Ці ёсьць нейкія часавыя межы, у якія трэба пасьпець зьмясьціцца, каб дэбютаваць? Франсуаза Саган ужо ў 19 была на піку славы! — скажа нехта. Без сумневу, Юлія Шарова знойдзе спосаб адпарыраваць такія заявы. Свой першы раман яна то камечыла і выкідала ў сьметніцу, як звычайную пратэрмінаваную газэту, то бралася шліфаваць яго, быццам каштоўны заморскі камень. І літаральна толькі што атрымала прэмію „Дэбют”, якую штогод раздае ПЭН-Цэнтр. А яшчэ і элегантны камплімэнт ад мэтраў — сам Лявон Баршчэўскі напісаў рэцэнзію на ейнага „Дона Джавані...”, паведаміўшы, што 600-старонкавая таміна (у электронным выглядзе) засмоктвае, як твор якога сусьветнага клясыка. Пра гэта ўсё мы і пагутарылі зь Юляй адным прыемным вечарам.
— Як можна пісаць кнігу 10 год? Гэта ж трацяцца думкі, рвуцца сюжэтныя ніткі, урэшце, сам сабе колькігадовай даўніны з пазыцыі чалавека пасталелага здаесься наіўным, хочацца правіць, крэсьліць...
— Я ня проста пісала кнігу 10 год — я яе перапісвала. Разбурала ўшчэнт, нішчыла ўсе старыя матэрыялы, чарнавікі — і пачынала наноў. І так тры разы, пакуль канчатковы вынік стаў такім, што мне не было за яго сорамна.
Першы варыянт я напісала, калі мне было 23 гады. Трэба сказаць, што цэласным чарнавіком ён ня быў. Я спынілася недзе на сярэдзіне, а працяг быў толькі ва ўрыўках, у накідах.
Другі варыянт зьявіўся ў 2005 годзе, калі абвясьцілі конкурс імя Караткевіча. Я падумала — чаму б і не, у мяне ж ёсьць задума, трэба проста яе давесьці да кандыцыі. Заставалася паўтара месяцы да дэдляйну. Я закінула працу, усе справы і цэлымі днямі пісала, рыхтавала цэльны варыянт раману. Цэльны варыянт атрымаўся. На справе я практычна не скарысталася першапачатковымі чарнавікамі, напісала тэкст наноў. Але гэта быў менавіта цэльны тэкст — з пачаткам і канцом.
Пасьля конкурсу я атрымала крытыкі болей, чымся камплімэнтаў, бо, нягледзячы на цэласнасьць, на наяўнасьць пачатку і канца, гэта быў вельмі нясьпелы і сыры тэкст. Зрэшты, больш дасьведчаныя літаратары бачылі ў ім пэрспэктыву і лічылі, што мяне ўратуе праца дасьведчанага рэдактара, які скроіць з гэтага сырца нешта людскае.
Я ж для сябе падумала, што рэдактар тут не дапаможа і мне ўсё адно сорамна будзе за такі тэкст. Я паклала яго ў стол. А пасьля ў мяне проста зламаўся мой стары кампутар і я не захавала з чарнавікоў нічога. Затым былі гады, калі давялося вырашаць больш зямныя праблемы, і я не мела часу на літаратуру. Зрэшты, у працэсе вырашэньня тых праблемаў я пасталела, стала больш дарослай, і гэта ўрэшце дапамагло мне напісаць тую кнігу, якая мяне збольшага задаволіла.
— А як ад гэтых больш зямных праблемаў вярнуцца да літаратуры? Выкарыстоўваць яе як метад барацьбы са слабасьцямі, навязьлівымі думкамі — такі транквілізатар? Гэта ж складана — узяць і сказаць сабе: нене, я ня буду ўсімі тымі тысячамі пісьменьнікаў, якія нападавалі надзеяў і патоплі ў руціне ды справах...
— Я вярнулася да літаратуры, як толькі ў мяне зьявілася такая магчымасьць. Як там у Вірджыніі Вулф — жанчына павінна мець свой куток і сродкі для існаваньня, каб пісаць, так? Дык вось у мяне спачатку з'явіўся свой ўласны дах над галавою, а пасьля даволі зручны сродак мець хлеб штодзённы. Пасля гэтага я была гатовая займацца творчасьцю і даволі хутка ўправілася з тэкстам.
Наконт транквілізатараў і сродку змаганьня з навязьлівымі ідэямі — так, я лічу, што для многіх пісьменьнікаў сам працэс пісаньня ёсьць свайго кшталту псыхатэрапіяй. У маім выпадку так і атрымалася.
— А што мужчыну трэба, каб пісаць?
— Мужчына больш экспансыўны, гэта кароль, які скіраваны на пашырэньне сваёй тэрыторыі, таму ён можа мірыцца зь няўладкаванасьцю побыту, пакуль у яго ёсьць пэўная мэта. А жанчына — каралева, яна скіраваная на захаваньне, на тое, каб мець глебу пад нагамі і дах над галавой. Зрэшты, гэта так, лірычнае адступленьне. Проста вядомае выслоўе Вулф выдатна кладзецца на мой асабісты досьвед, вось і ўсё.
— Што вы лячылі літаратурай—транквілізатарам? Мяркуючы па асобе галоўнага героя, дасьледвалі мужчынскую прыроду?
— Мяне цікавілі юнгіянскія архетыпы. Я адмыслова прыдумляла героям сны, дзе гэтыя архетыпы праяўляліся так бы мовіць кананічна. Аніма і анімус.
— Навошта?
— Для кожнай жанчыны важна знайсьці кантакт з уласным анімусам, а для мужчыны — з уласнай анімай. Дамовіцца, паладзіць.
— Добра разьбіраецеся ў людзях?
— Не, я так не лічу.
— Каб рабіць разбор выдуманых пэрсанажаў, трэба быць вельмі пэўнай свайго веданьня прадмету. Ну, каб пэрсанаж не выглядаў штучна.
— Я мела 10 гадоў для таго, каб усё пераправерыць і спраўдзіць.
Мяркую, папрокі ў штучнасьці маіх пэрсанажаў могуць быць вельмі надуманымі. Я вельмі зацыкленая на праўдападобнасьці, на тым, каб было так, як яно сапраўды бывае ў жыцьці. Можа быць, я нават зашмат адводзіла месца на выпісваньне біяграфіяў герояў, на рознага кшталту рэтраспэкцыі, якія ўдакладняюць пэўныя рысы іх характараў і матывуюць іх учынкі.
У мяне наогул можа кульгаць стыль і мова, але факталягічных ляпсусаў я старалася не дапускаць.
— Ну вось Баршчэўскі піша пра вытанчаны натуралізм, што перарастае ў вульгарнасьць (маўляў, кабечай тонкасьці не хапіла, ці што), хтосьці ўжо хукнуў на пячатку, каб пазначыць "дамскае". Ці ёсьць насамрэч жаночая літаратура, ці гэта нейкая нашая беларуская хіба, і мы мусім ад яе адвучыцца, перастаць дзяліць кнігі па полавай прыкмеце?
— Што такое "жаночая літаратура", я шчыра кажучы, ня ведаю. Чула, што гэта нібыта пра жанчыну, пра яе ўнутраны сьвет і пра навакольны сьвет ва ўспрыманьні жанчыны таксама. Ясна, што калі пра каханьні—растаньні, то адразу ўзьнікае спакуса паставіць ярлык "жаночае" і не шукаць іншых тэматычных пластоў.
— Вы чыталі ўласных "супернікаў" — Шталянкову ды Пакроўскага?
— Шталянкову чытала. Кнігу Пакроўскага — пакуль не, але чытала ягоныя іншыя публікацыі.
Я лічу і Шталянкову, і Пакроўскага несумненна адоранымі людзьмі. Я б ня здолела ў 16 гадоў напісаць такі цэласны тэкст, вельмі чытальны і абаяльны, хоць і абсалютна просты і бясхітрасны, як у Ксеніі. Ёй не зашкодзіць рэдактар і карэктар, але патэнцыял у дзяўчыны добры. Прырода таленту Пакроўскага абсалютна іншая — ён выдатны стыліст, майстар празаічных абсурдысцкіх карацелек. Проста так атрымалася, што мы ўтрох працуем на абсалютна розных літаратурных палетках, якія амаль не судакранаюцца і, я мяркую, журы было вельмі складана нас параўноўваць.
— Наступны раман вы паабяцалі праз год—паўтара. Там таксама на фоне будзе гучаць Моцарт, ці выбераце саўндтрэкам іншую клясыку?
— Ён не пра музыку.
— А што там будзе? Ці нельга пакуль?
— Эзатэрыка, палітыка, унутраны сьвет жанчыны, дарэчы... карты Таро.
— А палітыка якая? Каханьне на фоне дыктатара — як у Марціновіча?
— Палітыка беларуская, нават з Плошчай-2010.
Я пакуль ня ведаю, што ў мяне атрымаецца з другой кнігай (дарэчы, гэта будзе менавіта раман, а ня нешта на сутыку драмы і эпасу, як Don Giovanni).
— Будзеце чакаць новых рэцэнзіяў?
— Я буду жыць далей. Уладкоўваць побыт, хадзіць на працу, здаваць сэсіі ва ўнівэрсытэце, пісаць, урэшце рэшт. Калі б я нічога больш не зьбіралася пісаць, то, напэўна, сядзела б і чакала новых порцыяў увагі. Дарэчы, маю ў плянах заснаваць уласную прэмію па літаратуры, вельмі спэцыфічную, сачыце за рэклямай.
— У вас шмат спэцыфічнага. Вы сапраўды працуеце гадалкай па тэлефоне?
— Я працавала варажбіткай па тэлефоне два гады, але звольнілася адтуль ужо даўно. Цяпер раскладваю карты не па тэлефоне і тады, калі маю на гэта сілы і час.
— Адкуль бярэцца жаданьне варажыць?
— Бярэцца звычайна ад таго, што ў пэўны момант жыцьця заходзіш у тупік і пачынаеш шукаць нейкіх ірацыянальных шляхоў развязаньня ўласных праблемаў. І тут трапляеш на сайт зь віртуальнай варажбой. Раскладваеш віртуальны, праз колькі месяцаў разумееш, што чытаеш карты сама, без гатовых інтэрпрэтацыяў, набываеш уласную тальлю — і паехала.
Пасля шукаеш рацыянальных шляхоў вырашэньня праблемаў, а карты застаюцца з табой як спосаб атрыманьня інфармацыі.
— І часта такім спосабам карыстаецеся?
— Цяпер я рэдка раблю сабе прагнастычныя расклады. Але штодня выцягваю карту дня і вяду дзёньнік — гэта больш як практыкаваньне дзеля назіраньня за картамі і напрацоўкі значэньняў. Дарэчы, мне варажба па тэлефоне шмат дала як літаратару. Калі табе тэлефануе простая кабеціна зь нейкай вёскі і пытаецца, ці вернецца да яе муж, які загуляў, то пачынаеш ёй нешта тлумачыць, выкарыстоўваеш яскравую вобразнасьць, параўнаньні, мэтафары. Да таго, як там папрацаваць, я пісала зусім кандовай мовай.
Адэля Дубавец
Асабіста пасля знаёмства з кнігай узнікла жаданне завесці спецыяльны дыялектны слоўнік. Мова проста выкшталцоная. Моцна ўражаны "Выспамі".
Аповесць "Удог" - першы квіток у цікавы і незвычайны свет мастацтва слова Аўтара. Здзівіла ў першую чаргу мова і стыль. Перачытваць і разважаць.
Прачытаў пасля артыкула Ціхана Ч. на "свабодзе", застаўся ў захапленні. "Палкоўніку ніхто не піша", але пра рыбу :)
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі