Рэцэнзія на кнiгу: Original?1410866688
Ў — значыць вендэта

«Беларуская культура? Не, не чуў! Беларуская літаратура? А вам самім не смешна?», — так герой Віктара Марціновіча апісвае сітуацыю ў далёкай будучыні. 

 

«І вось гэтаму пакаленню без радзімы і каранёў прадай фрагменты родных пісанак за грошы, з-пад крыса, з пагрозай арышту на 10 гадоў «за наркотыкі». «Кайф» узнікне сам сабой, ад сутыкнення свядомасці з тым кодам, у адпаведнасці з якім структуравана бессвядомае», — у гэты маналог спажыўца мовы ўкладаецца сюжэт кнігі. "Мова" — непрыхавана другасны поп-раман, зборнік сусветных трэндаў, перанесеных у беларускі кантэкст. Але гэта не значыць, што кніга — дрэнная. Яна хутчэй падлеткавая, а значыць, карысная.

Фішка пра Кітай, які ўсіх заваяваў, а таксама гульня з кітайскай мовай моцна патыхаюць сарокінскім «Блакітным салам». Праўда, у Сарокіна былі клёвыя стылізацыі класікаў, а ў Марціновіча – проста ўстаўкі іх вершаў. Падача партрэта героя з дапамогай лэйблаў на яго касцюме троху патрапаная Бегбедэрам, Уэльбекам і іншымі крытыкамі грамадства спажывання, але сама па сабе добрая. Мінчане будучыні мяркуюць адзін пра аднаго па адзежцы: брэнд вызначае і тыпізуе душу. Але прыём гэты паўтараецца пры ўвядзенні кожнага новага персанажа, так што да сярэдзіны ўжо стамляе, а бліжэй да фіналу пачынае злаваць.

Аповед у рамане па чарзе вядзецца то ад асобы Барыгі, то ад асобы Джанкі, адзін гандлюе мовай, другі яе спажывае. У свеце, змадэляваным Марціновічам, такая разбіўка па-мастацку апраўданая, паколькі соцыюм, у якім людзі пазбавіліся каранёў, мовы і культуры, адводзіць індывіду толькі дзве ролі – прадавец і спажывец. Аднак ёсць адно «але»: абодва героі вядуць аповед ад першай асобы, а іх мова, унутраны свет і характары ідэнтычныя. Было б добра дадаць кожнаму індывідуальных рысаў, калі паводле задумы аўтара яны з'яўляюцца антаганістамі.

Наогул кніга Віктара Марціновіча, балансуючы на мяжы жанравай і інтэлектуальнай прозы, на кожнай старонцы рызыкуе сарвацца ў маскульт. Ну і што? Затое там ёсць тарчкі і дзяржнаркакантралёры, трыяда і нацыкі, прыўкрасная мова і жудасны Усход. І ўсё гэта выкладзена лёгка і займальна. У самы раз для тынэйджэра, які звыкся лічыць літаратуру нудоццем, якое яму сілком упіхваюць у школе. Прачытаўшы раман Марціновіча, пры ўмове, што яшчэ не знаёмы з творчасцю першапраходцаў культуралагічнага баевіка/трылера/фантастыкі, ён можа быць зачараваны гэтай «лёгкай глыбінёй».

Далей шкаляр, адораны дапытлівым розумам, пачне шукаць падтэкст і ў іншых творах. Так ён зможа заўважыць ў фільме «Матрыца» платонаўскі міф пра пячору, у пялевінскім трэшы выявіць будыйскую ідэю ілюзорнасці быцця, за маргінальным эпатажам Паланіка – новую этыку. Сам не здолее – Вікіпедыя дапаможа. А калі юнацтва пройдзе, разам з ім, верагодна, павінна знікнуць і жаданне спажываць ідэі ў суправаджэнні маскультавай фанабэрыі. Праўда, не кожная душа заходзіць так далёка на шляху да дабра, большасць людзей спыняецца яшчэ ў пачатку і да пенсіі слухае гурт "Кіно". Страшнага тут нічога няма, таму што ў вакууме састарэлыя падлеткі ніколі не застануцца – Віктар Марціновіч напіша для іх яшчэ.

Але для тых, хто ўсё ж ужо вырас з кароткіх поп-штонікаў, ідэя «Мовы» троху радкаватая. «Мова – гэта этыка. Гэта нашае спрадвечнае разуменне таго, што ёсць дабро, а што ёсць зло», — вось і ўся сутнасць твора. Так, нашая свядомасць структураваная мовай, у беларусаў — чужой мовай, і гэты феномен — сур'ёзная культурная праблема. Аднак Марціновіч яе зусім не даследуе, не разглядае з розных бакоў. Замест гэтага аўтар вырашае канфлікт, як у коміксах — адзявае ўдзельнікаў супраціву ў чорныя плашчы і забяспечвае зацяганым баявым воклічам: «Слава нацыі – смерць ворагам». Не хапае ім толькі качыных насоў. 

 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце