Рэцэнзія на кнiгу: Original?1542816133
Ноч паўсюль

Шосты раман Віктара Марціновіча “Ноч” чытачы сустрэлі ўхвальна. Сьведчаньні таму – мазалі ад аўтографаў ды хрыпата ў голасе аўтара, які адказваў на віншаваньні і падзякі. Адчуваньне, што нейкая кропка незвароту ў папулярнасьці дасягнутая і цяпер чарга па новыя кнігі Віктара будзе толькі павялічвацца, што б там ні пісалі крытыкі.

Раман “Ноч” мог зьявіцца толькі пасьля 2014 года, і, відавочна, тэкст моцна натхнёны ўкраінскімі падзеямі. Даўно абсурд рэчаіснасьці і крывавыя навіны не былі так блізка да “вольнай Грушаўкі”. Падчас смуты ў нашых мясьцінах, на жаль, перамагаюць зброя і гвалт. Як і галоўнаму герою “Ночы”, нам таксама рана ці позна даводзіцца выпраўляцца ў падарожжа ў пошуках месца, дзе можна быць нарэшце сабой і не адчуваць сваю інакшасьць і адзіноту. Галоўным хэпіэндам зьяўляецца тое, што ў больш духоўных краінах, прынамсі поводле “Ночы”, усё ж перамагае духоўны сьвітанак, а не вечная цемра.

Ноч ў рамане-катастрофе – ня толькі незразумелы прыродны катаклізм, унівэрсальны цмок, які праглынуў сонца. Яна пазначае таксама цемру няведаньня, якая дапамагае злу быць моцным і непераможным. Разьмеркаваньне ўладаў пасьля блэкауту ў значнай ступені трымаецца на медыях і скрыўленай праўдзе, а мы ведаем, чым гэта небясьпечна. Апроч таго, ноч вымушае героя рушыць у невядомасьць і зьяўляецца галоўным рухавіком гісторыі. Ясна ж, што ў мірны час наш герой-кнігар немаведама колькі сядзеў бы й чакаў, упіваючыся сваёй трагічнасьцю.

Кнігар па-беларуску негераічны, але ад гэтага ня менш абаяльны. 

Ягонае падарожжа ад наяўнай цемры да магчымага сьвятла чытаецца як мэтафара духоўнага шляху. Герой выпраўляецца ў падарожжа пад цяжарам свайго заплечніка (крыжа?). Калі ён здолее пазбавіцца ад сваёй прывязанасьці, то атрымае магчымасьць прасунуцца далей і перайці на новы ўзровень (і ў гэтым чытаецца ўжо нешта будыйскае).

Спыніўшы камерцыйныя стасункі са сьветам, герой цудоўным чынам разбурае свае абмежаньні (гэтак, дарэчы, бывае ня толькі ў літаратуры). Пакуль у яго ёсьць грошы, ён можа атрымаць толькі тое, на што іх траціць, а калі іх няма – сьвет прапануе яму значна лепшыя варыянты. Тое самае са зброяй. 

Як толькі зьяўляецца руля, зьяўляецца і неабходнасьць ёю скарыстацца.

Напрацягу ўсяго чытаньня застаецца адчуваньне кампутарнай гульні: праходжаньне героем узроўняў, дзіўныя сустрэчы з персанажамі, якія нібыта толькі яго й чакалі, збор артэфактаў і, галоўнае – туманнае бачаньне, хіба только на два-тры крокі наперад. (Цацачная мапа з незразумелымі пазнакамі – не ўлічваецца). “Ноч” – як быццам дарослая версія кнігі К. Жукава “Васіліса ў Бабілоне”, у якой маленькая дзяўчынка з дапамогай намаляванай мапы прабіраецца праз мэтафарызаваны Менск, сустракаючыся з ўсімі ягонымі “прывідамі” і тупымі абсурднымі завядзёнкамі.

У аснове “Ночы” – простая лінейная формула – мітычнае падарожжа героя. (Гэта бадай першы з раманаў Віктара, дзе падзеі разгортваюцца пасьлядоўна). Але гераізм Кнігара – чыста літаратурная катэгорыя. Ён ня ў подзьвігах, а ў тым, што той стаў на перадвызначаны яму шлях, каб прайсьці праз шэраг выпрабаваньняў.

Рукапіс з тлумачэньнем прычынаў катастрофы ёсьць тым здабыткам, які герой падорыць сьвету. Таму клясычную формулу – сыход, ініцыяцыя, вяртаньне – можна лічыць завершанай. (Дарэчы, каб даведацца пра тое, што герой дасягнуў канцавой кропкі свайго падарожжа, трэба прыгадаць, што пралог кнігі зьяўляецца яе эпілёгам, і пачаць гульню спачатку).

Адзіным подзьвігам героя застаецца адданасьць сваёй каханай і барацьба з фальшывымі навінамі. (У эпізодзе пра Аракула ўяўляецца Дон Кіхот, які бьецца з паветранымі млынамі). Гэтага, дарэчы, аказваецца дастаткова, каб атрымаць “бессьмяротнасьць” і, пераскочыўшы празь некалькі шахматных клетачак, адразу трапіць ў дамкі: аповед нечакана абрываецца на паўдарозе.

Як ні дзіўна, у рамане пра цемру мне не хапіла адчуваньня цемры. 

На яе заўсёды забываешся. Большасьць сцэнаў нібыта адбываюцца пры сьвятле. Да таго ж, персанажы і іх рухі апісаныя часам надта дэталёва (нібыта Віктар пісаў сцэнар), але праз гэта ўнутранае кіно перапыняецца. Залішняя дэталізацыя (тым больш калі яна праяўляецца не адразу, а калі ты ўжо сустракаў героя і неяк яго па-свойму ўявіў) замінае добраму чытаньню.

Моўная адметнасьць твору – штучныя дыялекты, якія ўжываюць персанажы. У дыялёгах і паўсюль па тэксьце аўтар абыходзіцца са стылем досыць разьняволена, і гэта часам выглядае трошкі ненатуральна, таму што “ў нас так не гавораць”, але Віктару, відаць, замала трымацца ў трэндзе, ён імкнецца ствараць трэнд. Гумар і самаіронія як адметная рыса ўсіх раманаў Марціновіча і тут прысутнічаюць у вялікім аб’ёме, і на тле крывавага хардкору робяць “Ноч” трагікамічным блокбастэрам, не дазваляючы доўга аплакваць безьліч стратаў. Бо, як там у Ванегута: “Такія справы”.

In general, аўтар рухаецца ад заблытанасьці інтэлектуала да выразнасьці мудраца, ад дасьпехаў хлапечага сарказма, які хавае душэўны боль, да адкрытасьці месіі, які спасьціг ісьціну на ўласным досьведзе. Віктар цяпер недзе пасярэдзіне, але я пра вектар. Чакаем, што будзе далей. 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце