Блог

Кнігарня “логвінаЎ” пераязджае на новае месца

Medium?1560878100

Знакамітая кнігарня перамесціцца на вуліцу Караля, 22 і аб’яднаецца з крамай вінтажнай мэблі “Б/уржуазныя каштоўнасці”.

 

Па звыклым адрасе ў раёне плошчы Перамогі кнігарні засталося працаваць каля месяца. 

“Паўстала пагроза дзейнасці выдавецтва, бо выдаткі на ўтрыманне гэтага памяшкання большыя, чым мы зарабляем, – тлумачыць выдавец Ігар Логвінаў. – Да таго ж, ёсць псіхалагічнае адчуванне вычарпанасці праекта, бо апошнія год ці два мы не развіваемся. Прыспеў час абнаўлення”.

Фота Юрый Сідун, Generation.by

У двухузроўневым памяшканні на вуліцы Караля для кнігарні “логвінаЎ” вылучаць асобную прастору, якая мае арганічна спалучыцца з антыкварнай крамай “Б/уржуазныя каштоўнасці”. 

“Сама па сабе кнігарня нас ніколі асабліва не цікавіла, нас цікавіла пляцоўка для сустрэч, размоваў, імпрэзаў, – кажа Ігар Логвінаў. – Крама “Буржуазныя каштоўнасці” – месца з прыгожай мэбляй і добрай атмасферай, у якую мы пастараемся максімальна ўпісацца”.

Ігар Логвінаў, фота bookstore.lohvinau.by

Пасля пераезду "логвінаЎ" зменіць асартымент і нават падыход да продажу:

“Мы маленькае крафтавае выдавецтва і да кніг ставімся найперш не як да тавару, мы не зарабляем на гэтым вялікія грошы, а зарабляем задавальненне і сяброўства. І гэтую ідэалогію мы хочам развіць на новым месцы”.

Пакінуць знакаміты будынак з літарай “Ў” кнігарня плануе ў сярэдзіне ліпеня. На развітанне абвешчаны татальны распродаж – кнігі можна набыць са зніжкай у 20 – 50%. 

Фота maxim-nm.livejournal.com

Кнігарня “логвінаЎ” адкрылася ў 2010 годзе на месцы былога пункта прыёму шклатары ў дварах ля плошчы Перамогі і стала культавай пляцоўкай для аматараў літаратуры. Тут адбываліся сотні кніжных прэзентацый, філасофскія дыспуты, паэтычныя марафоны, канцэрты, уручэнні прэмій, лекцыі і вечарынкі. 

Доўгі час кнігарня ўтварала адзіную арт-прастору з галерэяй сучаснага мастацтва “Ў” і Ў-барам, якія летась пераехалі на вуліцу Кастрычніцкая пасля таго, як стала вядома, што тэрыторыя прададзеная з аўкцыёну, а будынак у нявызначаны тэрмін падлягае зносу. 

У 2015 годзе кнігарня "логвінаЎ" мусіла выплаціць вялізны штраф і была пад пагрозай закрыцця. Літаратары і чытачы зладзілі марафон салідарнасці, падчас якога сабралі ўсю неабходную суму. Імёны тых, хто дапамагаў, месцяцца на столі ў выглядзе зорачак. Гэтае “зорнае неба” каманда кнігарні плануе перанесці і ў новую прастору. 

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце