Прэпарацыя

Праўда жыцця

Medium?1427879318

1.

– Ты што,  губашлёп, не бачыў, што ва ўсяго племені “калашнікавы”? – хацела ведаць Савельеўна.

Гэта народны каларыт такі, – адбіваўся быў Пяцюня. 

– Каларыт? “Калашы”? У бабак і смаркатых дзяцей? У бяззубай малечы кулямётныя стужкі з кішэняў сцеляцца, а ты бачыш каларыт?! І калі павадыр стаў смаляць веерам у неба, ды ты што, думаў, гэта такі феерверк з нагоды афра-дажынак?! 

 

Ну, ага… Калаш” для іх як палка-капалка – яны нават пахлёбку прыклáдам мяшаюць. А звычайная палка наадварот – для турыстаў. Станчаць з ёй танец, на публіцы звараць у катле чэрап кракадзіла, а ўвечары, калі ўсе чужыя паз’язджалі, о-па! – выкінулі бутафорыю, узялі аўтамат і гайда паляваць на зяблікаў.

–  За кошт мазалёў гомельскіх даярак… гарачылася Савельеўна,  –  …дзяржаўнае тэлебачанне камандзіравала цябе да дружалюбных сяброў, на афрыканскі кантынент, фактычна да нашых суседзяў,  зрабіць краязнаўчы фільм пра мірнае жыццё, звычаі

Яна глянула на Пяцюню падкалодным позіркам жоўтых, звужаных вертыкальна зрэнак.  Пецюні зрабілася ніякавата. 

І як загадчыца творчага аб’яднання я не дапушчу імпарт гвалту, абараню мірны эфір рэспублікі

Савельеўна збілася на сык:

–  Калі ты, крыварук, праз тыдзень не выражаш з дакументалкі ўсе кадры з аўтаматамі,  дык вышпурну з канала. Без права перапіскі!

Пяцюня адхапіўся назад, як ад удару токам, але здолеў прамармытаць

– І дзе тут праблема? Ну, “калашы” ў руках, а не палкі… Але ж гэта праўда жыцця!

– Праўда жыцця, кажаш? Тады скажы, як гэтае племя называюць у свеце? 

– Па-іхняму цяжка вымавіць. Але ўсе кажуць – “чорныя самураі”.

Вось, самураі… – Савельеўна прымружыла драпежныя вочы. –  Праўда жыцця тут палягае ў тым, Пяцюня, што ў самураяў не павінна быць  ніякіх  “калашоў”. Дай ім палак-капалак,  лялек-вуду, публічнае харакіры, – ды што заўгодна, нават рытуал уваскрасення нябожчыкаў і канібалізм!  А абрадаў з “калашамі быць не мусіць. І гэта павінна стаць тваёй праўдай жыцця, Пяцюня, бо свойскі аўтамат –  іншая рэальнасць і зусім, зусім іншая праўда!  

–  Хоць чорныя самураі, хоць зялёныя –  ты рэжаш нас усіх,ціха, але не менш злосна дабівала Пяцюню маладзенькая карэспадэнтка Вольга. – За твой пракол з аўтаматамі ўсяму нашаму аб’яднанню, з Тамарай Савельеўнай заадно, не толькі прэміі не відаць, а яшчэ гадоў дзесяць будуць пасылаць у камандзіроўкі выключна ў лапы да мазолістых даярак Гомеля

Густа нафарбаваныя вейкі Вольгі сціснуліся не раўнуючы палоўкі драпежнай расінкі, і яна прыпячатала:

– Каб жа ж раней ведаць, што ты ў прафесійным плане труп…

Званітаваў Пяцюня проста ў дэкаратыўнае кустоўе за тэлецэнтрам. Паваліўся і застаўся ляжаць. Шыю металічным абцугом абхапіў нябачны каўнер, які невыносна душыў і сціскаў патыліцу. Раптам вострая голка працяла Пяцюню ў самае сэрца. Навокал сталася суцэльная цемра. 

2.

Папярэдні прагляд дакументалкі адбыўся ў наступную пятніцу. У глядацкай залі сабраліся толькі свае – аператары, аніматаркі і карэспандэнты. Савельеўна ўжо была ў курсе: невядома як, невядома, за якія сродкі, але Пяцюня ўсё ж прымудрыўся адзняць фільм без  “калашоў” у кадры. Пляткарылі, што дзеля гэтага ён прадаў ці то машыну ці то дачу і  паўторна злётаў у Афрыку. 

Першыя пяць хвілін фільму прайшлі гладка. Племя на экране жыла  штодзённым жыццём. Заматаныя ў  чорныя апранахі мужчыны спраўна танчылі абрадавыя танцы ля вогнішча. Жанчыны, таксама ўблытаныя з макаўкі да пят у нейкія анучы, гуртаваліся ля катла. Пяцюнеў голас вяшчаў па-за кадрам нешта аптымістычна-турыстычнае. Аўтаматы зніклі начыста: афрыканцы ўсюды, і ў працы, і ў рытуальных двубоях, ужывалі свае традыцыйныя палкі. 

Вядома, гэта была не Афрыка. У пустэльным ландшафце Савельеўна без цяжкасцяў пазнала вырытыя ля самага МКАДа Чыжоўскія кар’ерыІ на тры-пятнаццаць выкрыла фальшывых афрыканцаў, якія старанна хавалі ад камеры твары і колер скуры.  

Пакуль Савельеўна захаплялася прафесійнымі хітрыкамі Пяцюні, у глядацкую залу зайшлі дзве дзіўныя постаці і старанна прычынілі за сабой дзверы. Апранутыя ў чорныя лахманы і выхадныя туфлі. Моцна схуднелыя. Твары ў рытвінах пакрывалі сонечныя акуляры – толькі выпіналі чорныя скулы.  “Афрыканцы з племені!” – зашушукаліся здзіўленыя телевізійнікі. Але і цяпер Савельеўна не дазволіла збіць сябе з панталыку.  Было ясна – Пяцюня наняў бамжоў або студэнтаў. Фальшывыя афрыканцы занялі крэслы абапал маладзенькай Вольгі.

Сам аўтар фільма, што цяпер сядзеў ля Савельеўны, меў профіль таксама змізарнелы, змарнелы. Шчокі ўваліліся. Ад Пяцюні патыхала нежыццю. Ён моршчыўся і адводзіў вочы ад святла. Савельеўне на хвілю нават зрабілася трохі шкада падначаленага. Але адсунуўшыся, яна зноў утаропілася ў экран. Ну, выцягнуў хлопец жылы – зрэшты, такая праца.

На шостай хвіліне, драпежна ўсміхнуўшыся ў камеру, павадыр племені дастаў з кіпячага катла гліняную ляльку-вуду. Палкай пракалоў ляльчыну нагу, і магутны боль працяў цягліцы Савельеўны трохі вышэй за калена. 

Але ж тое быў не ўкол палкай. Перавёўшы ашаломлены позірк долу, шакаваная Савельеўна заўважыла доўгія белыя зубы Пяцюні, што, уеўшыся ў нагу, прагна адкусвалі акравак.  Вольга завішчэла, як рэзаная – фальшывыя афрыканцы прыпалі да яе тулава і пажадліва ўгрызаліся ў маладыя бакі. Аператары і аніматаркі, безвынікова грукаючыся ў замкнёныя дзверы глядацкай залы, нема загаласілі. 

Тымчасам на экране павадыр па самыя пальцы ўвагнаў сабе ў ніз жывата палку і аберуч пацягнуў яе ўгору, да грудной клеткі. З плячэй і галавы зляцелі лахманы. Зрабіўшы  літару “Г”, шкілет яшчэ раз усміхнуўся ў камеру шчырай усмешкай – рабіць сабе харакіры ў голай грудзіне яму відавочна падабалася. 

Пакуль Пяцюня няспешна даядаў Савельеўну, парачка фальшывых афрыканцаў чыніла разборы астатнім супрацоўнікам аб’яднання. 

 

У рубрыцы "Прэпарацыя" тры крытыкі выказваюцца пра адзін твор, пры гэтым яны не ведаюць, хто аўтар. Ягонае імя мы назавем у наступным выпуску.  

Аўтар гэтага апавядання – празаік і перакладчык – Павел Касцюкевіч! 




0
Адзнака крытыкаў 0
2,5
3
1
2
1
Адзнака чытачоў 2
Рэцэнзіі
Слова "Зомбі-скрыня” так даўно і трывала ўвайшло ў нашае жыццё, што ўжо і не адшукаеш, хто ж першы ўжыў гэтую выдатную...
Аповед, хоць і называецца "праўдаю", адразу ж абдае фальшам. Усяму тут зададзены нейкі нядбалы тон. Героі са сваімі савецкімі...
Выдатная гісторыя, праўда, структурна падобная не зусім на апавяданне, а, хутчэй, на літаратурны фельетон (нават герояў завуць неяк фельетоніста...

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментары 3
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі

Прапаную ўсім наступным пачытаць адразу выказванні крытыкаў, і толькі потым - сам тэкст.
Даўно не атрымліваў такога задавальнення ад сённяшняга чытання)) Дзякуй, Букстэр! Смяяўся... і яшчэ пасля смяяяўся.

Што да самога апавядання, то ўзровень задумы... на 16 -гадовага падлетка. Альбо аўтару столькі гадоў, альбо дарослы дурэе.
Узровень рэалізацыі сугучны з сучасным уяўленне аб фэнтэзі: так, каб ніхто нічога не зразумеў, але быццам і цікава.
Мова падказвае на высокі ўзровень... досвед...
Схіляюся да таго, што нехта дурэе))

А задума класная!

+1

Было весела.

Рад быў бы памыліцца ў сваім недаверы, калі чытаў прадмову да рубрыкі, што, маўляў, кожны тыдзень будзе з'яўляцца новы твор. Але не, усё прадказальна - амаль два тыдні мінула, а нічога новага.

0

Прабачце, былі тэхнічныя непаладкі. Але вось новае! http://bookster.by/pages/italjanskije-kanikuly Пастараемся надалей не спазняцца.

0
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце