Рэцэнзія на кнiгу:
Original?1383819175
З блогу ўсяго многа

"Блог Усяслава Чарадзея" – літаратурная містыфікацыя, што спачатку развівалася ў форме блога на старонках "Будзьма", а потым была надрукаваная ў форме папяровай кнігі. Ператвараць блогі ў кніжкі – даволі звыклая для беларускіх літаратараў форма працы (з вядомых прыкладаў успамінаецца Адам Глобус і яго "БЛОГУС").  Жанр – безумоўна, іранічнае фэнтэзі (аўтар ведае пра існаванне такога жанру і нават згадвае яго ў кнізе). Найбліжэйшай раднёй па светапоглядзе тут будзе, напэўна, жыццярадасны брытанскі фантаст Тэры Пратчэт, хіба што блогавая форма выключае эпічнасць серыйнага фэнтэзі. Кніжка распадаецца на серыю маленечкіх постаў-эпізодаў, некаторыя з іх – проста серыі ў агульным аповедзе, іншыя – самастойныя іранічныя навелы. Калі гадоў праз дваццаць нехта наважыцца выдаць анталогію беларускай літаратуры нулявых, то такія невялічкія апавяданні, як "Развал СССР вачыма гісторыкаў XXII стагоддзя", упішуцца туды цалкам арганічна.

 

Паводле мастацкай мэты "БУЧ" – хатняе порна для літаратараў ды культуролагаў. Гэта тэкставая матэрыялізацыя эротыка-інтэлектуальных фантазмаў, што, на жаль, цалкам немагчымыя ў рэальнасці: бойка Адама Міцкевіча з Кастусём Міцкевічам (Якубам Коласам) з-за плагіяту, літаральнае ўвасабленне неадназначнасці слова "чарнілы" ды іншае. Адваротны бок: трапляюцца паўнамёкі, якія ўзбуждаюць хіба што самога аўтара ды яшчэ кагосьці, хто "у тэме", іншых пакідаючы ў непаразуменні: драпежныя вавёркі, полацкія эльфы, зебры ў скрыні ды іншыя цьмяныя месцы гучаць як сакрэтныя слоўцы, якімі партнэры па інтэлектуальным ад'юльтэры на нешта намякваюць адзін аднаму — аднак не нам, звычайным чытачам.

Паводле мастацкай мэты "БУЧ" – хатняе порна для літаратараў ды культуролагаў.

З гульнёвай і нават гуллівай прыроды "БУЧ" выцякае наступнае: не трэба шукаць у гэтай кнізе глыбокага сэнсу. Яго тут няма. Галоўная вартасць — чысцейшая, не згвалтаваная залішняй самакрытыкай творчая свабода, на глебе якой прарастае багаты інтэлектуальны гумар абсурдысцкага брытанскага кшталту, часамі робячы рэверансы (або рэферэнсы) да іранічна-філасофскіх цыклаў Станіслава Лема (асабліва там, дзе абмяркоўваецца машына часу). Экранізацыя “БУЧ” уявіла б сабой беларускі нацыянальны монціпайтанаўскі "Грааль" — і гэта было б нашмат больш удалай ідэяй, чым прэтэнцыёзная "Масакра" (яшчэ адзін твор пра пярэваратняў як беларускі нацыянальны брэнд). Наогул падыход "БУЧ" да гістарычных фактаў нагадвае вядомую серыю тэлеперадач Тэры Джонса пра таямніцы брытанскай гісторыі: мініяцюры са старажытнаанглійскіх летапісаў ажываюць і ператвараюцца ў не заўсёды прыстойныя коміксы, а сам Тэры вандруе паміж эпох з такой самай нязмушанай лёгкасцю, як і Чарадзей на трактары "Беларусь". І калі Усяслаў прамаўляе з нагоды заснавання Вільні: "The city WILL NOT be built", у маіх вачах ён робіць гэта з абсалютна выразным Тэрры-Джонсаўскім акцэнтам.

Экранізацыя “БУЧ” уявіла б сабой беларускі нацыянальны монціпайтанаўскі "Грааль" — і гэта было б нашмат больш удалай ідэяй, чым прэтэнцыёзная "Масакра"

Ва ўступным слове да "Блога Усяслава Чарадзея" прапануецца выкарыстоўваць гэту кніжыцу для паглыблення ў беларускую мінуўшчыну. Гэтае сцвержанне - як, дарэчы, і ўся кніга, — не больш як дасціпны жарт: сапраўды, па "БУЧ" можна вывучаць гісторыю, аднак дакладна не старажытную, а сучасную, штодзённую. Калі Усяслаў Чарадзей зняў званы з Наўгародскай Сафіі, — гэта ён насамрэч снэплінгам займаўся, па будынках лазіў. Міністр Грамыка — гэта ж Doctor No з "Бандзіяны": брытанскі сцяг, кеды, "хачу ў Лондан!"... "Нямігі крывавыя берагі засеяны косцьмі рускіх сыноў" — не што іншае як прыклад паліткарэктнасці, і гэтак далей... А калі Усяслаў Чарадзей выпівае з Лі Гарві Освальдам, то гэта — дакладна не пра беларускую гісторыю і нават не пра самога Лі Гарві Освальда, а пра моду ў пэўных культурных колах абмяркоўваць Лі Гарві Освальда і яго знаходжанне ў Мінску. Менавіта са снабізму гэтых культурных колаў і смяецца аўтар, час ад часу прышчапляючы да гістарычных прататыпаў характары ды паводзіны тыповых сталічных тусоўшчыкаў, піяршчыкаў або ўласных сяброў, а то і паказваючы з-за ваўчынай маскі свае ўласныя "вушы". 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце