Рэцэнзія на кнiгу: Original?1576223971
Кайф і абломы памеру X-L

Калі яшчэ ніхто не ведаў, што Марціновіч – літаратар, ён быў журналістам. І пісаў без надзеяў на Гедройца: хутка, цынічна і па-расейску. Лепшым, як на мяне, з ягоных медыя-практыкаванняў застаецца невялічкі тэксцік “Generation L” – cпроба пазначыць агульныя рысы гадаванцаў лукашэнкаўскага прэзідэнцтва, дзетак (неда)незалежнасці. Але ж не менш – а можа нават і больш – цікавай справай было б разабрацца з хаўрусам іх папярэднікаў. Якія скончылі школку да трыюмфаў ППРБ. Тых, хто паспеў першасна загрузіцца перабудовачнай свабодай, заспець кароткі росквіт нацыянал-рамантызму, пакаштаваць еўрапейскасці – каб потым прачнуцца ў краіне глухой чырвонай настальжы і безнадзейнай адміністратыўнай стабільнасці. “Джэнерэйшн перад L” (пазначым яго X-L) пачыналася з самаадукацыі, каб скончыць аўтавівісекцыяй. Свежы прыклад – “Песня пра Цімура” Андрэя Адамовіча, разбор супольных палётаў у адсутным паветры.

Малая радзіма пісьменніка – не родны кут з бацькоўскай хатай, а асабістыя комплексы напалам з самарэклямай, прыватныя авантуры ды жыццёвыя паразы. Штодзённае абышто, памножанае на адчайную прагу быць заўважным. Гэта апошняе прыстанішча літаратара. Яно ж – звычайны пункт адліку чарговога тэксту. Рэзанансы дыктуюць сэнсы ды стыль.

Генерацыі X-L дасталася не найлепшая эпоха: часы пераможнай стагнацыі. Неяк незаўважна мы трапілі ў сітуацыю, калі сур’ёзна казаць няма аб чым, а жартаваць немагчыма. Пафас вычарпаны палітычнымі актывістамі, трагедыі апынуліся статыстыкай, гумар жыўцом з’елі віртуозы стэнд-апу. Традыцыя завецца этна-стайл, Радзіма сышла ў магніцікі ды вышымайкі. Квіток у Варшаву працуе лепш за творчую вечарыну ў “Грай”, галоўнымі культур-падзеямі апынуліся скандалы ды выключэнні. Зона глабальнага бурлеску робіць істотнымі сувымерных сабе – П’ерошак ды Мальвінак з Бурацінкамі ў нягеглых пошуках магічнага тэатру.

Літаратура непазбежна губляе глыбіню. Найбольш адэкватна гучаць анекдоты, рэміксы, жахаўкі, фарсы ды прыколы.

Зноўку вяртаецца раман-фельетон: “Шклатара” Клінава, “Сфагнум” Марціновіча, “Кароткая гісторыя прэміі Г.” Анціпава, “Каларадская пушча” Квяткоўскага. Або “Песня пра Цімура”. І гэта ўжо не постмадэрн. Гэта сучаснасць пасля сучаснасці. Маркеры адсутнасці. 

Таму будзем пісаць адчайна – але каб выглядала прышпільна. Будзем жыць у кніжках адзін аднаго – бо лепшай адрэсы ў нас не будзе. Будзем разменьвацца на фасонныя жарцікі, шанаваць прасталытак і частаваць цукеркамі гэбэшнікаў – бо акрамя братоў па алка-трыпах, дзяўчатак у рушніках ды безнадзейных стукачоў намі ніхто не цікавіцца. А калі не стае цукерак – можна кідацца фанцікамі.

Простае шчасце: раскруціць палякаў на стыпендыю і набіць дзвесце бадзёрых старонак, чаму гэта апынулася менш прыемным, чым планавалася. Каб ніхто не сумняваўся, што мы не абы-хто, а райтары высокага палёту – зафігачым у якасці падставовай сюжэтнай канструкцыі міф пра Гільгамеша. Праш’ем тэксцік дадатковымі навеламі. Будзем як Шахерызада. І каб канчаткова палепшыць агульны дызайн ды падвысіць узровень скандальнасці – запішам сябрукоў ды знаёмых у персанажы. Ім не балюча, а народу ў кайф.

Вербальнае ню. Рыжкоў? Так у кніжцы і напішам: Рыжкоў. Куціла – зноў жа: Куціла. Сцебурака, Горват, Стаселька, Календа (двойчы – шчэ і як А.І. Бацкель), нарэшце сам аўтар Адамовіч у ролі персанажа Адамовіча…  Усе знаёмыя. Усе свае. А чаму б не? Гэта ж літаратура! Словы на ўзбоччы супольнай экзістэнцыі. 

“Песня пра Цімура” – рэч свабоднай канструкцыі і вольнага выказвання. Аўтар цудоўна валодае мовай адвязу, лёгка пераключае каналы, нязмушана гуляецца ў неабавязковыя нататкі культурнага аўтсайдэра. Па сутнасці – у легенды пустэчы. 

Пазнавальныя маркеры часу і эпохі робяць чытачу хутка-смачна – каб на наступнай старонцы тэрмінова саступіць чамусьці не менш хутка-смачнаму. І не менш неабавязковаму. 

Магчыма таму “Песня…” нагадвае адначасова тусовачныя раманы ўсіх часоў (ад “Цімура і ягонай каманды” да “Кварталу Тарцілья-Флэт”) – і абсурдысцкую класіку “У чаканні Гадо”. Герояў мы пралічылі яшчэ на першых старонках.  А потым з імі адбываецца Great Nothing – грандыёзны бег на месцы.

Аўтар “Песні…” ведае толькі тры ўлюбеныя акорды. Так, гэта файныя акорды. Але хочацца болей. А болей у аўтара няма. 

Бо Адамовіч мае толькі Адамовіча. І ягоную адчайную брыгаду.

Пазнавальныя (хто ж не ведае Рыжкова з Календам?) багемныя персанажы расстаўленыя на дошцы. А аўтар глядзіць і пазяхае: “Акей, і што мне зараз з вамі ўсімі рабіць?”

Шчыльная плыня прышпільнага гону з лірычнымі адхіленнямі – калі аўтар кідае ролю анекдотчыка-забаўляльніка і дазваляе сабе гучаць далікатна і шчыра – выглядае скрыптам як бы авантурнага серыялу з траўматычна-гераічнага жыцця менска-варшаўскіх транзітных недахіпсцераў. 

Галоўны трабл: гэтую чытанку можна лёгка спыніць на кожнай старонцы. Сысці. І не вяртацца. І нічога не страціць.

Тым не менш, “Песню…” чытаць варта. Бо яна бясспрэчна большая за банальны гон. Гэта дакладны адбітак лёсаў генерацыі, штучна пазбаўленай прасторы вертыкальнага росту. 

Недабудаваныя жыццёвыя праекты сышлі на replay. “Чужым сваім” – непатрэбным Радзіме ваярам ды піжонам – застаюцца гарызантальныя рухі, жыццё на валізках. Безнадзейныя змены лакацый – але не якасці існавання. 

Адамовіч працуе як олдскульны фатограф: малюе нібыта містэрыю, потым робіць у кардонцы дзюркі для твараў – і запрашае сябрукоў. 

Няшмат? Магчыма. Але іншай прапіскі для генерацыі X-L краіна пакуль не мае.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце