Ноч. Сабака. Зорка. Самота. Іншыя вымярэнні выязнога белліту

У замежжы твая мова жыве інакш. Яна відавочна ў меншасці, яна аўтсайдэр і маргінал, яна губляецца ў вулічным аўдыё і рэклямным відэа, ліхаманкава спрабуе знайсці падставы да кампетэнтнай агучкі прасторы – каб зноў апынуцца адзіным жыхаром тваёй прыватнай субмарыны. Твая мова за мяжой – гэта аўтар без алібі, радыё Ніхто, кантрабандны тавар без рынкавай вартасці, перманентны канфлікт з асяроддзем, якому ўсё адно, што ў цябе ўнутры. На гэтай вайне канфармістам прасцей: яны папросту зліваюцца з навакольным саўнд-ландшафтам у статусе эрзац-тубыльцаў. Асобныя абіраюць самоту – шлях патаемнага слоўніка насуперак відавочнаму. Так паўстае ціхае шаленства. Альбо гучная літаратура. Часам падаецца, што гэта амаль тое самае. 

Чарговая кніжка заакеанскай суайчынніцы Таццяны Заміроўскай “Земля случайных чисел” – добрая нагода паразважаць пра нечаканыя камбэкі былых знаёмых і прыгоды беларускага ракенролу ў горадзе хмарачосаў. Абодва вымярэнні – тэма траўматычнага вяртання і энергетыка дэпрэсіўна-артыстычнага эмігранцтва – бачацца аднолькава істотнымі. Бо “Землю…”, гэтую складанку кароткіх гатычна-урбаністычна-паэтычна-катастрафічных гісторый, лепш суадносіць не з канвенцыйнай прозай (каму яшчэ патрэбная канвенцыйная проза?), а з канцэптуальным альбомам – адмыслова адбудаванай кампазіцыяй асобных трэкаў, здольных набыць новую якасць у кантэксце агульнай партытуры. 

если бы он был чьей-то душой, можно было бы предположить, что она не до конца вошла в тело, неловко застряла в рукавчиках, частично зависла в пограничье, по-птичьи трепыхаясь в тугих воротцах, сетчатых сенях подсознания

Як у нармальным ракенроле, хуткі эмацыйны рэзананс тут працуе лепш за разумную аргументацыю. Лаві чорныя вайбы і вырабляй з іх дзівацкія гармоніі. Торкнула – і акей. Як у нармальным ракенроле, няма ні часу, ні жадання штосьці тлумачыць. Крэш! Бум! Бэнг! Склікай сваіх мерцвякоў і танчы з былымі каханкамі. Гадуй празрыстых шчанюкоў. Пазаўчора будзе пазаўтра. Як у нармальным ракенроле, тут не знайсці нармальных. Матылькі не хлусяць. Яны проста атручаныя Н’ю-Ёркам, перабралі Бэроўза і пераслухалі Прынса. Як у нармальным ракенроле, фінал чарговага трэку чакаеш з палёгкай, а старт новага – з трывогай. Ці пратрывае магічны кантакт? Ці працягне складацца ментальны пазл? Зрэшты, як у нармальным ракенроле, ёсць пытанні да якасці міксу, рэжыму гучання і падбору кантэнту. Часам падаецца, што ўсяго зашмат – як у трайным альбоме Джорджа Харысана. І востра не хапае рэдактара. Але, як у нармальным ракенроле, аўтар мае натуральнае права нічога пра гэта не ведаць. Бо справа аўтара – гучаць. 

Тэксты сённяшняй Заміроўскай – нататкі-валошкі ў палях чужога лексікону. Дзіўны мікс рэгістраў, дзе вербальны псіхадэл нечакана сыходзіць у дзіцячыя жахаўкі і дзявочы лепет напалам з сентыментальным ліставаннем і сеткавымі глюкамі. Як у стартавым трэку “Земли случайных чисел” – гатычным рэміксе брэдбэрыеўскага “Віна з дзьмухаўцоў”, агучаным абкураным Гейманам пасля флірту з Уліцкай. 

Так можа пісаць толькі чужаніца ў іншазем’і, адвечная трынаццацігадовая дыверсантка ў варожым дарослым свеце, ігі-попаўскі passenger без зваротнага квітка.

 І калі шукаеце маркер, дык вось: транскантынентальная транслітаратурнасць. Перманентны стрэс з далучэннем тонкіх матэрыяў і сумежных вымярэнняў.

как жаль, что мы с тобой, любовь моя, наконец-то встретились навсегда именно там, где меня во мне почти не осталось, но лишь выжатая, выкорчеванная из собственного сознания, я осознаю, насколько счастлива быть здесь с тобой, пусть и не здесь, пусть и не быть

Збочыць. Танчыць. Легчы ў труну парцалянавай лялькай. Шызаваць. Крычаць у пустэчу.

У гэтым свеце няма нікога – нават аўтара. Ёсць пустое люстэрка. А там – сваё жыццё: патаемныя практыкаванні ў атрутным каханні, рэжысаваны адчай, ратацыя ўспамінаў і калекцыянаванне траблаў, самаўпэўненасць амаль да мазахізму і падлеткавая нязгода з банальным. Асоба райтара хаваецца ў разрывах сэнсаў і мантажных склейках, дзіцячых “сакрэціках” і паштоўках ніадкуль з любоўю, у сарамлівай правінцыйнай настальжы з пераходам у невідавочнае now. 

Райтар адначасова пакутуе і натхняецца. Натхняецца сваёй здольнасцю давесці пакуты да стану тэксту. 

собственно, я действительно всегда все преувеличивала — и когда я наконец-то вернусь домой, я, наверное, лягу в ту самую траву и прорасту сквозь нее уже иной травой более точного, более правдивого свойства

Заміроўскую чытаеш як замежніцу. Энергетыка выказвання, праца са слоўнікам, методыка прамаўлення, ракурс бачання сітуацый, разгортка сюжэту – усё збольшага не адсюль. Так у нас не вучаць. Так у нас не вучацца. Найбліжэйшыя суседзі – пражскі Шчур ды пост-нямецкі Бахарэвіч. Не нашыя тутэйшыя.

Шчыльнасць сэнсаў і амаль невыносны інтэнсіў прамаўлення з перыядычным завісаннем у трывожным ступары робяць чытанку некамфортна камфортнай – нібыта блазнаваты чарнушны сон, што знянацку заляцеў у тваю ноч з чужой падсвядомасці. Глядзець ужо няёмка, а прачнуцца няма куды. 

Яно працуе, калі зашкальвае. І робіцца неістотным, калі аўтар з‘язджае на свае ўлюбёныя штампікі ды шаблончыкі. 

сонный Черишев сидел на коврике и читал крупную ночную, как гигантский мохеровый мотылек, книгу серого мглистого содержания

Таму часам падаецца, што ў пазле нешта не так. Што гэтыя тэксты не проста розных часоў, але і рознага прызначэння. Кніжку кідае, як на амерыканскіх горках. Штосьці (“Тот, кто грустит на Бликер-стрит”) адразу зносіць дах і бачна, як аўтара – а наўздагон і чытача – рэальна штырыць і непадробна калбасіць. Штосьці (як “Мир железного зайчика”) відавочна зроблена з разлікам на ўмоўны расейскі глянец – гэткая готыка з тлумачэннямі, чорныя коміксы хатняй тэмпературы. Штосьці (кшталту “Тяжелее жизни”) увогуле выглядае накідамі магчымага, тэхнічнымі практыкаваннямі ў пашырэнні палітры. 

Але іншага чакаць не выпадала. Заміроўская жыве сваім ракенролам і, здаецца, не вельмі жадае падабацца. Яна даўно мае рэгулярную публіку – стабільна дэпрэсіўных выхаванцаў незавершанага транзітыву, ціхіх змагароў з наяўным, недаеўрапейцаў з берлінскімі жыццёвымі стандартамі, мутнай расейскамоўнай адукацыяй, The Cure ды Петрушэўскай у галаве і менскім/казанскім/харкаўскім заробкам у кішэні. 

А тыя шануюць у Таццяніных трэках акурат тое, што можна ўбачыць як мінус. Вытанчаную інфантыльнасць. Маляўнічы дэпрэсняк ды трывожны попс. Досвед ментальнага дрыфтынгу і бурлівага самавызначэння. Пару-тройку гітоў. 

Ім хапае. 

Зрэшты, у чым вышэйшае прызначэнне агучкі прасторы? Ды ні ў чым. Дзякуй, што прыйшлі паглядзець. 

я пыталась писать тебе из собаки, будто из подводной лодки, но во всякой собаке я затопленный подводник, наощупь пытающийся нацарапать успокоительное мироточение прощания, прощения, отмщения не на стене скорей, а на преграде или перегородке. Собака плохой сосуд...

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце