Блог

Не той раман назвалі “Параноя”

Medium?1543676325

Па-беларуску выйшла кніга "Віленскі покер" культавага літоўскага пісьменніка Рычарда Гавяліса. Раман, які пяць разоў перавыдаваўся ў Літве шматтысячнымі накладамі, называюць найлепшым творам пра Вільню часоў савецкай акупацыі. Вера Дзядок падзялілася ўражаннямі ад кнігі, якая пагружае ў атмасферу сапраўднай параноі. 

 

Параноя – гэта калі твой ўчорашні кат ходзіць з табой аднымі вуліцамі, а той, хто перажыў лагер і застаўся нязломны, можа стаць здраднікам на волі і брахаць з экрана. Калі не давяраеш паперы і нават у спецфондзе бібліятэкі падазраеш існаванне ўнутранага спецфонду. Калі твае продкі – сапраўдныя дзеці багоў, а ты вырашаеш дзяцей не заводзіць, каб немагчыма было імі шантажаваць. Калі ты мусіш забіць таго, каго любіш. 

Вокладка кнігі, мастак Грыгорый Канцэльсон

Параноя – калі ў канцы кнігі так і не разумееш, якая версія падзеяў праўдзівая. Нам кажуць, так бывае, што ў людзей няма ні рэальнага мінулага, ні рэальнай будучыні.

Безнадзейнасць гэтай кнігі катэгарычная, як віленская шэрань.

Адзіны герой маладога пакалення ў ёй – гвалтаўнік, наркаман, камсамолец і прыстасаванец у адной асобе. Дай падлетку гарэлку і стрэльбу – зробіць, што скажаш,  – папярэджвае нас аўтар.

Няма такой жудасці і такога вычварнага здзеку, якія былі б празмерныя для гэтай кнігі. Бо “гісторыі малых эўрапейскіх народаў – квінтэсэнцыі крыўдаў, абсурдаў ды памылак. Свет можа загінуць толькі таму, што своечасова не звярнуў увагі на наш досвед”. І таму што "мы ўсе  ў нейкім сэнсе трохі албанцы. Усе мы трошачку літоўцы”. Змаганне ідзе ні многа ні мала за тое, каб абараніць чалавецтва ад інвазіі Дупы Свету.

Малюнкі Грыгорыя Канцэльсона з сайту lohvinau.by

Пры гэтым Дупу Свету нельга разумець толькі як асобную краіну ці палітычную сістэму. Высвятляецца, што нават свет па-за тваім лагерам – гэта толькі яшчэ адзін лагер.

Пісьменнік Рычард Гавяліс

Асобны раздзел рамана – трактат, прысвечаны адрозненню homо lithuanicus ад homo sovieticus. Адказ падазрона знаёмы кожнаму беларусу. Жыхары Вільні – “нябожчыкі без шанцу на паўстанне, якія нават не ведаюць, што не жывыя”. А яшчэ гэта аранжавыя прыбіральшчыкі вуліц, рахманыя спакойныя людзі, з дзяцінства прывучаныя рабіць выгляд. “Як сапраўдны літовец ён проста стаяў і чакаў, калі ўсё само вырашыцца”. 

Карацей, літовец 1970-х – гэта беларус плюс джаз і баскетбол. Магчыма, яшчэ мінус алкаголь.  

“Нам любяць заўзята тлумачыць, што найвялікшы шанец гарлемскага негра – баскетбол ці бокс. У гэтым плане ўсе літоўцы – негры. Літоўцам не дазволена займаць сур’ёзных пасадаў у герархіі Дупы Сьвету. Ім забаронена кіраваць ня толькі іншымі, але й сабою. Застаецца толькі баскетбол”.

Пытанне пра літоўцаў пастаўленае радыкальна: што зменіцца, калі яны знікнуць?

“Свет без літоўцаў не будзе ні горшым, ні лепшым. Ці мала народаў знікла без следу? Раптоўны скон нашмат лепш, чым маруднае гібенне ў Дупе Сьвету”.

І хоць сцвярджаецца, што літоўцы не маюць веры, непахіснай застаецца міфалогія: паводзіны літоўцаў тлумачацца комплексам Даруса і Гірэнаса – то бок здольнасцю здавацца, ледзь-ледзь не дацягнуўшы да фіналу (насамрэч карані яе сягаюць яшчэ да каранацыі Міндоўга).

Героі перамяшчаюцца па старонках, мяняючы абліччы. Святы Казімір, патрон Літвы, хоць і не здолеў яе абараніць, але, кажуць, нават уступіў у кампартыю. Ды ўсё ж, бадай, ці не адзіны трыўмф духа ў кнізе адбываецца менавіта ў касцёле – гэта падпольны джаз-канцэрт, разагнаны пазней міліцыяй. А сакратар ЦК  Суслаў – цмок, якога трэба забіць, каб вызваліць Прынцэсу.

Малюнак Грыгорыя Канцэльсона з сайту lohvinau.by

Зрэшты, адчараваць Вільню можа толькі чараўнік Васіль, які сядзіць на балотах у “тутэйшай” вёсцы. Менавіта туды вяртаецца з паралізаванай Вільні гераіня-зямля, якая і сама не ведае, якой яна часткай сваёй беларуская, якой польская, а якой літоўская.

Такім чынам: “Калі хочам выратавацца, трэба лічыць не фабрычныя дымы, а парэшткі людзкога духу”. Добрая навіна – для гэтага ў нас ёсць наўпроставы канал сувязі з героем кнігі Вітаўтам Варгалісам. І гэта водны канал. Памятайце пра гэта, стоячы над Вяллёю. Яна нясе памяць і нашую ўсіхную кроў.

 “Рака забытай нашай крыві. Бяжы, Віленка, у Вілію, а Вілія да Нёману, кажы, волю любілі мы, мілей нам за жыццё яна. Дзе яна, дзе тая воля? Дзе яно, тое жыццё?”

Перакладчыца Паўліна Вітушчанка, фота "Радыё Свабода"

Пераклад на беларускую мову быццам нашаптаны Віленкай і Вяллёй. Ён нясе ў сабе магутнасць і магію жывой гутарковай мовы, і чым далей адыходзіць ад пісьмовай традыцыі, тым болей кранае за жывое.

 

Чытайце таксама

апошнiя водгукi

Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".

Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.

Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)

усе водгукi

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце