Блог

“Мінкульт” ад сьвятога Мікалая

Medium?1545652845

Адэля Дубавец у перадкалядныя вечары пагартала новы літаратурны часопіс і ўявіла сябе чалавекам, якому першы нумар “Мінкульта” падклалі пад ялінку.

 

Дапусьцім, сьвяты Мікалай ня проста існуе ды прыносіць падарункі нават дарослым, дапусьцім таксама, што ён цалкам добра арыентуецца ў беларускім літаратурным працэсе ды абнаўляе свае веды перад самай silent night. Наш сьвяточны чалавек нахіляецца да каляднага дрэва і з шалёсткіх папераў дастае сьвежанькі ды толькі нядаўна прэзэнтаваны часопіс “Мінкульт”. Пакуль усе сьпяць, чалавек сядае ў асьветлены гірляндай утулак ды чытае апошні піск белліту.

Першае, што кідаецца ў заспаныя вочы, — абсалютна ляканічнае выкананьне. У часопісе няма рубрык ды разьдзелаў, тут адно тэксты, выкладзеныя без аніякай іерархічнай структуры — толькі лінейны набор аўтараў паводле альфабэту ды прыклады іхнага даробку. А паколькі на самым пачатку чытачу паведамляецца, што сюрпрызаў ня будзе (“Толькі проза”), “Мінкульт” чытаецца як адная цэльная кніга беларускага жыцьця. Прозьвішчы аўтараў уключаюцца рэклямным перапынкам. Запарыў каву — і працягвай блукаць у цёмным лесе зь літараў (часам лес цёмны да трывожнасьці - магчыма, недзе ў ім заблукаў і карэктар, эгэгэгэй, вяртайся хаця б у другі нумар, дружа, безь цябе не салодка!)

І назва, і пералік аўтараў тут такі, ажно міжволі адчуваеш сумневы стваральнікаў у тым, што з часопісу атрымаецца менавіта пэрыёдык. “Мінкульт” падрыхтаваны як завершаная прэзэнтацыя, як шах і мат для тых, хто ня любіць белліт, паясьняючы нелюбоў алергіяй на якога-небудзь зьненавіджанага ў школьныя часы пісьменьніка N. Перад чытачом — міні-анталёгія сучаснай беларускай прозы.

Тут ёсьць усе ад А да Я (дакладней, да Ш, але гэта дробязі) і ўсё, каб скласьці сабе жывую карціну дзейных беларускіх пісьменьнікаў.

 Хто дзейны і не ўвайшоў, з гатоўнасьцю сфармуе пару наступных нумароў, а вось каго паказваць далей, каб часопіс ня быў кружэлкай на рэпіце і пры гэтым ня страчваў першапачатковую якасьць тэкстаў? Разам з калядным чытачом спадзяемся, што ў рэдакцыі ёсьць нейкі хітры і мудры плян, балазе, беручыся за другі ў сваёй кар’еры часопіс беларускай літаратуры, адважны ды адчайны рэдактар Сяргей Календа мусіў разжыцца і досьведам, і ўмеласьцямі.

Заснавальнік і галоўны рэдактар "Мінкульта" Сяргей Календа на прэзентацыі часопіса

Часу ў чалавека вобмаль (зараз папрачынаецца сям’я з дванаццамі асобаў ды пачне азартна рыцца ў падарункавых пачаках ды скрынках), таму ён бяжыць па тэксьце, спыняючыся там, дзе спыняецца вока.

Нумар адкрывае філёзаф Акудовіч з глыбокай і глыбока беларускай прыпавесьцю пра дарогу ды вяртаньне. Чытач пад ялінаю ўжо злуецца, што Санта-Клаўс не падклаў яму нататнік з асадкай, і пачынае занатоўваць за Акудовічам проста ў мабілу. Насамрэч, калі б нехта задумаў стварыць падарункавыя наборы з афарызмамі, пачынаць варта было б менавіта з Акудовіча. Тут вось уся прыпавесьць – гатовыя рэцэпты для жыцьця ды роздуму. У легкатраўнай форме.

Адразу за Акудовічам – “стары” Арлоў (ад апавяданьня 1997 году насамрэч якраз вее маладосьцю ды сьвежасьцю), яшчэ адзін глыток якаснага напою ў напоены каляднымі водарамі ранак. Поўная асалода, калі тэкст пра дзіцячыя ўспаміны не чытаеш нават – глядзіш быццам бездакорна зьнятую кароткамэтражку.

Школьная іронія ды імклівае вырастаньне ў няпростыя часы вернуцца пазьней ў аповедзе Паўла Касьцюкевіча – зь яшчэ большым надрывам ды вялікім градусам добрай сюрэальнасьці. 

Як і апошні Ларс фон Трыер, сам укладальнік часопісу Сяргей Календа пагружаецца ў вусьціш разам з ангельскім дзіцячым вершыкам пра дом, які пабудаваў Джэк, і выдае трылер і пра дом, і пра Джэка, а разам зь імі - пра рыэлтараў ды шыбеніцы, мімаходзь уплятаючы матыў расстралянай інтэлігенцыі.

Асобна пацешыць Югася Каляда, аўтарка, што ўмела каламуціць воды беларускай літаратуры, але чамусьці даўно гэтага не рабіла. Калі “Мінкульт” вярнуў яе надоўга, ужо за гэта рэдакцыі трэба выдаваць ордэн і ганаровы мэдаль.

Агулам у часопісе хапае ўсіх гатункаў беларускай прозы – тут і Вішнёў для аматараў Вішнёва, і Рублеўская для аматараў Рублеўскай.

Ёсьць некалькі ўрыўкаў раманаў, упадабаўшы якія, пазьней можна шукаць працяг у вялікай форме ды набываць кнігі тых, хто ўжо не падасца проста ноўнэймам на паліцы кнігарні. Калі нехта ня вызначыўся са сваімі прыхільнасьцямі ў белліце, прачытаўшы “Мінкульт”, іх нескладана сфармаваць. Пра частых ньюсмэйкераў нашага невялічкага літаратурнага асяроддзя – Бахарэвіча ды Марціновіча – пасьля прачытаньня таксама многае зразумела, хаця іхныя творы, адабраныя для “Мінкульту”, якраз падаюцца ня самымі цікавымі ў нумары.

Чаго “Мінкульту” сапраўды (пакуль?) не хапае, дык гэта новых імёнаў – адкрыцьцяў, дэбютаў, дзёрзкіх новых імёнаў, пра якія ніхто ня чуў, але цяпер ня здолеў бы сьцерці іх з расхваляванай памяці.

У суседніх пакоях заварушыліся, і перад намі галоўная інтрыга: ці быў калядны падарунак удалым?

Быў. Калі чытач даўно марыў пазнаёміцца зь беларускай прозай, але ніяк не знаходзіў часу. “Мінкульт” – гэта проза ў пігулцы, кароткі зьмест таго, што адбывалася з намі цягам апошніх дзесяцігоддзяў (у апавяданьнях шмат рэтраспэктывы, у розных месцах двойчы прысутнічае напойваньне герояў пургенам). Часопіс чытаеш як каталёг ці тэатральную праграмку. Далей – толькі паглыбленьне, глыбокія воды раманаў, асабістае задружваньне з пісьменьнікамі на фэйсбуку.

Ня быў. Калі чытач даўно ведае ўсіх удзельнікаў, чытае прынамсі 50% ад таго, што друкуецца, рэгулярна пакідае панібрацкія лайкі пад допісамі пісьменьнікаў ды знаходзіць сябе ў сьвецкай хроніцы прэміі “Гедройця”. Такому варта дарыць “Сабакаў Эўропы” ды “Вяртаньне Ліліт”, або хаця б пляшку каньяку, каб з асалодаю спажываць за чытаньнем надоранага раней. 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце