Рэцэнзія на кнiгу:
Original?1587979686
Дыджэінг бяззорнасці. Сяргей Дубавец і ягоныя големы

Запалкі выгараюць, каб іх полымя сышло ў нябыт. Музыка сыходзіць, каб пакінуць наўздагон шоргат старога вініла. Што застаецца ў бяззорным небе? Рэха зорнага святла. Успамін пра магчымасць прысутнасці. Бахарэвіч, Сін, Календа, Горват… Здаецца, самае цікавае ў беларускім полі сэнсаў паўстае сёння праз прабелы, разрывы і развітанні. Праз жорсткае пазначэнне вычарпанасці ранейшага слоўніка і пераключэнне рэгістру з пафаснага патрыятычнага марша на чорнае кабарэ ці нататкі фланёра. “Беларускі праект” сыходзіць у той неакрэслены стан, калі цяжка зразумець адэкватны алгарытм: махаць сцягамі, гандляваць вышымайкамі, шанаваць сваіх мерцвякоў альбо ціха сысці на смузі?

Кніга Сяргея Дубаўца "Д'ябал запрэжаны ў плуг прыйшла да нас напрыканцы мінулага году – і дагэтуль бачыцца істотнай. Бо, як на мяне, добра адлюстроўвае тое, што варта пазначыць як новую культурную сітуацыю: смерць нацыянал-дысідэнцтва пры адсутнасці нацыянал-мэйнстрыму. У мексыканскай дуэлі айчынных рамантыкаў і прагматыкаў, “партызанаў і менеджэраў” (Бабкоў) пераможцаў не будзе. Па-першае, стралкі занадта блізка адзін да аднаго, каб прамахнуцца. Па-другое, страляць з абодвух бакоў больш няма чым. 

Застаецца спектакль, пастановачка, данс-макабр на рэштках ілюзій. Містэрыя бяззорнасці, дзе ўсё як трэба: жывыя выявы ды спеўныя рэфрэны, часам эпас, дзесьці фарс. А яшчэ бяззорнасць – гэта пра немагчымасьць “зорнасці”. Усё, што ты напісаў, можна выкарыстаць супраць цябе. Ты сам сабе прысуд. Сам сабе дыягназ.

Калі паглядзець на новую кніжку Дубаўца праз гэтую лінзу, шмат што робіцца зразумелым. І далучэнне да асноўнага масіву тэксту (уласна “Д’ябла…”) двух апавяданняў “на разагрэў”, якія канцэптуальна і стылістычна пазначылі агульную інтанацыю і базавыя інтэнцыі аўтара: саркастычна-лірычныя гульні з беларушчынай. І першасны намер Дубаўца – як высветлілася падчас нашае з ім размовы – назваць сваю аповесць “Starless” (наўздагон славутаму трэку King Crimson).

І дэманстратыўна аднамерная тэатральнасць – калі не карыкатурнасць – усіх прысутных (і адсутных) на месцы падзеяў персанажаў.

І хістанні настрою ад экзістэнцыйнага біблейска-чорнага адчаю да вулічнага блазнерства. І відавочная схільнасць да стылю радыёшоў: падмена рухаў словамі, падзеяў – рэпрызамі. Зрэшты і амаль гофманаўскі (ах, старая Еўропа!) татальны іранізм – д’ябальскі рогат райтара з нагоды чаго і каго заўгодна (у тым ліку і самога сябе).

Аўтар выпускае сваіх големаў. І прымушае іх танчыць.

Лёгкі рух наратыву разгортваецца згодна з простай схемай “выхавання гульца”. Амбітны маладзён Імбрык едзе ў Прагу. У беларускай рэдакцыі амерыканскага “Радыё Салярыс” яго, відавочна, чакае высокая пасада. Усё далейшае можна лічыць уводзінамі ў лакальны кантэкст: Імбрык трапляе ў моцныя рукі прызначанага ментара – дасведчанага калегі Ёсіпа. Каб разам з вэтеранам выязной беларускасці да ранку пабадзяцца па горадзе і засвоіць хуткі курс траўматычнага нацыяналізму. 

Класічная схема, узорны папсовы расклад. Падобным чынам маглі швэндацца па Манхэтане Клінт Іствуд з Чарлі Шынам альбо Кевін Костнер з Томам Крузам. 

Але тут маем беларусаў у замежжы: радыёзорку Ёсіпа (відавочна аўтарскі alter ego) і адміна-пачаткоўца Імбрыка (самі ведаеце хто). Дарэчы, чытач ўсё бачыць збольшага менавіта Імбрыкавымі – не надта прыязнымі – вачыма.

Яны ў сінхроне. Як два бакі поўні. Як Болек і Лёлек. Паюзаная зорка эфіру, як і належыць, няспынна вяшчае. Самазакахана агучвае прастору. Адмін, у сваю чаргу, рэагуе адпаведна: гучна смяецца, ціха лаецца, чапляецца да дробязяў, назапашвае крыўду ды рыхтуе нядобрае. 

І што? Дык і ўсё. Уключай “Крымсанаў”

Як на мастацкі лонгрыд – няшмат. Таму вербальная прастора навокал гэтай простай схемы штучна пашыраецца падборам дадатковых атракцыёнаў. Віруе афарызмамі ды цытатамі, містыфікацыямі ды апокрыфамі, звесткамі пра чэскае піва ды анатомію альбанак, фельетоннымі бліц-згадкамі пра знаёмых герояў на вываз (ад Дракахруста з Бартосікам да, божачкі мае, Дубаўца), блёклымі ўспамінамі, сарамлівым нудызмам, пераказам анекдотаў ды перыядычным уключэннем рэжыму “Прага для імбрыкаў”. 

Кафка, Кадыраў, Гарэцкі, Сартр, Грабеншчыкоў, Бовін, Харэўскі… Як той казаў, у добрай гаспадыні адкідаў не застаецца. Старыя рэчы заўсёды дарэчы.

Аўтар засвойвае прастору як можа – энергічна, разумна, таленавіта, зухавата. Але ў той жа час па-журналісцку павярхоўна, фрагментарна і манатонна. Лапікавага бонуснага гону ды элегантных калюмнізмаў магло быць болей. Ці меней. На агульны эфект гэта сур’ёзна не ўплывае. 

Героі – не героі. Праблемы – не праблемы. Канфлікту няма. Лесвіца ніяк не скончыцца. І на халеру мне ведаць “як стаць вялікім?”

Падобна, што моцны публіцыст і выдатны рэдактар Дубавец гэтым разам максімальна жорстка паправіў самога сябе. Дамовіўся са сваімі дэманамі. І, зачапіўшы насамрэч балючую і важную тэму дыстанцыйнага кіравання беларускасцю і непазбежнай культурнай вайны генерацый, лоўка сышоў у акуратную маляўнічую фантасмагорыю без траўматычных наступстваў для ўсіх у ёй прысутных. 

Бяззорная ноч спрыяе Голему.

І што? Дык і ўсё. Уключай “Крымсанаў”

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце