Рэцэнзія на кнiгу: Original?1411459939
Запаведнік для папараць-кветкі

Бадай, ніводная кніга так мяне не бянтэжыла. Часу на асэнсаванне спатрэбілася значна больш, чым на прачытанне. І гэта пры тым, што ў кнізе 540 старонак. А справа вось у чым.

 

Сёе-тое пра першы раман Валеры Гапеева ўжо пісалі ў сеціве. Пра тое, што “Праклён” сапраўды добры раман, створаны ў класічных традыцыях, добры для тых, хто хоча адпачыць ад “сучасных літаратурных тэндэнцый”. Такі сабе “настальжы”. (Сапраўды, чытаючы раман я не раз прыгадвала сваіх улюбёных узвышаўцаў і прозу 1920-х гадоў. Магчыма, праз гіпертрафаваную вясковасць герояў. Для таго, каб падкрэсліць або акрэсліць гэтую вясковасць, аўтар выкарыстоўвае такое лексічнае рагу, якое ўжо не гатуюць). Альбо пра тое, што аўтар не даводзіць да лагічнага канца  сюжэтныя лініі. Калі ўлічыць, што кніга пісалася шэсць год, гэта нядзіўна – няроўныя пераходы і стылёвыя швы адчуваюцца. Пагатоў, у рамане шмат часавых пластоў.

І ўсё-ткі гэта не тое, на што хочацца звярнуць увагу.

У час, калі літаратура забаўляецца гульнямі з самой сабой, калі яна цікавіцца сучаснасцю роўна настолькі, наколькі сучаснасць цікавіцца ёй, Валеры Гапееў вырашыў прамаўляць сур’ёзна. Не пераўтвараючы пры гэтым раман у трактат ці сацыяльны маніфест. “Праклён” – гэта кніга з містычнымі малюнкамі, якія паўстаюць перад вачыма чытача вельмі яскрава. Вядома, вінаватая і схільнасць аўтара да натуралістычных апісанняў, асабліва што да сцэнаў гвалту і забойстваў. Але тут ужо хай аўтар сам “пагутарыць” са старым добрым Фройдам. Галоўнае, пра што варта паспрачацца з аўтарам, у іншым.  У пошуках будучыні для беларусаў Валеры Гапееў разам са сваімі героямі сцвярджае: беларусаў выратуе паганства. Аўтар разам з адным з герояў шчыра і адкрыта праганяе Хрыста з беларускай зямлі, бо  хрысціянства нясе небяспечную для беларусаў пакору. А мы, як вядома, у апошнія пару сотняў год (а паводле даволі распаўсюджанага меркавання, дык і спакон веку) і так залішне лагодныя, талерантныя, згодна з тым жа папулярным міфам. І гэтая самая пакора прывядзе нас урэшце да вымірання. Беларусам варта спачатку навучыцца адстойваць сваю годнасць, адказваць на знявагу і вайну. Набыць традыцыю годнасці, а ўжо тады прымаць хрысціянскую рэлігійную філасофію і падстаўляць сваім ворагам другую шчаку.

Вяртанне паганства ў сучаснасць гэта ўсё адно як вяртанне ад пісьменства да наскальных малюнкаў.

Відаць, кожны, хто хоць калі задумваўся “над лёсам любай старонкі”, пагодзіцца, што пэўная рацыя ў гэтых разважаннях ёсць.  Беларусаў за часы шматлікіх акупацый адвучылі змагацца за сябе і бараніць сваё. Аднак жа і любы нават не асабліва рэлігійны чалавек, хаця б крыху знаёмы з Бібліяй, пагодзіцца, што пакора – гэта не аснова хрысціянства. Можа, беларусам не стае найперш Любові як крыніцы духоўнай моцы. Любові, якая дазваляе бачыць значна далей уласнага панадворка і верыць у будучыню. Я не магу пагадзіцца з тым, што нас выратуе вяртанне да паганскіх каранёў.

І зноў жа. Усе мы любім час ад часу разважаць пра паганскія карані, генетычную памяць, якая прымушае нас пакідаць цукеркі лазавіку і размаўляць з хатнікам, які наводзіць у нашых пакоях свае парадкі. Так, славяне сапраўды крыху паганцы – што да светасузірання. І ўсім вядома, што гісторыя прыняцця хрысціянства на нашых землях асвячалася не любоўю, а крывёй. Той, хто мае сантымент да паганства, абавязкова пра гэта ўзгадае. Але вяртанне паганства ў сучаснасць гэта ўсё адно як вяртанне ад пісьменства да наскальных малюнкаў. Беларусаў упакорыла не хрысціянства. Болей за тое, калі пагутарыць з кожным беларусам, то хутчэй за ўсё давядзецца прызнаць, што ў бальшыні з іх=нас нейкая свая адмысловая версія хрысціянства, якая ў той ці іншай ступені суадносіцца з асабістымі жыццёвымі ідэаламі і не замінае нашаму ўкарэненаму паганскаму светаадчуванню. Беларусы навучыліся жыць з царквой, трымаць яе недзе побач, калі гэта зручна, і пускацца ў сафістычныя разважанні пра фанатызм і небяспечныя скрайнасці, калі нязручна. Нездарма кажуць: дзе два беларусы, там тры партыі. Бо ў нас на ўсё аж дужа сваё меркаванне.

Абраны аўтарам сімвал – папараць-кветка – зацяганы так, што бадай няма шанцаў адчуць яго сапраўдны смак і сэнс.

Тое, што я прынцыпова нязгодная з пазіцыяй аўтара, не замінае мне прызнаць, што “Праклён” – не проста раман, гэта сур’ёзная праца: пісьменнік спрабуе шукаць адказы бадай на самае актуальнае для беларусаў пытанне. Не маралізуе, не ідэалізуе, не прапаноўвае служэнне нейкай адстароненай ідэі, як гэта звычайна бывае, калі пачынаецца гутарка пра Радзіму, але спрабуе схапіць тую самую нацыянальную ідэю з паверхні нашага паўсядзённага жыцця. Ён па-сапраўднаму верыць у літаратуру. І гэта цешыць. І здзіўляе. У добрым сэнсе. Раман Валеры Гапеева – не проста мастацкая канцэпцыя нашай гісторыі і будучыні. Яна патрабуе ўвагі і абмеркавання, гарачых дыскусій. Найперш таму, што канцэпцыя аўтара надзвычай спрэчная шчэ і ў этычным сэнсе.

Тое, наколькі сур’ёзную размову вядзе аўтар, падкрэслівае і абраны ім сімвал адначасна страчанай і неўміручай беларускай сутнасці – папараць-кветка. Сімвал гэты зацяганы так, што бадай няма шанцаў адчуць яго сапраўдны смак і сэнс. Сцёртая метафара. Назва папулярнага колісь рэстарана і вядомай сталоўскай катлеты. Для таго, каб вярнуць ёй сакральны сэнс і не выглядаць банальна, пошла, празмерна сентыментальна або недарэчна патэтычна… трэба быць вельмі смелым.  І сапраўдным майстрам слова. У рамане папараць-кветка спалучае ў сабе і таямніцу, і містыку, і жудасць. І надзею. Магчыма, дзякуючы нетрадыцыйнай інтэпрэтацыі легенды: папараць не шукаюць на Купалле, каб здабыць нейкія адмысловыя веды і сілу, але абараняюць ад злых сіл, каб у людзей на нашай зямлі засталася надзея і жыццё. Гэта зноў жа стасуецца з аўтарскім бачаннем нашага шляху: беларусам трэба не шукаць тое, чаго няма, але абараняць тое, што ўсярэдзіне, што заўсёды побач. Дарэчы, гэты заклік – абараняць сваё і самім, ні на кога не спадзеючыся, абараняць тут і цяпер, нічога не чакаючы і ні на што не зважаючы – гучыць у рамане часта. Тое, што Валеры Гапееў кліча, заклікае, спадзяецца на водгук, адчуваецца. Ягоны раман звернуты не ў літаратурнае кола, што стала звычайнай справай ужо даўно, а ў паўсядзённае жыццё, у беларускую штодзённасць. Усім нам зразумела,  у чым праблема: сучасную беларускую літаратуру па-за гэтым самым колам мала хто чытае.

Гапееў пагружае чытача ў зусім іншы свет, падзелены на святло і цемру, прасякнуты нябачнымі войнамі, якія адбываюцца не толькі ў купальскую ноч. Свет, у якім тое, што бачыш, аказваецца на павер зусім іншым. Асобнік рамана, падпісаны аўтарам іншаму чалавеку, трапіў у мае рукі выпадкова. Цяпер, прапаноўваючы “Праклён” наступнаму чытачу, так і хочацца папярэдзіць: асцярожна, магчыма, недзе побач з вамі жывуць ваўкалакі, вядзьмаркі, захавальніцы таямніцы і яе ахоўнікі… А магчыма, гэта нават вы самі. Проста пакуль не прыйшоў час, вы пра гэта не ведаеце.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце