калі выбухам не імкне з цябе/ усяму насуперак,/ не трэба, – раіў цікаўным пачаткоўцам бітнік Букоўскі ў вершы “дык ты хочаш быць пісьменнікам?” – пакуль сонца ўнутры цябе/ не выпаліць кішкі,/ не трэба.
На беларускую мову гэты верш перастварыла Юля Цімафеева, вядомая як рэдактарка часопіса “ПрайдзіСвет” і перакладчыца пераважна з ангельскай (Букоўскі, Гінзберга, Уітмэна, Дзікмана, Крэйна, Лоўэл, По, Одэна, Бірбама, Гілман, Лоўрэнса, Оўтс, Шапэн), але таксама з гішпанскай (Паса) і партугальскай (Каэйру) моваў. Карацей, відавочна, Юля Цімафеева перакладае шмат і плённа, і ў тым, што цытаваны вышэй верш упершыню я прачытаў менавіта ў ейным перакладзе, няма нічога асабліва цікавага. Але надрукаваны гэты верш быў – і вось гэта ўжо цікава – у адной свежавыдадзенай дэбютнай кнізе. Асноўная мэта кожнага літаратурнага дэбюта па вызначэнні, нагадаю, – засведчыць нараджэнне яшчэ аднаго пісьменніка. У дадзеным выпадку – пісьменніцы, яшчэ дакладней – паэткі. Кніга называецца “Кніга памылак” – і гэта кніга Юлі Цімафеевай.
Танюткі паэтычны зборнік утрымлівае 73 невялікія вершы і складаецца з уласных тэкстаў паэткі ў першай палове і ейных перакладаў у другой. Не ведаю, ці можна лічыць гэта за камплімент, але вершы з абедзвюх частак знаходзяцца, так бы мовіць, у адной вагавай катэгорыі – і не толькі таму, што і там, і там верлібры. Устойлівае адчуванне гамагеннасці вынікае з агульнай для большасці тэкстаў “Кнігі памылак” арыентацыі на простыя словы і простыя рэчы: птушкі, дрэвы, мора, неба, кветкі, мяса. Для большасці тэкстаў – то бок гэта значыць, што ў кнізе ёсць колькі вершаў, якія паўстаюць супраць агульнай скіраванасці на простае і непасрэднае. Яны робяць гэта з дапамогай адсылак да вялікай і складанай культурнай традыцыі з Францам Кафкам ды Раманам Якабсонам. У цэлым здаецца, што гэтае "паўстанне" задушанае самой кампазіцыяй зборніка: калі першая палова кнігі, у якой змешчаныя ўласныя тэксты паэткі, сканчаецца вершам “Ня ўмець чытаць” – адначасова хоць і супраць-інтэлектуалісцкім, але таксама рэфлексіўным, то другая частка, з перакладамі, сканчаецца вершам “Калі пасля маёй смерці захочуць напісаць маю біяграфію” – проста супраць-інтэлектуалісцкім.
Аднак парадаксальным чынам рэфлексіўнасць Юлі Цімафеевай перамагае ейную ж непасрэднасць, і ўрэшце кніжка усё ж матываваная не сонцам унутры, што выпаліла кішкі, пра якое кажа Букоўскі, а нечым добра разважаным іншым.
Уся справа ў вокладцы. Выдавецтва “Галіяфы” апошнім часам робіць сваім кніжкам цудоўныя вокладкі – і усё ж вокладка “Кнігі памылак” выбіваецца нават сярод іх. На чорным тле профіль знерваванай жанчыны; пышныя рудыя валасы; грымаса рэўнасці на твары; жанчына трымае ў руцэ букет з незабудак; яна не можа стрымацца і міжволі, незаўважна для самой сябе, кусае кветку. У афармленні вокладкі выкарыстаная карціна “Цень кахання” (1867) блізкага да прэрафаэлітаў мастака Энтані Сандзіса (дарэчы, вось адзіная памылка кнігі – прозвішча Sandys у выходных звестках недакладна транслітэраванае як Санціс). Мадэлька Сандзіса ў хуткім часе кіне сваю акторскую працу, каб стаць грамадзянскай жонкай мастака, у іх народзіцца дзесяць дзяцей. Больш вядомы сябар Сандзіса Расэцці абвінаваціць мастака ў плагіяце.
Менавіта такую няпростую карціну з гісторыяй паэтка свядома паставіла на вокладку сваёй першай кнігі.
Мастак паказвае простую грубую рэўнасць, каб пацвердзіць высокае каханне – насуперак рэўнасці, а паэтка апісвае простыя грубыя рэчы, каб пацвердзіць высокую літаратуру – насуперак простасці.
Увесь наклад “Кнігі памылак” – дзвесці асобнікаў, што адчувальна меней за стандартныя для сучаснай беларускай паэзіі 300-500. Гэта пры тым, што ў кола патэнцыйных пакупнікоў трэба залічыць, акрамя звычайных чытачоў вершаў, аматараў жывапісу прэрафаэлітаў і тых неабыякавых грамадзян, якія апошнім часам заходзяць у кнігарню “Логвінаў”, каб ахвяраваць грошы на выплату вялізнага палітычнага штрафу, накладзенага на Ігара Логвінава. Таму наяўных зараз “Кніг памылак” недастаткова, несумненна, трэба больш.
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі