Рэцэнзія на cтаронкi кнiгi: Medium?1427879318
"Аўтар хацеў некаму адпомсціць вуду-тэкстам"

Выдатная гісторыя, праўда, структурна падобная не зусім на апавяданне, а, хутчэй, на літаратурны фельетон (нават герояў завуць неяк фельетоніста – Савельеўна, Пецюня – гэта не людзі, а вуду-лялькі, нахабныя анекдатычныя архетыпы, якія кожны з беларускіх медыя-працаўнікоў увасабляе ўласнаручна ў пэўныя перыяды жыцця і сталення – спачатку ты шчыры Пецюня, потым монстр-Савельеўна, з гэтага ніяк не саскочыш, такі парадокс). Ці, хутчэй, на жорстка-іранічную замалеўку на манэр Вудзі Алена – традыцыйны для яго натхняльнік, нью-йоркская маніякальная дэпрэсіўнасць, тут паспяхова ператвараецца ў беларускі медыя-нэўроз, нашмат больш драматычны і безвыходны – увогуле, усе фікшн-гісторыі на беларускім навакольным матэрыяле павінныя сканчацца татальнай агульнай містычнай смерцю ці іншым дэўс-экс-машына. Магчыма, таму беларускім маладым аўтарам так складана ўстрымлівацца ад чарнушнай хтоні (усе ўсіх пазабівалі, вось і вырашаны літаратурны канфлікт) гэта адзіны спосаб неяк утаймаваць раз’юшаную тэкставую плынь, якая вывальваецца з берагоў. Аўтар, відавочна, мае досвед працы на дзяржаўныя (ці недзяржаўныя – у дадзеным выпадку гэта нават не вельмі істотна) СМІ і, пэўна, шмат пакутаваў – бо столькі ірванага нэрва, столькі перажывання і лірычнай мясной чалавечай эмоцыі тут схавана! 

Я яшчэ думаю, што аўтар хацеў камусьці адпомсціць гэтым вуду-тэкстам – ці то за загубленую творчую маладосць і кар’еру – ці то за няўдалую камандыроўку, дзе, напрыклад, наздымаў матэрыяла, які не спатрэбіўся – і спадзяюся, што ў яго ўсё атрымалася і рэчаіснасць неяк схілілася перад гэтай тэкставай карэкцыяй сябе самой, і ўсе дрэнныя людзі захварэлі і памерлі, а добрыя таксама захварэлі, але паправіліся. Тэрапеўтычныя апавяданні, зразумела, павінныя існаваць – таму ўсе, хто працаваў на ТБ, атрымаюць, хочацца верыць, задавальненне, гэта чытаючы. Ну і, вядома, напісана ўсё добра і трапна – весела, з метафарамі, з экшнам, хоць караткаметражку здымай (а і здыміце, дарэчы). 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце