Пісьменніца Каця Пятроўская атрымала літаратурную прэмію імя Інгеборг Бахман за раман пра пераслед габрэяў падчас Другой сусветнай вайны.
Ужо пасля першага тура галасавання журы вырашыла, хто стане ўладальнікам прэміі і 25 тысяч еўра. Як паведамляе DW.DE са спасылкай на агенцтва dpa, пісьменніца ўкраінскага паходжання Каця Пятроўская атрымала галоўны прыз літаратурнага фестывалю “Дні нямецкамоўнай літаратуры” ў аўстрыйскім Клагенфурце ў нядзелю, 7 ліпеня.
43-гадовая Пятроўская захапіла журы сваім творам “Магчыма, Эстэр” (Vielleicht Esther). У ім расказваецца пра родны горад аўтаркі Кіеў падчас Другой сусветнай вайны, выгнанне і знішчэнне ўкраінскіх габрэяў у 1941 годзе на прыкладзе яе прабабулі. Пісьменніца апавядае трагічную гісторыю ад імя праўнучкі. За твор Пятроўскай журы прагаласавала амаль аднагалосна.
“Выдатна, моцна, свабодна і лёгка вытканы тэкст”, — так растлумачылі сваё рашэнне сябры журы. Такое прызнанне аказалася для аўтара нечаканым. “Наогул я хацела пачуць трохі больш крытыкі”, — сказала яна, атрымліваючы ўзнагароду на сцэне.
Каця Пятроўская нарадзілася ў 1970 годзе ў Кіеве. Пасля атамнай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе яна пакінула радзіму, вывучала літаратуразнаўства ў Эстоніі, вучылася ў ЗША і ў 1998 годзе абараніла дысертацыю ў Маскве. З 1999 аўтарка жыве ў Берліне і працуе журналісткай. Яе першая кніга мусіць выйсці ў свет у сакавіку 2014 году.
На літаратурным фестывалі “Дні нямецкамоўнай літаратуры”, які 37-ы раз прайшоў у Клагенфурце, былі ўручаныя і іншыя ўзнагароды. Берлінская пісьменніца Верэна Гюнтнэр атрымала дзесяць тысяч еўра за твор “Прыносіць” (Es bringen). Прэмію тэлеканала 3sat і 7,5 тысяч еўра атрымаў пісьменнік з Гамбурга Беньямін Маак за тэкст “Як правільна злавіць жука” (Wie man einen Käfer richtig fängt). Прыз нямецкамоўных выдавецтваў імя Эрнста Вільнера і 5 тысяч еўра ўручылі ўраджэнцу Мюнхена Хайнцу Хеле за твор “Мы добрыя” (Wir sind schön). Уладальніцай прыза глядацкіх сімпатый па выніках анлайн-галасавання і 7 тысяч еўра стала аўстрыйская пісьменніца Надзін Кегеле за твор “Глытаць абломкі” (Scherben schlucken).
Прэмія імя Інгеборг Бахман, якую штогод уручаюць у Клагенфурце, лічыцца адной з самых прэстыжных літаратурных узнагародаў у нямецкамоўных краінах. Яе заснавалі ў 1976 годзе ў гонар вядомай паэткі Інгеборг Бахман (1926—1973), ураджэнкі гэтага аўстрыйскага горада.
Паводле prajdzisvet.org
Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".
Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.
Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі