Блог

Авантуры філосафа з беларускай вёскі

Medium?1550520694

На беларускую мову нарэшце пераклалі першую частку ўспамінаў Саламона Маймона – славутага філосафа, які паходзіў з Вялікага Княства Літоўскага. Ягонае імя стаіць побач з такімі мыслярамі як Кант, Гётэ, Фіхтэ, Шылер. Але апроч філасофскіх прац, Маймон пакінуў захапляльную аўтабіяграфію, поўную прыгодаў і крутых віражоў. Для “Букстэра” яе прачытала Каця Рускевіч.

 

Аўтабіяграфія, напісаная па-нямецку, выйшла ў 1792 годзе і лічыцца самым чытаным творам Маймона ў першую чаргу праз займальнае апісанне жыцця і побыту беларускіх (польска-літоўскіх) габрэяў, хасідызму, саслоўных адносінаў і нораваў часу.

Як атрымалася, што выхадзец з беларускага мястэчка апынуўся ў кампаніі Фіхтэ, Шэлінга, Рэйнгальда, Мендэльсона ды астатніх? У жыцці Саламона Маймона сышліся два фактары: час і любоў да ведаў, дакладней, апантанасць ведамі.

Канец “прыгожай” эпохі, шляхта і Гаскала

Саламон Маймон нарадзіўся прыблізна ў 1753 годзе ў вёсцы Жукаў Барок, недалёка ад Міра, гэта былі землі, якія належалі Радзівілам, хоць Радзівілам тады належала практычна ўсё. Ягоны дзед быў арандатарам, а бацька – купцом і равінам. Паводле Маймона, справы вяліся бязглузда, але дастатак у сям'і быў. Праўда, калі чытаеш біяграфію, здаецца, яшчэ троху, і ўсё скончыцца кепска: сям'я разарыцца, усіх заб’юць п'яныя расейскія вайскоўцы або шляхцічы.

Другая палова XVIII стагоддзя – дзіўны час, канец адной вялікай эпохі і пачатак наступнай, літаральна праз пару дзясяткаў гадоў адбудзецца першы падзел Рэчы Паспалітай, і частка тэрыторый адыйдзе Расейскай імперыі. У Нямеччыне пачнецца рух Гаскала (або хаскала), ініцыятарам якога лічыцца Мозес Мендэльсон. Гаскала (або хаскала) – рух за габрэйскае асветніцтва: гэта і спроба выцягнуць габрэяў са шматвекавога гета, і барацьба са мноствам стэрэатыпаў у іх бок. Мендэльсон адыграў не апошнюю ролю ў лёсе Саламона Маймона. У сярэдзіне XVIII стагоддзя на землях ашкеназі паўстае хасідызм. Пасля кароткага захаплення новай плынню Маймон апіша мясцовых «цадыкаў» з вялікім сарказмам.

Аўтабіяграфія Саламона Маймона – адметны дакумент сваёй эпохі, напісаны зразумела, адкрыта, шчыра і часта наіўна. Калі праводзіць моўныя паралелі, тэкст прасцей уявіць у пачатку XX стагоддзя, чым у канцы XVIII. Маймон не толькі распавядае асабістую гісторыю, але і тлумачыць, што ўяўляе сабой свет усходніх габрэяў, што такое кагал, па якіх правілах адбываецца арэнда (вядома, што габрэі не маглі працаваць на зямлі, але ім было дазволена гандляваць і займацца дробным рамесніцтвам), як праходзіць навучанне ў школах (ешывах), чаму зарадзіўся хасідызм. Ну і, вядома ж, пра тое, як паводзілася шляхта.

Пане Каханку

Кароль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку, сын Урсулы Радзівіл і Міхала Радзвіла Рыбанькі, грамату ведаў не надта добра, затое любіў шумныя святы і вясёлыя гісторыі. Аднойчы пане пераблытаў алтарную частку ў царкве з прыбіральняй. Аднак штраф за п'яны промах плаціць давялося габрэям. Іншым разам ён зладзіў пагром у сінагозе. Нямала даводзілася цярпець і ад расейскіх вайскоўцаў, якія ў той час лютавалі ва ўладаннях Радзівілаў.

Адзінаццацігадовы жаніх-талмудыст

У сем гадоў Саламона адпраўляюць вучыцца ў ешыву ў Міры, потым была школа ў Івянцы, да адзінаццаці гадоў ён выдатна ведаў Талмуд і лічыўся відным жаніхом, бо мець вучонага зяця-талмудыста было прэстыжна. За Маймона змагалася некалькі сем'яў, яго паспелі тройчы ажаніць і адзін раз нават выкрасці. У выніку перамагла мадам Рыся, уладальніца карчмы. Адзінаццаць гадоў – дзіцячы ўзрост. Весела і адначасова дзіўна чытаць як юны муж увесь час ваюе з цешчай, якая яго банальна недакармлівала, хаця паводле кантракту была абавязаная цалкам утрымліваць. У 14 гадоў Саламон Маймон робіцца бацькам, і, здаецца, ён сам не вельмі добра разумее, як так атрымалася.

"Маё жыццё ад маёй жаніцьбы да ад'езду, то бок прамежак часу, які ахоплівае росквіт майго ўзросту, стаўся шэрагам разнастайных няшчасцяў".

Апантанасць ведамі, кабала і падарожжы

З аднаго боку – дзікі разгул шляхты і лютасць расейскіх вайскоўцаў, з другога – абмежаванасць і “забабоны” габрэйскага свету. Ратавала толькі любоў да ведаў. Значная частка аўтабіяграфіі – гэта рэлігійныя і філасофскія развагі, каментары да тэкстаў, ёсць цэлы раздзел, прысвечаны гісторыі іудаізму і традыцыям. Саламон Маймон самастойна вывучыў лацінскую і нямецкую мовы, літаральна займаючыся дэшыфроўкай пісьмовых знакаў. Ён мог прайсці 30 міляў пешшу, выпадкова даведаўшыся, што ў нейкага равіна ёсць кніга, якую ён яшчэ не чытаў. Вывучаў кабалу і нават вырашыў, што на пэўны момант стаў нябачным, але своечасова атрымаў аплявуху ад прыяцеля.

Каб утрымліваць сям'ю даводзілася працаваць хатнім настаўнікам, «і гарэлка тут была маёй адзінай уцехай». Ужо потым, адной з прычын смерці Маймона назавуць алкагалізм.

Саламон Маймон

У нейкі момант прага ведаў усё ж змусіла яго з'ехаць. Спачатку ў Прусію, потым у Нямеччыну – амаль паўгода Маймон блукаў па ёй з прафесійным жабраком. Пасля два гады ён быў настаўнікам у сям'і ў Познані, пакуль няўжыўчывы характар не прымусіў зноў паехаць у Нямеччыну. Гэтым разам Саламону Маймону пашанцавала больш: ён трапляе ў Берлін, знаёміцца з Мозесам Мендэльсонам, але гэта ўжо іншая, не перакладзеная пакуль частка аўтабіяграфіі.

У жыцці Саламона было яшчэ нямала розных здарэнняў: напрыклад, спроба прыняць хрысціянства. Святар, зразумела, яму адмовіў, пасля чаго Саламон некаторы час усур’ёз разважаў пра самагубства. Праз восем год пасля расстання ў Берлін прыбыла жонка Сара з сынам, патрабуючы развода ці вяртання дадому. Апошнія гады Саламон Маймон знаходзіўся пад апякунствам мецэната – графа Калькрайта.

Замак графа Калькрайта, дзе правёў апошнія дні Маймон

Паводле некаторых звестак, мясцовая габрэйская грамада адмовіла ў традыцыйным пахаванні Маймона за так званыя ерытычныя погляды, і пасля смерці некаторыя з ягоных твораў былі знішчаныя.

Недаацэнены філосаф

Філасофскі аспект сапраўды важны, і на ім варта спыніцца больш падрабязна. Спадчына Маймона шырокая і разнастайная, галоўнай працай лічыцца «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі». Ён напісаў каментары да твораў Арыстоцеля і Бэкана, а таксама да твору Майманіда «Морэ Небухім»(«Даведнік блукаючага»).

Майманід

Майманід або Мошэ бен Маймон — вядомы талмудыст, багаслоў XII стагоддзя. Менавіта ў гонар яго Саламон Маймон узяў сабе прозвішча (насамрэч філосафа звалі Саламон Гайман).

З 1783 да 1793 год разам з Карлам Морыцам яны выдавалі адзін з першых у Еўропе часопісаў, прысвечаных псіхалогіі. Значная частка філасофскіх прац Саламона Маймона была напісаная на іўрыце і да гэтага часу не перакладзеная, вялікая колькасць іх знікла. У любым выпадку філасофскія заслугі Маймона відавочна недаацэненыя і забытыя, будзем спадзявацца, што часова.

Як часта гэта бывае, ідэі або крытычнае асэнсаванне ідэй знайшлі свой працяг у працах іншых, больш значных, фігур: непасрэдна ў Іагана Фіхтэ, ускосна ў Шэлінга і Гегеля, неакантыянцаў Марбургскай школы: Когена, Наторпа, Касірэра, а ў XX стагоддзі і ў Жыля Делёза. Саламона Маймона не раз згадвалі ў ліставаннях Гётэ і Шылер. Генрых Гейнэ цытуе ўрывак з яго аўтабіяграфіі ў сваёй працы «Гісторыя рэлігіі і філасофіі ў Германіі» (1834 г.). У «Новай гісторыі філасофіі» (у томе, прысвечаным Фіхтэ) пра яго піша Куна Фішэр.

Імануіл Кант

Кантазнаўцы ставяць Маймона на другое месца пасля Фіхтэ. Хочацца думаць, калі б Саламон Маймон пісаў троху прасцей і пражыў бы даўжэй, ён апынуўся б на першым месцы. У лісце да Маркуса Герца Кант напіша: «Я бачу, што не толькі ніхто з маіх праціўнікаў так добра не зразумеў мяне і цэнтральныя пытанні, але і што вельмі нешматлікія маглі б валодаць такой глыбокай праніклівасцю для такіх глыбокіх даследаванняў».

З працамі сучаснікаў Маймон абыходзіўся як з Талмудам і Торай – даткліва вывучаў і каментаваў. Такі падыход адрозніваўся ад прынятага сістэматычнага выкладання, але Маймона гэта не хвалявала. У габрэйскай традыцыі ёсць тры ступені пазнання: каментаванне, тлумачэнне і дыспут. Маймон уступае ў дыспут з кожнай новай кнігай, няважна, ці гэта прачытаны ў дзяцінстве падручнік па астраноміі або «Крытыка чыстага розуму» Канта.

Ён не аддзяляе «жыццё розуму» ад знешніх падзеяў, дакладней, знешнія падзеі застаюцца фонам, галоўнае для яго – гэта бясконцы пошук ведаў, амаль апантанасць. Саббатыя Вольф згадвае, што падчас чытання матэматычных прац Леанарда Эйлера Маймон пачынаў разгойдвацца, як быццам знаходзіўся на ўроку ў ешыве.

Сучасныя выданні

У рускім перакладзе 1872 года кніга называлася «Гісторыя жыцця Шлома Маймона, напісаная ім самім». Цяпер выдавецкі цэнтр «Гуманітарная Акадэмія» ў Санкт-Пецярбурзе рыхтуе сямітамовую філасофскую «Спадчыну Саламона Маймона», паралельна ажыццяўляецца пераклад і публікацыя на англійскай мове.

У менскім выдавецтве “Эканомпрэс” пакуль выйшла толькі першая частка аўтабіяграфіі. І гэта вельмі важная падзея, нягледзячы на некаторыя дзівацтвы беларускага перакладу і сціпласць выдання (да тэксту хочацца бачыць шырокі гістарычны каментар, ілюстрацыі і асобны тлумачальны слоўнік ідыша). Зразумела, што недахопы – гэта ў першую чаргу пытанне фінансаў. У такім выпадку застаецца спадзявацца на перавыданне кнігі (наклад у 500 асобнікаў выглядае несур’ёзным). І, вядома ж, на выхад другой часткі аўтабіяграфіі.

Напрыканцы хацелася б сказаць дзякуй Антону Бархаткову за ўступны філасофскі каментар. Антон абараніў дысертацыю па трансцэндэнтальнай філасофіі Імануіла Канта і Саламона Маймона. І калі не стае часу і цярпення чытаць філасофскія працы ды разбірацца ў крытыцы ідэй, то ў навуковай прадмове асноўныя праблемныя моманты пададзеныя проста і даступна.

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце