Рэцэнзія на cтаронкi кнiгi: Medium?1428995023
«Партызаншчына, рэйкавая вайна, балота»

Апавяданне вельмі спадабалася! Шмат хто з маіх знаёмых, здаецца, мог такое напісаць! Калі я чытала яго, якраз паралельна дачытвала “Шчагла” Донны Тарт і пераймалася тым, як крута можна загнаць героя ў безвыходны, жудасны тупік, спляценне абставінаў, амаль немагчымае ў рэальным жыцці – але, чытаючы гэты тэкст пра беларускіх доўбняў на італьянскім марскім беражку, прыйшла да высновы, што прынамсі ў жыцці беларускіх доўбняў такое цалкам магчыма. Таму хоць і няма ніякіх увогуле паралеляў з гэтай вялікай непад’ёмнай кнігай пра хлопчыка і шэдэўр сусветнага мастацтва, нейкую паралель я усё ж такі бачу – абодва аўтары заганяюць герояў у такі беспрасвет, што немагчыма ўявіць, як яны ўвогуле будуць выбірацца з гэтага пекла.

Беларускі аўтар, дарэчы, не дае фінальнага адказу, чым ўсё там скончылася ў пацаноў, але тэкст атрымаўся дасканалы, гамерычна смешны, поўны саспенса і жывой, крывавай тканіны рэчаіснасці (я дапускаю, што гэта аўтабіяграфічная гісторыя, але ўсе ж такі лепш ставіцца да яе, як да выдуманай – так больш спачуваеш героям) – ніводнага лішняга слова, усё напісана лаканічна, дакладна, з выдатнай для травелогаў пазіцыяй дыстанцыйнага назірання за самім сабой: мінімум эмоцыяў, максімум дзеянняў і дыялогаў. Магчыма, таму тэкст атрымаўся вельмі кінематаграфічным, і героям сапраўды шчыра спачуваеш, няхай увогуле незразумела, што ў іх харызматычнага – прыдуркі і прыдуркі, кожны з нас такім быў у свае 19, нават узгадваць не хочацца. Але спачуваеш і пераймаешся, нібыта глядзіш добрую моладзевую камедыю з выдатна прапісанымі персанажамі. Я не думаю, што аўтар спецыяльна хацеў дабіцца нейкага такога эфекту, але ўсё атрымалася – такі тыповы беларускі Ірвін Уэлш і Чак Паланік – і, насамрэч, ніякай Донны Тарт у гэтым парадзе зорак уяўных 90-х, акрамя адчування таго, што ўсё адбываецца менавіта ў нашай актуальнай сучаснасці: Данбас, каліноўцы, лета 2014. Зноў жа, нармальны быў бы кінасцэнар – можна было б зняць штосьці ў стылі Гай-Германікі, з такой дрыжачай і падаючай у дажджыстыя балоты прэзідэнцкіх італьянскіх лясоў камерай – напрыклад, сцэна з засынаннем на лясным унітазе ў дождж глядзелася б выдатнай пародыяй на «Географ глобус пропил».

Увогуле, няхай тэкст і на рускай мове, ён вельмі беларускі, такое маглі напісаць толькі беларусы, у сэнсе – рускі чалавек так не адчувае і паводзіць сябе па-іншаму – ён не грамадзянін свету, а нейкі іншародны элемент ва ўсім эўрапейскім, адусюль вывальваецца і зіхаціць – а вось беларус неяк прыстасоўваецца, хаваецца ў лясах, есць тушонку з банкі, бухае і партызаніць, перапаўзае праз КПП і калючы дрот, цягнучы хворага таварыша на сабе, прабіраецца туды, куды нельга – карацей, партызаншчына, рэйкавая вайна, балота. Дзе бы ты ні быў, куды б ты не паехаў. 

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце