе //». Для жонкі – поле, якое «не абмежавана ніякімі рэйкамі, і можна ісці ў любы бок, куды вочы глядзяць. І паўсюль нешта ёсць, і там, і тут». Герой рухаецца наперад, гераіня па коле, вектары не супадаюць, напружанне падае, энтрапія расце, а энергія каханння растае. Мяркую, што ўсім гэта знаёма і блізка.

Лірычны герой «Былых» – фатограф, гэта дазваляе аўтару ўстаўляць ў аповед не звязаных з сюжэтам персанажаў. Такія партрэты ствараюць жывы, цікавы фон і складаюць цэлую галерэю ўдалых вобразаў:

  1. Бомж Валера не смярдзіць, як іншыя бяздомныя, таму што заўсёды знаходзіць, дзе памыць вопратку. Ён адмаўляе ў блізкасці самотнай жанчыне з кватэрай, бо захоўвае вернасць жонцы. А потым прызнаецца фатографу: «Дурань я. У мяне і жонкі-та няма».
  2. 89-гадовы стары, якога сваячка, што святкуе юбілей, закрыла аднаго ў пакоі. Ён жуе мандарыны і распавядае, як хадзіў налева ад жонкі, як любіў рыбалку, а цяпер: «Зрок такі, што хер чарвяка начаплю. Старасць блядская».
  3. Аднакласнік героя Сэмыч, які называе бармэна «братка», круціць бізнес, падтрымлівае змену ўлады і прыход дыктатара, таму што: «Пакуль яны будуць там, наверсе, свае пытанні разрульваць – ну, заводы дзяліць, ворагаў у турмы саджаць, усякім нязгодным раты закрываць – нам, дробным сошкам, ніхто перашкаджаць не будзе. І свой бабос мы паспеем настукаць. А потым можна і за мяжу звальваць. Залаты час».
  4. Афіцыянтка ў прыдарожнай кавярні, якая ходзіць басанож і ведае, што імя яе з грэцкай перакладаецца як «жыццё».

Любоўны канфлікт Кашлікаў вырашыў разнастаіць элементамі палітычнага трылера. Гэты фрагмент рамана не самы ўдалы. Гаваркія прозвішчы дыктатара Самахвалава і яго падручнага Бясчэстнага робяць іх носьбітаў занадта хадульнымі і нават смешнымі, што няўдала кантрастуе з трагедыйнай інтанацыяй апавядальніка. Месца і час дзеяння наўпрост не называецца, з-за чаго чытачу даводзіцца вылічаць яго па дэталях: у адной постсавецкай рэспубліцы дыктатура ўсталявалася яшчэ да з'яўлення мабільных тэлефонаў, у іншай – да вайфая і сацсетак, паколькі гэта не Азія і Каўказ, дзе заўсёды дыктатура, значыць – Украіна. Не надта зручна прарабляць падобныя калькуляцыі па ходзе чытання. Да таго ж праз засяроджанасць героя на любоўных перажываннях палітыка падаецца ў рамане чужародным элементам. Калі б аўтар выдаліў гэты кавалак, тэкст нічога б не страціў.

Замест любоўнага трохкутніка ў Кашлікава – тэтраэдр. Схема М + Ж + М + Ж некалькі разоў нетрывіяльна абыгрываецца, а ў фінале зводзіцца да: = М. Каб не разбураць інтрыгу, не буду каментаваць трук, з дапамогай якога вырашаецца канфлікт, скажу толькі, што гэтым прыёмам раней карысталіся Фёдар Дастаеўскі, Чак Паланік, Сільвія Назар, Стывен Кінг і яшчэ дзясятак вядомых пісьменнікаў і сцэнарыстаў. Так што аўтар не застрахаваны ад чытацкага каментара: "А канцоўка, як у таго-та". Але ад гэтага ніводзін пісьменнік не застрахаваны.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце