Рэцэнзія на кнiгу: Original?1423122196
Займальная арніталёгія

Ёсьць месцы на зямлі, дзе мы найлепшым чынам адчуваем, што нашая плянэта, як кажуць, мае форму чамадана. І пэўныя суполкі людзей вандруюць з адной такой кропкі ў іншую. Яны як пералётныя птахі, могуць ня ведаць адзін аднаго і не ўдакладняць маршрут – гэта за іх зрабіла сама прырода, і кожны сэзон нейкі непераадольны інстынкт цягне зьбіраць рэчы. Незалежна ад нацыянальнасьці, бэкграўнду і рэлігійных поглядаў, на сьвеце ёсьць шэраг людзей, нечым незразумелым і нябачным падобных паміж сабой. Адзін з такіх пластоў, а насамрэч танюткіх праслоек чалавецтва, зачапіў у сваім грунтоўным творы Аляксей Талстоў упершыню ў беларускай літаратуры. “Валацугі” – назва, якая адсылае нас да Кэруака, нагадвае, што гэтая праслойка аднародная ня толькі ў прасторы, але і ў часе.

 

Калі людзі рознага антыбабілёнскага сьветапогляду гуртуюцца ў вялікай колькасьці ў адным месцы, здараецца нейкі мэтафізычны цуд. Вось і Аляксей заўважае тое, чым асабіста мяне зьдзіўляюць і прывабліваюць бадзяньні па андэграўндных фэстах, ашрамах, экавіліджах ды іншых аўравілях: “Тут месьціўся сапраўдны рай магчымасьцяў, можна замаўляць усё што заўгодна, і яно абавязкова надарыцца”.

Аўтар вымалёўваў тыповыя характары. І ў яго гэта добра атрымалася. Прынамсі, некаторых з пэрсанажаў я дакладна сустракала падчас маіх індыйскіх прыгодаў. Характары, якія прайшлі праз фільтр вандроўніцкага дао. Яны ў нечым як адно племя, нягледзячы на стракатасьць акцэнтаў і нацыянальных рысаў твару, тут усе пачынаюць быць падобныя паміж сабой: калі паліш адзін на усіх, дык і размаўляць часам ня трэба – проста падключаешся да агульнае хвалі, і яна нясе цябе сама:  “Размова павольна плыла ў гарачым паветры, спакойная ды мяккая, падобная да расталага на сонцы масла”. 

Усіх прыцягнула сюды, усіх з розных прычынаў. І, дзякуючы кнізе, раптам мы робім выснову, што Індыя і Непал – гэта ня толькі даўншыфтынг, а для некаторых, як для Джамала з Самалі, нават апшыфтыфнг. Але галоўнае, што тут ніхто ўвогуле не імкнецца ацаніць цябе паводле матэрыяльнага становішча, “ніхто не парыцца з той нагоды, што хаты першай лініі падобныя да сарайчыкаў”. Усе жывуць вельмі  проста і немудрагеліста, носяць аднолькавыя лахманы побач з пацучкамі, прусачкамі ды зьмеямі… і цуд здараецца ізноў – наперад выходзіць нешта іншае за вонкавы выгляд. У цалкам цудоўнай прасторы, якой зьяўляецца Азія, кропка зборкі крыху пасоўваецца, зьяўляецца душэўнасьць і дзіцячая непасрэднасьць, цікавасьць да чалавека і навакольля. “Далёка ад дому сапраўды ўключаецца нейкая адкрытасьць, можна лёгка адчуць еднасьць з кім заўгодна, нацыянальныя асаблівасьці, паходжаньне – гэта тут не працуе. Усе ў той ці іншай ступені зьяўляюцца супляменьнікамі, часткай аднаго вялікага кантэксту”.

Аўтар з тых, якія плююць на агульнапрынятыя арыентыры, пра такіх і піша. Ён бачыць іх агульную мэту ў тым, што яны ня здольныя прыняць манэтызаваны сьвет, дзе кожны адыгрывае сваю рынкавую ролю, і ў тым, што яны мараць пра магчымасьць аўтаноміі па-за межамі глябальнага базару. Большасьць пэрсанажаў знаходзяцца на ўзроўні чысьцеца, празь які, на жаль, даводзіцца прайсьці ў пошуках свайго шляху, у тым ліку духоўнага. Некаторыя, як, напрыклад, стары Фрэдзі, завісаюць у чысьцяцы да сівых валасоў.

Талстоў намагаецца прадставіць філасофію людзей антыбабілёнскага складу. Тых, хто абірае дао нядзеяньня.

Калі падарожжа – гэта ўцёкі, то вяртаешся менавіта ў тую ж кропку, зь якой зьехаў. Насамрэч нічога не адбываецца. І асэнсаваньне гэтага можа быць вельмі складаным. Як аўтар слушна зазначае, для валацугаў уласьціва быць “цалкам ня здатнымі да простага элемэнтарнага сталеньня, да адказнасьці за свае словы і ўчынкі”. Паступова гэтыя ўцёкі – ад сябе, ад непрыемнасьцяў, ад адказнасьці паўстаюць нечым накшталт кепскай звычкі.

Расповед у кнізе цягнецца вельмі марудна, як аўтобус па запруджаных вуліцах індыйскага мястэчка, да гэтага тэмпу трэба прызвычаіцца. Асобныя лёсы,  філязофскія развагі і сумныя гісторыі лянотных штодзённых падзеяў, якія раптам зрываюцца на востры сюжэт, які насамрэч зьяўляецца “сайд-прадуктам вялікай шчасьлівай вечарынкі”.  Увогуле кніга задуменная, скіраваная хутчэй унутр, чым вонкі. Талстоў намагаецца прадставіць філасофію людзей антыбабілёнскага складу. Тых, хто абірае дао нядзеяньня, хутка зразумеўшы, што іх вырай – сабраць рэчы і зьехаць. Яны ня будуць біцца да апошняга, змагаючыся з дурным сьветам, у якім “самалёты скідваюць бомбы, ракеты бяруць на прыцэл мірныя кварталы, палітыкі, кіруючыся фінансавымі інтарэсамі сваіх карпарацый і павелічэньнем сумаў на ўласных рахунках, ператвараюць сьмерць у грошы, мяшаюць кроў з нафтай і усьміхаючыся пьюць шампанскае ў гонар чарговых перамогаў”. Усходняя ісьціна, якую зацьвердзілі валацугі – усё цячэ і зьмяняецца. Яны на сваім досьведзе ведаюць, што зіму можна прабавіць у цёплых краінах, а ад мунсуну варта ўцякаць з поўдня на поўнач.  

Адметная мова кнігі вылучаецца вялікай колькасьцю беларускамоўнага слэнгу. Часам беларуская мова зьбівае з панталыку (пэўна таму, што мне не даводзілася чуць яе падчас вандровак), часам патрабуе тлумачэньня ці хаця б націску, як у фразачцы: “Жанчыны з кашамі на галовах”. Ангельска-рускі  слэнг гучыць па-беларуску даволі экзатычна: “ён зладзіў занепакоеную фізію”, “заліп з чувакамі”, “адчуваньне небясьпечнага правісону”, “яны пацілі разам”, “зарана для трэшу”. Калі крыху прызвычаішся, мова твору – у добрым сэнсе складаная, багатая і вобразная – кладзецца на вуха цалкам натуральна, як дыялёгі нязвыкла адукаваных украінскамоўных гопнікаў у Сяргея Жадана. У некаторых выпадках – ужываньне слэнгу дазваляе аўтару пазьбегнуць таўталёгій ці калямбураў: “Косячыся на джойнт”, а не косячыся на касяк.  Вока чапляюць выразы кшталту “гарачая зіма” і “безнадзейныя сябры” – але ў кнізе яны зусім не аксюмараны, гэта штодзённая рэальнасьць валацугаў.  

"Адгулялі Каляды, потым Фулмун”.

У сувязі з гэтай кнігай у памяці ўзьнікаюць “Пляж” Алекса Гарланда і аўтабіяграфічныя запіскі Канстанціна Новікава, напісаныя ў мумбайскай турме на Артур-роад “Дарога з дому дадому” і ўвогуле ягоны праект, дзе Косьця зьбірае і публікуе дзёньнікі, малюнкі, урыўкі з кніг вандроўнікаў па Азіі. Хочацца ўзгадаць таксама “Шантарам” Робэртса, зь якім “Валацугаў” яднае ня толькі геаграфія, але пільная ўвага да пэрсанажаў і раптоўныя ўсплёскі глыбокіх і вельмі чулых філязофскіх развагаў. Гэта ўжо ня першая беларуская кніга пра Паўднёвы Усход, амаль адначасова на “Першаку” зьявілася “Лібэрыя” Яўгена Увядзенскага. Але першая – пра адметную субкультуру пералётных людзей-птахаў, разам з якой у белліт прынесьліся прыкметныя адзнакі гэтай субкультуры: фулмун, мунсун і сансэт. Аўтар наўмысна дамяшаў да іх уласнабеларускія часавыя дэлімітатары, пасьпяхова акрэсьліваючы агульны кантэкст:  “адгулялі Каляды, потым Фулмун”.

“Фулмун” – гэта сьвята вітаньня поўні, на якое не прыходзіць толькі лянотны ці хворы. А “Сансэт” –  штодзённы хэпінінг, які, дарэчы, таксама з галіны арніталёгіі – рознакаляровыя, дзіўна апранутыя людзі (у тамтэйшым валацужным асяродзьдзі эльфійская вопратка – самае натуральнае і прывабнае адзеньне), джэмбе, шкляныя шарыкі, фаер-шоў, увесь гэты спантанны тэатр – звонку падобны да хаатычна-гарманічнай фрактальнай мурмурацыі.

Дзякуючы кнізе, шмат каму стала лягчэй з сацыяльным самавызначэньнем. Бо як толькі такіх  не называюць – і хіпі, і растаманы, і баптысты і сьведкі, і антыглябалісты, і нават геолагі. А яны вось хто, па-просту валацугі. Далучайся да нашай сэкты. Набывай квіток і зьбірай рэчы, не забыўшыся спампаваць “Валацугаў” для чытаньня ў дарозе!

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце