Рэцэнзія на кнiгу: Original?1552306859
Кане фільмац. “Кінараман” наўздагон кіно

Што застаецца ад кіно пасля кіно? Святло ў вочы. Скамечаны пачак чыпсаў. Танны пластык “колы”. Бадзёрае шчабятанне дзетак з першага шэрагу, якія так і не ўцямілі, што з імі адбылося. А вось ты – ведаеш. Глядзіш убок. Закручваеш чорны шалік. І валіш прэч пад дурны менскі дождж. З досведам іншага. Са смакам падзеі на мокрых вуснах. Бо сапраўднае кіно, як жыццё: здараецца толькі аднойчы. І не падлягае рэдактуры чужых густаў ды ціску тусоўкі. Экраннае – заўсёды інтым. Калі ты гатовы за яго плаціць. А хопіць нахабства – яшчэ і распавесці калегам. Новы раман Макса Шчура – мантажныя лісты аднаго лёсу. Літаратура ў пошуках “кіношнасці”. Нават там, дзе апошняй, магчыма, ніколі й не было.

I

Першая рэакцыя: гэта пра мяне. Другая: так у нас не пішуць. 

Нібыта пераклад добрай усходнееўрапейскай прозы з “Иностранной литературы” сярэдзіны 1970-х. 

Не той/не наш дызайн тэксту. Прынцыповае шматгалоссе і нелінейнасць расповеду. Іншая сістэма культурных спасылак. Шчыльнасць гону. Нуль танных эфектаў і жадання падабацца.

Прынцыповая адмова ад пафасу і ратавання радзімы спадручнымі сродкамі. У чымсьці падобна гучаў пасля Гамбурга Бахарэвіч.

Стрыманае, ненавязлівае пазёрства ўзорнага еўра-лузера. Які паспяхова перахварэў Бартам, Шклоўскім, Фуко, нямецкім краут-рокам і чэскім крафтавым півам – і здолеў застацца жывым. 

Галоўнае, што чапляе і трымае цябе да апошняга кадра (прабачце, радка) – вольны трып прыватнай думкі скрозь стосы парэшткаў культурных эпох. 

Аўтар не белетрыст. І займаецца не пісьменствам, а мысленнем. Ён не гуляецца з персанажамі. Ён сам і ёсць галоўны персанаж. “Кінараман” – сэлфі даўжынёй у 258 старонак. 

Разлікі з часам. Развітанне з ілюзіямі. Магчымае толькі таму, што ты калісьці іх меў.

II

Тэкст Шчура абсалютна сувымерны досведу генерацыі айчынных патаемных еўрапейцаў – пасівелых хіпаноў і спозненых авангардыстаў. Сёлетніх сарака-з чымсьці-гадовых гадаванцаў запіленага вінілу, бялявай джынсы і спецпраглядаў у Палацы прафсаюзаў. Гэта яны, майстры жыццёвай імправізацыі, вывучалі журналістыку па французскіх анарха-коміксах, абіралі ролевымі мадэлямі Ігі Попа, Гі Дэбора і Джона Ўотэрса, будавалі ў акіяне лайна выспы лакальнай свабоды і верылі, што вольная культурка спрацуе лепш за перамовы, гранты, кангрэсы і выбары. Каб нарэшце зразумець, што кіно скончылася. А мы – яшчэ не. 

“Кінараман” – тэкст пра ментальны крызыс генерацыі часоў ломкі матрыц. Не пра кіно. Пра розныя формы жыцця. Пра розныя схемы самавызначэння і душэўны разлад, пазбаўлены рэсурсаў уласнай экранізацыі. Проста раптам скончыўся слоўнік і спынілася стужка. Радыкальны візуал размяняўся на забаўкі і гаджэты. Шаманы экрана сышлі ў серыялы і відэагульні. А тое, што засталося – ужо не пра нас. 

Спажываць кіно як псіхалагічны прытулак, якога больш няма – бо на самым дне душы ты ўжо не верыш у прытулкі. 

III

“Кінараман” – рэквіем для экраннасці. Гэта вяртанне з карцінкі ў вербальную плынь. Гэта тэкст без кіно. Якое тут прысутнічае як магчымасць. Дакладней – як немагчымасць. Бо як ні вычварайся з камерай – усё адно атрымаецца фруктовая жуйка. Што ні кажы – усё адно будзе нейкі Дэлёз.

Нібыта ён штосьці тлумачыць і камусьці важны.

Лепшае кіно – не прамова. Не пра мову. Лепшы фільм – твая асабістая экзістэнцыя. Дзе віруюць спантаны мантаж, угарны саундтрэк, агнявыя дыялёгі і татальны калапс драматургіі. 

Выпадаючы з кіно жыцця, непазбежна трапляеш у банальны слоўнік. У смеццевае радыё як бы культурнасці і нібыта адукаванасці. Застаецца глынаць паветра пад чужыя вакалізы рознага ўзроўню асэнсаванасці. Не Барт – дык Кудзіненка.

Вось чаму ў “Кінарамане” так тлумна. Вось чаму там так шматслоўна, гучна і (часам празмерна) разумна. Аўтару не цікава з банальнымі сторыз. Аўтар заняты інтэлектуальным фрыстайлам. Ён піша “раман ідэй” – flow думак і разважанняў з рэгулярным пераключэннем каналаў.

Зрэшты шоргат запазычанага – свядомы выбар. Цытаты дазваляюць райтару прамаўчаць там, дзе ён не дае сабе веры – і пакінуць, такім чынам, бяспечную лакуну для спантанных неабавязковых меркаванняў. 

Патануць у сцёкавых водах нулявога вербацім. 

Мова, якая на вачох робіцца мёртвай, адбіваючыся не ў кінематаграфічнасці зроку, а ў вербальным шуме, што забівае чысціню ўспрымання. Пасля зачысткі выпадковага слоўніка застаецца белы экран чыстага досведу, праз які наўскасяк праходзяць выпадковыя супляменнікі.

Шлях посткласічнага раманіста: годнае пазіцыянаванне безнадзейнасці. Дзве роўныя (не)магчымасці: выказацца праз словы і спыніць чытанку.

IV

“Кінараман” – прыватныя нататкі пра смерць эпохі з закосам пад сеткавыя чаты і кінаманскія трактаты. Сентыментальнае развітанне з часамі шчанячага драйву і жыццёвага чэмпіёнства. Гісторыя пра тое, як асыпаюцца пачуцці – акурат тады, калі ты навучыўся іх берагчы. 

Short cuts. Лёс дробнай нарэзкай.

Тэкст Шчура варта не зразумець, а перажыць.

Бо нашае кіно большае за вашыя стужкі.

 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце