Блог

Горад з адбіткам смутку

Medium?1549629571

“Стамбул. Горад і ўспаміны” Архана Памука ў беларускім перакладзе Таццяны Урублеўскай-Токер выйшаў акурат да сезону планавання летніх адпачынкаў. Маршрут пракладзены. Адкрываць Стамбул варта з гэтае кнігі. Вера Дзядок прайшлася таемнымі вулачкамі дзяцінства пісьменніка.

 

Пачынаць прагулку па горадзе лепш за ўсё з дома сямейства Памук на праспекце Тэшвікіе. Гэты дом пабудаваў дзед пісьменніка. У дзяцінстве Архана Памука тут жыла ўся вялікая сям’я з бабуляй, цёткамі і дзядзькамі, стрыечнымі братамі і сёстрамі.  У гэтым жа доме ён пазней пісаў свае раманы, у ім правёў амаль усё сваё жыццё, толькі ненадоўга пераязджаючы ў іншыя кватэры, таму мяркуе, што ў наш час міграцый і перамяшчэнняў акурат гэтае пастаянства робіць ягоны расповед пра горад адметным. Для Архана Памука горад – гэта не тапаграфія, а выпадковыя сустрэчы людзей, што жывуць на адным месцы па пяцьдзясят гадоў, іхнія ўспаміны. У дзяцінстве Архана гэты раён толькі пачынаў забудоўвацца на месцы былых загарадных рэзідэнцый асманскай эпохі. Мінулае, на думку Памука, назаўжды наклала на Стамбул адбітак смутку. Памяць пра візіраў, непатрэбных больш асманскіх чыноўнікаў і іх дзівацтвы была яшчэ жывая і перадавалася з вуснаў у вусны. 

“У нашым доме абыходзілі маўчаннем гэтыя разбураныя і спаленыя асабнякі, назаўжды звязаныя з гісторыямі аб звар’яцелых прынцах, прыдворных курцах опіуму, замкнёных на гарышчы дзецях, дочках падзішаха, якія здраджвалі сваім сужэнцам, пашах, адпраўленых у ссылку або забітых, з заняпадам і разбурэннем Асманскай дзяржавы.”

Проста па праспекце Тэшвікіе можна спусціцца да параходнай прыстані і пераплыць на іншы бок Басфора.

Прагулкі па Басфоры былі неад’емнай часткай жыцця кожнай стамбульскай сям’і з дастаткам, а дактары лічылі, што ягонае паветра гаючае. Не ведаю, ці можа кожны стамбулец адрозніць караблі па гуку, але “падлік караблёў”, іх дакладная фіксацыя ў памяці доўгія гады давала школьніку Архану адчуванне бяспекі і кантролю над сітуацыяй. Пазней ён высветліў, што такая ж звычка ёсць у многіх стамбульцаў. Адзін ягоны сваяк нават занатоўваў у сшытак усе пабачаныя ім караблі. 

Калі вас запросяць у госці, абавязкова звярніце ўвагу: ці сапраўды мэбля ў кватэры стаіць так, каб было зручна назіраць за Басфорам. 

З вады горад выглядае зусім іначай, чым з сушы. Да таго ж, доўгі час берагі былі забудаваныя толькі “ялы”—загараднымі маёнткамі асманскіх чыноўнікаў, якія не выстаўлялі сваё прыватнае жыццё напаказ. З сушы туды трапіць было немагчыма, тым цікавей было назіраць за гэтым таемным жыццём з парахода гарадскіх ліній. Гледзячы на гэты іншы свет з вады, Памук адчуваў: “...тут некалі жылі людзі трохі падобныя да нас, толькі жыццё ў іх было зусім іншае; я разумеў, што часы тыя даўно мінулі, і адчуваў, што мы ўсё ж іншыя — у параўнанні з імі мы больш бедныя, зняможаныя, зашуганыя і правінцыйныя”.

У сённяшнім Стамбуле з больш як 20 мільёнамі насельніцтва ёсць дзеці, якія ў дзесяцігадовым узросце яшчэ ні разу не бачылі Басфора. А многія жыхары аддаленых раёнаў увогуле не ўважаюць сябе стамбульцамі.

У анатацыі да беларускага выдання напісана, што Памук услаўяе Стамбул. Але гэта зусім не так. Ад процьмы іншых кніг гэтую адрознівае сумяшчэнне двух поглядаў: унутранага і знешняга. Памук аднолькава добра ведае, якім бачаць горад заезджыя еўрапейцы і мясцовыя аматары Стамбула. 

Яму ўвогуле наканавана быць пасярэднікам, якога ўвесь час спрабуюць перацягнуць на свой бок у палітычных спрэчках. За публічнае ўзгадванне генацыда армян у 2006 годзе Памук быў прыцягнуты да адказнасці па артыкуле “Публічная абраза туркізму”. Шэсць асобаў палічылі сябе зняважанымі ягоным інтэрв’ю швейцарскай газеце, дзе ён кажа, што “туркі забілі на гэтай зямлі трыццаць тысяч курдаў і мільён армянаў”. І наадварот, у сваёй прамове з нагоды ўручэння прэстыжнай Прэміі нямецкага кнігагандлю ў 2005 годзе Памук казаў пра расчараванне з прычыны маруднага прагрэсу ў пытанні прыняцця Турцыі ў ЕС і пра распаўсюджванне нацыяналізму ў Турцыі як рэакцыю на зняважлівае стаўленне да туркаў у Еўропе.

Вобраз Стамбула, вядомы сёння  ў свеце, стварылі французы – спачатку Жэрар дэ Нерваль, а пасля Тэафіль Гацье. Яны прызналі прыгожымі ўскраіны і руіны. Яны шукалі ў Стамбуле менавіта экзотыкі і бачылі адметнасць у тым, чаго самі стамбульцы хутчэй саромеліся. 

Стамбульцаў хваравіта цікавіць, якое ўражанне застаецца ў еўрапейцаў ад іх горада (і каго гэта нам нагадвае?).

Пры гэтым яны ў штыкі ўспрымаюць крытыку таго, што і самі крытыкуюць. Адукаванай частцы хочацца, каб еўрапейцы заўважылі, наколькі туркі еўрапеізаваныя, а еўрапейцы наадвароць шукаюць у Стамбуле экзотыкі. Так узнікае зачараванае кола любові і нянавісці – парадокс, вядомы кожнаму беларускаму літаратару, які спрабаваў выдаць свае кнігі на Захадзе.

Менавіта погляд французаў сфармаваў традыцыю лічыць прыгожым спалучэнне велічных бізантыйскіх руінаў і простага, амаль вясковага жыцця – распаўсюджаны матыў паштовак. Зрэшты, велічныя руіны – гэта яшчэ і практычна: у іх нішах лёгка знаходзяць прытулак бадзягі.

Калі на вуліцах Стамбула вам сустрэнецца адна са шматлікіх сабачых зграяў, так і ведайце: гэта самая красамоўная ілюстрацыя адвечнага стамбульскага канфлікта паміж жаданнем стаць Еўропай і ўсведамленнем сваёй нееўрапейскасці. Сабакі ледзьве не сталі ахвярай еўрапеізацыі Стамбула, як і скасаванае султанамі-рэфарматарамі войска янычараў, гарэм, дэрвішскія прыстанкі, могілкі ў садах і на плошчах, не агароджаныя ад паўсядзённага жыцця (па іх, дарэчы, Памук сумуе больш за ўсё, зрэшты, начны гандаль, напрыклад, на вуліцы DivanYolu адбываецца калі не пасярод магілаў, дык зусім побач з імі). А што з бадзяжнымі сабакамі? Іх двойчы спрабавалі цэнтралізавана вывезці з гораду. Апошні раз – у 70-я гады XIX стагоддзя. Вывезці сабак на выспу Сіўрыяда ў Мармуровым моры было даручана цыганам, але нейкім чынам сабакі зноў вярнуліся ў Стамбул.

У сённяшнім Стамбуле паўсюль вандроўнік заўважыць нацыянальную сімволіку. На капотах машын, на вокладках для тэлефона, талерачках, гальштуках, часовых татушках і ўвогуле на кожным кроку доўгіх вуліц Гранд Базара. У любой кнігарні можна набыць плакат з Атацюркам. У кавярнях, хамамах і крамах ягоны партрэт у чырвоным куце. А калі кавярню ці гатэль наведваў Эрдаган, то яго фота таксама будзе вісець на самым пачэсным месцы разам са здымкамі іншых зорак.

Памук згадвае, як у 1955 годзе машына яго дзядзькі засталася некранутай падчас пагромаў толькі праз тое, што дзеці прычапілі на яе сцікер з турэцкім сцяжком. Тады Кіпр пераходзіў да Грэцыі, і пасля падпалу турэцкім правакатарам дому Атацюрка ў Салоніках увесь Стамбул ахапілі пагромы на нацыянальнай глебе. Многія жыхары грэцкіх, армянскіх кварталаў пацярпелі, крамы рабавалі, а жанчын гвалцілі. Наогул за апошнія 50 гадоў Стамбул пакінула больш грэкаў, чым за папярэднія 500 гадоў пасля “узяцця Стамбула”, кажа Памук. У пачатку ХХ стагоддзя толькі палова насельніцтва гораду спавядала іслам, а большую частку неісламскага насельніцтва складалі грэкі – нашчадкі візантыйцаў.

Сляды той асманскай культуры і росквіту, які скончыўся зусім нядаўна, у Стамбуле паўсюль, і гэта і стварае яго непаўторную атмасферу і культуру смутку (hüzün). Іншая крыніцы стамбульскага смутку – гэта беднасць. Варта адысці на некалькі соцень метраў ад прычалу Эмінёню углыб кварталаў – і ты апынешся сярод драўляных напаўразваленых хат, пабачыш людзей, якія цягнуць на карку шматкілаграмовыя грузы. Існаванне гэтага паралельнага Стамбула і наводзіць смутак:

“...там, наверсе, на мосце, сярод рэкламы банкаў і тралейбусных «вусоў», на галоўных гарадскіх магістралях быў сакавік 1972 года, а ў нас, унізе, — зусім іншы, старажытны, неабсяжны і павольны час. Спусціўшыся на прыстань па выпадкова заўважаных прыступках, я нібы перанёсся на трыццаць гадоў назад, у дні, калі Стамбул быў значна больш адарваным ад свету, бедным і значна больш смутным горадам”.

Гэтыя кварталы – майстэрні вакол мячэта Сулейманіе з вечным гоманам і грукатам інструментаў або кварталы электратэхнікі, якія нагадваюць пра няўдалыя спробы ягоных бацькі і дзядзькі заняцца бізнэсам — Памук шчыра ненавідзіць. Але дадае, што калі ты ненавідзіш свой горад, значыць, ты няшчасны.

Аднойчы пасля расстання з каханай дзяўчынай і бясконцага блукання гэтымі вуліцамі, ён прыйшоў дадому і сказаў: “Я перадумаў быць мастаком. Я буду пісьменнікам” – нам на радасць.

Нельга абмінуць у Стамбуле “Музей цноты”, курыраваны самім Памукам. У экспазіцыі рэчы, якія нібыта належалі гераіні яго аднайменнага раману.  Але гэтая кніга яшчэ чакае свайго перакладу, як і “Мае дзіўныя думкі” (каб лепей разумець Стамбул самазахопленых дамоў і культуру вулічнага гандлю бузой), і “Снег” (каб лепей разумець, што значыць хустка на галаве турчанкі).

Фотаздымкі Веры Дзядок і Сяргея Харэўскага

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце