Водгукі

Каждый пишет, как он дышит. Есть авторы, которые дышат нервно, есть - которые глубоко, есть - которые хватают ртом воздух, как будто тонут, в этом сборнике автор дышит чисто и мерно - так дышат, когда идут в очевидно дальнюю дорогу, и нужно рассчитать силы. Кому с этим автором по пути - очень легко настроятся дышать с ним унисон, потому что ритмы (и рифмы) очень подходящие для целеустремленных путешественников:)))
Я бы сказала, эти стихи - для тех, кто ищет классику в современности и слышит вечное в сиюминутном. Для современных романтиков, в общем:)

0

Кнігу можна замовіць тут: http://goo.gl/gYdR7w

0

Замовіць кнігу можна тут: http://goo.gl/yPkcjw

0

“Жыццё Планктона” Віктара Ліцьвінава цяжка назваць кніжкай ці літаратурай ні па сутнасці, ні па фармальных прыкметах. Гэта тонкі сшытак з вокладкай, якая не адпавядае зместу, з тэкстам, які не прайшоў ні вёрсткі, ні рэдактарскай апрацоўкі, ні карэктуры. Беручы “такое” ў рукі, настройваешся на тое, што нехта вырашыў падзяліцца нейкімі падрабязнасцямі свайго жыццёвага шляху, і збіраешся адкласці ўбок праз пару старонак.

Я адкрыў сшытак прыкладна пасярэдзіне, прабегся вачыма і вярнуўся ў пачатак, каб прачытаць цалкам. Я быў некалькі разоў у Сібіры (па версіі аўтара – у Сайберыі), на лесанарыхтоўках, і праз т.зв. “эсэ” Ліцьвінава ўспомніў свой шок ад пабачанага ці, хутчэй, адчутага т а м.

“Зіма вельмі лютая. Стаіш у страі ў старанькім шынялі і, здаецца, холад распісваецца іржавым скрыпучым пяром у цябе ў нырках, напаўняе сэрца жахлівай белай бясконцай пустэчай. Каля г. Цюмень лес адсутнічае. Тут, у засьнежаных палёх, сьнегавая накрыўка зямлі плоская і шэра-белая. Яна пад узьдзеяньнем калючага ветру, якому няма за што зачапіцца, акрамя салдацкай сьпіны, трашчыць быцца замёрзлая газета, або адарваны ветрам ад даху ліст жэсьці”.

Т а м – гэта бясконцы бязлітасны свет, дзе чалавечае жыццё і годнасць нічога не вартыя, дзе суіснуюць магутнасць прыроды і мізэрнасць людзей, і такое суседства супярэчыць усёй логіцы светабудовы.

“…на губе яго ахоўвалі якуты. За любую маленькую правіннасць, просьбу, яны білі прыкладам па сьпіне, або ў грудзі. Цэлы дзень пад гучаньне адной і тэй жа песьні, салдаты пілавалі тоўстыя бярвеньні іржавай “Дружбай-2”. Паесьці давалі хлеб і ваду. Сахар адбіралі”.

Т а м – гэта існаванне без будучыні, без аніякай надзеі. Такое ж, як у “Левіяфане”, толькі, у адрозненне ад фільма, у Ліцьвінава гэта адчуваецца па-сапраўднаму страшна якраз праз немастацкасць і нелітаратурнасць тэксту. Чытаецца “эсэ” як паказанні сведкі, якому верыш. Верыш і ведаеш, што так яно ўсё было, ёсць цяпер, і да гэтага ўсяго не хочаш мець ніякага дачынення, ніякага дакранання. Савецкі свет. Русский мир.

0

Беларус не любіць змагароў. Не праз тое, што погляды не супадаюць, а праз пачуццё няёмкасці ў іх прысутнасці. Жывуць побач, бывае нават на працу і ў краму ходзяць, а самі нібы з іншага свету, дзе ўвесь час рэвалюцыя, акрываўленыя героі першымі ўстаюць з акопаў у апошні бой. Беларус азіраецца вакол, ніякага бою, тым больш апошняга, не заўважае і жыве, намагаючыся атрымліваць ад жыцця задавальненне. Ад змагароў жа трымаецца падалей, мала што можна ад іх чакаць!

Падобную няёмкасць выклікала ў мяне кніжка Віктара Казько “Час збіраць косці”. Абмяжуюся першай аповесцю “І нікога, хто ўбачыць мой страх”. Пра астатнія дзве няхай напіша хто іншы.

Безыменны галоўны герой — Майстра (заўсёды з вялікай літары), ён жа Ашыр (нязменная вялікая літара), як яго празвалі ў Сярэдняй Азіі, — збеларушаны татарын, адзін са ста “лепшых з лепшых у свеце за апошнія сто гадоў”. Стары Майстра, такі бедны, што ў яго часта няма грошай нават на ежу сабе і кату, атрымлівае запрашэнне ад ЮНЕСКА ў Парыж. Міністр адмаўляецца прафінансаваць дарогу і адпраўляе Майстра на “нейкія пасядзелкі” ў Ялту. Пасля падарожжа Майстра захворвае, трапляе ў лякарню і марыць дажыць да святкавання свайго юбілею, дзеля якога ён пашыў сабе смокінг…

Усе 130 старонак аповесці напісаныя няўласна-прамой мовай, апавяданне не выходзіць з кола думак галоўнага героя, чытач атрымлівае канцэнтрат ягоных няўхвальных ацэнак навакольнай рэчаіснасці і, па-сутнасці, не мае выбару: Майстра — адзіны магчымы аўтарытэт. Такі сабе велічны помнік, пад бронзавай фарбай якога прастукваецца гіпсакардон. Калі пра булгакаўскага безыменнага майстра мы ведаем, што ён аўтар геніяльнай кнігі, то ад Казько мы ніякіх тлумачэнняў не атрымліваем: Майстра і ўсё тут. Расшыфроўка ганаровага звання Ашыр з дапамогай гугла таксама не дапамагла. На арабскай гэта значыць “дзясяты дзень” عشر, а на іўрыце – “багаты” עשיר. Ніводнага намёку, у чым Майстра майстар, няма. У выніку ўся аповесць — гэта не гісторыя вялікага чалавека пры канцы жыцця, а дасканала выкананае апісанне свету крыўдлівага старога, які варагуе з усім і з усімі вакол. Ён выклікае спачуванне, але не разуменне. Немагчыма зразумець, чаму ён вядзе вайну не столькі з “сістэмай” у асобах міліцэйскага начальніка ці міністра, колькі са “снікерсамі” і бананамі, якія сімвалізуюць для яго… цяжка сказаць, можа, бездухоўнасць новай рэчаіснасці. Такое “змаганне” спараджае адчуванне няёмкасці, недарэчнасці, бо гэта ж усяго толькі не вартая асаблівай увагі ежа.

Гразкая рэфлексія Майстра абцяжарвае, ліпне да ботаў, і, калі б не некаторыя сцэнкі, прасоўвацца далей па тэксце было б праблематычна. Адны з іх выклікаюць ці то смех (Майстра хаваецца ў прыбіральні і імітуе запор, каб не падпісваць нейкі пасквіль), ці то разгубленасць (плюе на бананы і какосы, прынесеныя ў лякарню наведнікамі), ці то абурэнне (прымусова корміць крывянкай ката “з нейкім мусульманскім ці яўрэйскім ухілам, вывіхам”), іншыя ж бянтэжаць нечаканым надрывам:

— Ну вось што, сказаў Майстра. — Так ужо і быць. Даручаю табе ката. Хай ён застанецца пры табе…
Дагаварыць Майстра не паспеў. Сябра як стаяў сярод бальнічнай палаты, так і абваліўся на калені, працягнуў да яго сашчэпленыя далонь у далонь рукі:
— Не прымушай, не прымушай браць грэх і на без таго грэшную душу… …Не магу, не магу. Таму загадзя прашу ў цябе прабачэння. Не пракармлю, не пракармлю я твайго ката.
І сябра заплакаў і на каленях папоўз да Майстра. Майстра, забыўшыся на сябе, на свой боль і знямогу, кінуўся да сябра. Ён зразумеў, адчуў, што боль і пакуты сябра куды больш жахлівыя, страшныя за яго. Такія прызнанні чалавеку лёгка не даюцца. Вось дзе яна, сяброўская шчырасць і чалавечая безвыходнасць і бездапаможнасць…

Не сумняюся, што кніга будзе мець сваіх прыхільнікаў. Людзей, для якіх найважнейшым складнікам мастацтва з’яўляецца пафас і якія гатовыя знаходзіць яго ў ледзь не ў кожнай праяве паўсядзённага жыцця. Людзей, для якіх існуюць непахісныя культурныя аўтарытэты, такія, як Максім Багдановіч, магілу якога Майстра палівае віном і, двухсэнсоўна гуляючыся са словам “херэс”, дзеля большай эпічнасці адшуквае вачамі арла на суседняй гары. Людзей, для якіх нацыянальныя святыні — не пустое слова. Хаця… Памяняўшы ў некалькіх месцах бел-чырвона-белы сцяг на чырвонае палотнішча, а магілу Багдановіча на, скажам, магілу Машэрава, можна зладзіць перавыданне і павялічыць колькасць прыхільнікаў удвая. Ладна, працягваць не буду, лепш схаджу ў краму па бананы.

0

Кепскую кніжку ад патэнцыйна добрай я адрозніваю ўжо па першай-другой старонцы. Калі чытаю кепскую, мозг спрацоўвае сам: пачынае выпраўляць няўдалыя выразы на больш трапныя, выкідае лішняе ці дадае адсутнае. Міжволі я станоўлюся рэдактарам і ўвесь час памятаю, што спажываю штучна выраблены прадукт, які ўтрымлівае ненатуральныя ўзмацняльнікі смаку і харчовыя фарбавальнікі.

Зусім не так было з “Дзецьмі Аліндаркі”, і я ўдзячны Альгерду Бахарэвічу за тое, што ўпершыню за доўгі час беларуская кніжка пазбавіла мяне ад непатрэбнай разумовай працы і папросту падарыла асалоду ад працэсу чытання. Па-бахарэвічаўску насычаны тэкст прыемна есці поўнай лыжкай, дзякуючы яму пазнаецца забыты смак дзяцінства, і адначасова ён здзіўляе метафарычнасцю і арыгінальнасцю нечаканых інгрэдыентаў. Для мяне новы твор Бахарэвіча – безумоўна найсмачнешая літаратурная страва на беларускай мове за апошнія гады.

Пачатак рамана такі: брат і сястра ядуць у лесе чарніцы, непадалёк машына, з якой яны вышлі, усё ціха-мірна, быццам пакрытае шэрай плеўкай штодзённасці. Але ж не, зазіраючы ў думкі хлопчыка, мы сутыкаемся з вострымі аскепкамі нязвыклай, містычнай рэчаіснасці, якія прарэзваюць плеўку: чарніцы, падобныя да таблетак ад доктара, сетка ў Лагеры, да якой страшна падыходзіць, жахлівае Сярэдневечча і таямнічы Язык. Усё гэта – не больш чым дзіцячыя ўспаміны, але адразу разумееш, што яны вырастуць у нешта сур’ёзнае, страшнае. Ніводнае слова ў рамане не напісанае выпадкова, яно займае належнае яму месца, і з іх паступова складаецца фантастычны свет, у якім беларускамоўныя дзеці прызнаюцца хворымі і падлягаюць адмысловаму лекаванню ў лагеры, дзе забароненае ўжыванне мовы. Не засталося ніводнага яе носьбіта, акрамя бацькі-вар’ята, які вырашыў ратаваць мову, закласці яе ў сваю дачку, ізаляваўшы тую ад усяго навакольнага свету.

Першыя словы рамана – гэта ягоная назва. “Дзеці Аліндаркі”. Таго самага Аліндаркі, пры нараджэнні якога бацька прамовіў: “Кепска будзе”. Назва настройвае на песімістычны фінал ад самага пачатку. Так і ёсць: план па ўратаванні мовы правальваецца, праўда, аўтар ніводным словам і не даваў надзеі на ягоны поспех. Нічога добрага не адбываецца з ніводным з галоўных персанажаў да канца кнігі.

Марыя Мартысевіч у бліскучай рэцэнзіі http://lohvinau.by/%D0%BD%D1%8F%D1%85%D0%B0%D0%B9-%D0%BD%D1%96%D1%85%D1%82%D0%BE-%D0%BD%D1%8F-%D1%81%D1%8B%D0%B9%D0%B4%D0%B7%D0%B5-%D0%BD%D0%B5%D0%BF%D0%B0%D0%BA%D1%80%D1%8B%D1%9E%D0%B4%D0%B6%D0%B0%D0%BD%D1%8B%D0%BC/ расказвае пра сюжэтнае падабенства рамана Бахарэвіча з казкай братоў Грымаў пра Гензэля і Грэтэль. Акрамя сюжэта ёсць і іншыя, часта карыкатурных указальнікаў на нямецкую казку, напрыклад, домік вядзьмаркі пабудаваны не з пернікаў, а з пустых каробак з-пад кандытарскіх вырабаў “Спартак” і “Слодыч”. Але мая асноўная асацыяцыя была ўсё ж не з братамі Грымамі. Лес велічынёю амаль з увесь раман, у якім знаходзіцца страшны лагер, лес, дзе дзецям сустракаюцца ў найлепшым выпадку абыякавыя, а ў найгоршым – небяспечныя людзі, усюды голад, бруд, халадэча, бясконцасць, гэты лес як сімвал безнадзейнага беларускага лёсу нагадаў мне марозна-туманную прозу Васіля Быкава. У адрозненне ад быкаўскай выключнай рэалістычнасці, у “Дзецях Аліндаркі” шмат казачных, містычных элементаў (дзеці з дапамогай скорагаворак перамагаюць злых людзей, брат з’яўляецца на свет незвычайным спосабам і г.д.), аднак дзіўным чынам менавіта праз іх падчас чытання рамана знікае адчуванне фантастычнасці таго, што адбываецца. Паступова становіцца ясна, што свет, створаны аўтарам, – гэта не гісторыя з элементамі “антыўтопіі” ці “альтэрнатыўнай гісторыі” (Мартысевіч), а нашая ява, нашае сёння, якую не ўспрымае мозг, не заўважаюць вочы, бо яны заплюшчаныя. І іх страшна расплюшчыць. Страшна ўсвядоміць сваё вар’яцтва.

+1

так :)

думаю сыну будзе самы раз!

пляную працяг "яблыневы маёнтак" у гэтым годзе ;)

0

Ааа-ўтар :) Рады сустрэчы! Паміж іншым, падараваў Вашу кніжку 20гадоваму сыну, тыпу як "раман выхавання пачуццяў". Лічу, ужо можна :D

+1

дзякуй за "мілы" :)

+1

Вось яно, сапраўднае, сваё! Тое, што працінае да костак, што, неабуджанае, спала ў іх увесь час. Зусім іншае, не тое, што было ў апавяданнях пра перадавікоў у афіцыйных газетах. Гэтак думаў я, засвойваючы ўсім сваім арганізмам тарашкевічныя словы, выразы, сказы, цэлыя палосы з газеты “Свабода”, з “Нашай Нівы” ў пачатку 90-х. Свой тагачасны стан амаль наркатычнага прыходу я ўспомніў, прачытаўшы некалькі старонак “Мовы” Віктара Марціновіча. Напэўна, і аўтар перажыў нешта падобнае, так дакладна ён апісаў тое, што я адчуваў калісці. Пачаўшы на рускай мове, я адклаў раман і вырашыў працягнуць чытанне на беларускай.
Мае дачыненні з раманамі Марціновіча ніколі не былі складанымі. Я проста не мог іх чытаць. Адкрываючы чарговую нашумелую кніжку і перагарнуўшы некалькі старонак, я не мог прымусіць сябе далей глытаць іх штучную дакучліую інтэлектуальнасць. Але ж я не літаратар і не крытык. Не лезе мне і не лезе. Не ў трэндзе я, вось і ўсё. Спроба прымусіць сябе пракаўтнуць “Сцюдзёны вырай” скончылася паразай на кіндлаўскіх 70%. З “Мовай” атрымалася па-іншаму. Мяне вельмі кранула першапачатковая ідэя. Чытаючы, я намагаўся не зважаць на невядома нашто ўвапхнутыя туды выразы на ангельскай і разумнічанні па паўстаронкі, на ненатуральнасць дыялогаў. Тым больш, што сама па сабе беларуская мова рамана – найвышэйшага гатунку. Вось так мяне мова “Мовы” і падкупіла, і я ўпершыню дачытаў раман Марціновіча да канца.
Таксама падкупілі цытаваныя вершы і празаічныя ўрыўкі, якія выконвалі ролю несубстантыўнага наркотыку для тутэйшых. Любімыя, класічныя творы. Але ўсё ж выбар мог быць менш “папсовым”, можна было знайсці такія ж пранізлівыя рэчы, якія “стралялі” б якраз сваёй незацяганасцю.
Спачатку я ўсведамляў, што джанкі і барыга – гэта розныя людзі. На першых старонках даюцца адрозныя біяграфічныя звесткі. Але потым яны забыліся, і мне стала ўяўляцца, што джанкі – мінулае, а барыга – цяперашні стан аднаго і таго ж героя. Танальнасць, стылістыка іх маналогаў нічым не адрозніваюцца. Тое ж датычыцца і астатніх персанажаў. Відавочна, што для аўтара гэта ўвогуле не людзі ці ажылыя вобразы, а персанажы-функцыі. Яны павінны падвесці да пэўнай сюжэтнай кропкі, і на гэтым усё. Пасля гэтага яны аўтару нецікавыя.
Вобразы джанкі і барыгі сплятаюцца, утвараючы ствол апавядання, але ў пэўны момант галоўныя героі знікаюць, у дрэва адчшчыкваюць вершаліну, ад якой кволымі парасткамі разыходзяцца тэмы Цёткі, яе ахоўніка і магічнага “трэцяга” слова, сіноніма “кахання” і “любові”, аднак ніводзін з парасткаў не зможа раквітнець кульмінацыяй. Вельмі хацелася, каб аўтар адкрыў гэтае слова, і я з надзеяй чакаў ягонага выбуху ў канцы кнігі. Але – расчараванне, пранізлівай чытацкай асалоды ад адкрыцця таямніцы не адбылося. Кніжка сканчаецца прадказальнай паразай сілаў святла, што праўда, вынаходлівым ходам з сапсаваннем кода мовы-наркотыка.
Што ж да кода самой кніжкі, то я яго сустракаў у “аўтарытэтаў” сучаснай расейскай літаратуры, рознага кшталту пелевіных і лук’яненак. Гэта мова грубых вобразаў: шыкоўных бландынак і чорных лімузінаў. Такім вобразам не патрэбная індывідуальнасць, адметнасць. Пара слоў дае чытацкаму мозгу адпаведны сігнал і поўную характарыстыку па заезджаным шаблоне. Бракуе адметных назіранняў аўтара, унікальных запамінальных дробязяў. Ёсць арыгінальная ідэя і ёсць персанажы, якія гэтую ідэю павінны раскрыць і ўпрыгожыць, а ажыўляць іх – залішне, таму і мова герояў схематычная, і мова, якая іх апісвае, прымітыўная, глыбістая.
Што вынікае для мяне як шараговага чытача з усяго гэтага? Марціновіч піша на вельмі блізкую, балючую беларусам тэму, пра якую ён, відавочна, сам шмат думае (а можа, і проста правакуе, закранаючы яе). Ён робіць гэта, выкарыстоўваючы стэрэатыпныя вобразы, сродкамі легкага жанру, і сам жа каноны гэтага жанру парушае, не даводзячы сваіх галоўных герояў да кульмінацыі, робячы сюжэт прадказальным, нуднаватым. Замала таямніц, а тыя, што ёсць, – і гэта сапраўднае пісменніцкае злачынства – не раскрываюцца ў канцы кнігі. Калі б аўтар не намагаўся напісаць нешта эпахальнае, апакаліптычнае, а вырабіў нармальны “чалавечы” дэтэктыў, у яго атрымалася б выдатнае чытво не толькі для “тусоўкі”. Але і тое, што атрымалася, ужо вельмі і вельмі чытэльна, гэта, безумоўна, з’ява, і мне цікава, якім будзе ягоны наступны раман.

0

Беларускі Эрленд Лу. Так, крыху наіўна, але гэтаксама супер. Не "must read", але мілы. Рэкамендую ў падэпрэсіўным перыядзе :)

+1

ДЗЯКУЙ!

0

Пераезд з «Мімікрыі» ў «Маёнтак рыбы»

Гэтая кніга Аляксандра І. Бацкеля не стала такой загадкавай, як папярэдняя “Мімікрыя”. <...> З новай кнігі можна даведацца і асобныя біяграфічныя падрабязнасці жыцця маладога пісьменніка. Ён жыве на хутары. Дом яму дастаўся ў спадчыну ад бабулі. Тут ён не проста бавіць час за півам і нешта клацае на сваім ноўтбуку, але заняўся фермерскай гаспадаркай, якая пачала яго карміць. У тым сэнсе, што не толькі можа з’есці морквіну з градкі, або накапаць бульбы на вячэру – частку ўраджаю, які вырасціў уласнымі рукамі на дзедавай зямлі, ён прадае на кірмашы. Бо беларускае пісьменства не прыносіць прыбытку, гэта хутчэй наркатычны занятак, які апісаў у сваёй кнізе “Мова” Віктар Марціновіч.
“Маёнтак рыбы” – гэта зборнік малой прозы. У невялікіх навэлках аўтар распавядае пра сваіх суседзяў, пра гасцей, якія наведваюць яго сядзібу, пра свае думкі. А разважае Бацкель пра ўсё – пра таямніцы сусвету, пра прыроду жахаў, пра пракметы ўзросту і пра Веру, не тую, якая ёсць альбо няма ў чалавеку, а пра настуніцу Веру Паўлаўну.
Найлепшымі сябрамі Бацкеля з’яўляюцца сабакі. Катоў ён не любіць, бо лічыць іх прадажнымі і нявернымі. Бо калі гаспадару кепска, то і яго сабаке кепска, а вось котцы ўсё роўна. Таму ён і ня любіць котак.
У навелцы “Нобель” аўтар дзеліцца сваімі адкрыццямі пра няўмольнасць лёсу, маўляў, усё ў жыцці выпадковае і ў тым ліку Нобель. Усё вырашае рулетка. Калі пашчасціць, вам выпадзе выйгрыш. Калі не, то выбачайце. І нават калі вы пішаце вершы лепш за Іосіфа Бродскага, гэта нічога не значыць. Усе пытанні да рулеткі. Выснову з гэтых развагаў аўтар зрабіў наступную: “паўсюль існуе чалавечы фактар, паўсюль пануе чалавечая суб’ектыўнасць, і я даўно ўжо змірыўся з тым, што маіх нобелеўскіх прэтэндэнтаў ніколі не абірюць і маіх любімых пісьменнікаў ніколі не дадрукоўваюць, нават беларускіх.”
У гэтай навэлцы, па-мойму, разгадка -- і з’яўлення на свет Бацкеля, і пераезда аўтара са сталіцы на хутар, і нетаропкай, сузіральнаяй апавядальнасці новай кнігі. Калі ў “Мімікрыі” было шмат мітрэнгі, нерваў і нейкіх бязладных пошукай ідэальнага. То "Маёнтак рыбы” – гэта перадусім назіранні за дробным і неістотным, што атачае кожнага чалавека. Без спадзявання на што-кольвечы.

Алесь Аркуш

+1

Бесплатная электронная версия книги:
http://www.planktonus.by

0

Фінал крыху падкачаў. Нейкі зкамечаны. Напачатку асноўная метафара добра разгортваецца, але фінал нейкі банальны, непрадуманы. Але прачытаць раю.

0

Кніга добра, нават не чакаў.

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце