Рэцэнзія на cтаронкi кнiгi: Medium?1427879318
"Можна рэкамендаваць для школьных хрэстаматый"

Слова "Зомбі-скрыня” так даўно і трывала ўвайшло ў нашае жыццё, што ўжо і не адшукаеш, хто ж першы ўжыў гэтую выдатную метафару… Магчыма, калі-небудзь яно цалкам выцісне з лексікі слова "тэлевізар", з якім асацыявалася. Бо тэхніка змяняецца і сыходзіць, а вось вусцішнае ўздзеянне прапаганды, якое ператварае людзей у жывых нябожчыкаў, толькі набірае моц, сілкуючыся чалавечым мясам… Таму ў нейкім плане нават дзіўна, што апавяданне пра тых, хто стварае для нас карцінку ў тэлевізары, з'явілася толькі цяпер. Зомбі-тэма, здаецца, ляжала на паверхні.

Безумоўна, пісаў яго чалавек адораны. Кожная дэталь першай часткі, як чэхаўская стрэльба, спрацоўвае ў другой частцы – гэта ўжо паказчык узроўню. Апавяданне дынамічнае, смешнае, і, можна сказаць, з хэпі-эндам. Бо хэпі-энд – гэта ж шчаслівы фінал, ці не так? А што можа быць лепшым, чым усталяванне справядлівасці? Праўда жыцця, пра якую і вядзецца з першых абзацаў замалёўкі, перамагае… Бо што ёсць праўдай як не барацьба з хлуснёй? І якая ў прынцыпе розніца, хто і як яе ўсталёўвае – пісьменнікі ці спайдэрмэны, суддзі ці зомбі? Праўда яна і ў Афрыцы праўда – не падманвай, альбо будзеш пакараны. Вельмі дыдактычны твор, які можна рэкамендаваць нават для школьных хрэстаматый, тым больш, што твор напісаны сакавітай беларускай мовай.

Апошнім часам даводзіцца чытаць, што «крытыка» – гэта калі ёсць заўвагі і прэтэнзіі. А калі няма – так, дробная рэклама… Выключна каб дачапіцца, заўважу, што ніколі не чула, каб у размове хто каго "губашлёпам" называў. У літаратуры – так, рэгулярна сустракаю гэтае слова, а вось у жывой гаворцы – ніколі. Для мяне гэта літаратуршчына чыстай вады. З другога боку – я і цётак гатунку "Савельеўна", якія б у жыцці так смачна па-беларуску гаварылі, ніколі не сустракала. Зноў жа, ніяк не магу зразумець такі момант… Студыя знаходзіцца ў Гомелі, а пераздымаюць матэрыял у "Чыжоўскіх кар'ерах каля МКАДА"… А чым аўтару пяшчаныя берагі Сожа не дагадзілі? А ў астатнім усё праўдзіва, пазнавальна, павучальна.

Рэкамендую для чытання.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце