Рэцэнзія на кнiгу: Original?1542816446
А́ле і ейнае пачуцьцё сьнегу

Вось шумная імпрэза, тут бойкі біт, і ўсе шчабечуць на тых мяшанках моваў, якія могуць сабе дазволіць, каб як найхутчэй скараціць камунікацыйныя бар'еры. Заўжды тут знойдзецца той, хто махае рукой ля барнай стойкі, хто бярэ за локаць і цягне на танцпляцоўку, калі няма ніякіх шанцаў адкруціцца і выйсьці зь вечарынкі сухім. Заўжды ёсьць і той, каго не заўважыш, бо ён надзейна схаваўся ў цёмным куце ды ўласным футарале. У гэтым футарале – і мы пра гэта здагадваліся – на нас пішацца дасье. Там ведаюць нас лепш, чым можам ведаць мы самі. Нехта ціхі і разумны вымалёўвае кожнаму партрэты, бездакорна і дакладна ставіць дыягназы. Ён зьнікае апоўначы не ў карэце, таропка ператворанай у гарбуз, а, да прыкладу, ва ўласным ложку, праз сьценку ад весялосьці, напхаўшы поўныя вушы гукамі дажджу з навушнікаў.

Калі б кожны інтравэрт быў здольны гэтак дакладна апісаць усё, што адбываецца ў ягонай галаве, мы б ня мучаліся здагадкамі, а проста атрымлівалі на знак павагі і жаданьня сябраваць гатовую кнігу.

Анка Упала зрабіла гэта для нас усіх: атрымалася, што залезьці ў ейную галаву можа цяпер кожны, хто не палянуецца прачытаць “На засьнежаны востраў”. Магчыма, гэта самы велікадушны падарунак, на які здольны закрыты негаманкі назіральны чалавек. Інструкцыя па камунікацыі. Прынамсі, мне цяпер здаецца, што я маю новую сяброўку Алену, зь якой была зусім не знаёмая – ці то праз тое, што ёй няўтульна выходзіць зь цемры на людных імпрэзах, ці то таму, што мы ніколі ня мелі шанцу абмяняцца думкамі, выпіўшы супольнай гарбаты з казённых інтэрнацкіх кубачкаў.

 

Інтэрнат! Страшэнны сон аматара цішыні ды вернага абаронцы сваёй асабістай прасторы. Гераіня кнігі Алена (кніга аўтабіяграфічная, Алена і ёсьць сапраўднае імя Анкі Упалы) – едзе вывучаць швэдзкую мову ў мястэчка, названае ў кнізе Яблычным горадам. У “народнай школе” для дарослых яна знаёміцца з маладымі швэдамі, уцекачамі ды эмігрантамі з розных краінаў і намагаецца знайсьці ўласнае месца ў каляровым віры незнаёмых людзей. Атрымліваецца нерэгулярна – апроч складанай мовы ды ня самага ўтульнага інтэрнацкага побыту, Алену (ці, як яе называе гераіня-самалійка, А́ле) пэрыядычна мучае адчуваньне самоты ды інакшасьці.

Выходзіць гэткая інакшая між інакшых, ну а хто з нас, па сутнасьці, не такі?

Аўтарка ўдала балянсуе паміж інтымным дзёньнікам і студэнцкім сэрыялам. Апісаньняў побыту тут ня больш, чым роздумаў пра асобу, мовы ды будову сьвету. Мы толькі крыху дакранаемся да герояў, праводзім рукой у іх над галовамі – іхныя лёсы, праблемы, характары міргаюць у дробных эпізодах ды спарадычных дыялёгах, але гэтак і не выходзяць на першы плян. Усе маюць экзатычныя імёны ды пару больш ці менш запамінальных рысаў. Намёкам прасьлізгвае гісторыя каханьня. Ці ўсё ж моцнага, страчанага сяброўства? Ці каханьня? У гэтым “ці” – уся А́ле.

 

Пры канцы кнігі гераіня-Алена ў размове са швэйцарскай пісьменьніцай славацкага паходжаньня кажа: “Мне падаецца, што ў нашага часу ёсьць патрэба ў сапраўдных гісторыях...” І гэтую патрэбу Анка Упала цалкам задавальняе: “На засьнежаны востраў” – сапраўдная гісторыя, аўтарка дае тут, магчыма, нават больш сябе і сапраўднасьці, чым мы заслугоўваем.

 

І яшчэ. Гэта кніга не пра Швэцыю, а пра людзей і самоту. Але яна вельмі швэдзкая і беларуская адначасова. Паўночная, сівэрная, балтыйская – беларуская кніга зь неславянскім акцэнтам. Чытаеш сваю аднагодку з Магілёва, а занурваесься ў сьветаадчуваньне, знаёмае з кніг Тувэ Янсан – і я не пра “Мумі-троляў”, што эпізадычна згадваюцца ў тэксьце. Хутчэй, агульны рытм, увага да дэталяў, лёгкая запаволенасьць навяваюць успамін пра стыль легендарнай фінскай швэдкі.

Калі любоў, то ціхая, без істэрыкі ды зьнясіленьня, калі боль – то гэткі ж.

 

У кнізе няма глыбокага, з братаньнямі і адной на дваіх кашуляй сяброўства – затое ёсьць сузіраньне, жаданьне зразумець. У ёй няма ні гарачыні жарсьцяў, ні смакаваньня эмоцыяў з драматычным эксгібіцыянізмам. Ёсьць ляканічныя, пакрокавыя апісаньні сытуацыяў ды перажываньняў, ёсьць холад ветру і холад непаразуменьня – абодва гэтак шчыльна пераплеценыя, што няясна, ад чаго менавіта хочацца нацягнуць на вушы непрыкметную заворшаную шапку.

 

8/10 (нечага не хапіла ў канцы, можа быць, Анка-А́ле ўжо папросту сьпяшалася скінуць зь сябе гэты тэкст і не накрыла нас цяжкім ды канчатковым, як сьнег, што падае з даху на брук, абзацам)

 

Каму чытаць: усім, хто любіць працэс чытаньня і ўмее прыглядацца да дробязяў. Сьмела дарыць тым, чый унутраны сьвет звычайна акрэсьліваюць як “багаты”.

 

Каму можа не спадабацца: аматарам вострасюжэтнасьці ды імклівага разьвіцьця падзеяў. Раззлуе носьбітаў кансэрватыўных, патрыярхальных, радыкальна правых поглядаў, нацыстаў, нэанацыстаў і да іх падобных  – у кнізе процьма рознаскурых герояў, мігрантаў, разважаньняў на гендэрныя тэмы, ёсьць нават адзін мітынг фэміністак.

 
Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце