Рэцэнзія на кнiгу: Original?1558627700
Таро, кіно & даміно

“Хадзі сюды, даражэнькі, я цябе не падману, усю праўду раскажу…” Вулічныя варажэі з менскага дзяцінства. Дзіўнаваты бізнэс па сканаванні лёсу, разводка на грошы і бягучая псіхатэрапія ў адным флаконе. У тваім бязглуздым існаванні раптам выяўляецца нейкі сюжэт – з небяспечнымі сувязямі, рызыкоўнымі рухамі, патаемнымі лінкамі, пошукам сугучнасцяў і блакадай траблаў. Калі свет шалее, хочацца апірышча. І людцы прыходзяць да варажбітак. Падазраю, акурат за белетрыстыкай кону: не за праўдай, а за гісторыяй. Паразумецца з хаосам. Складзіце мой пазл за мяне. Зрабіце мяне за мяне. Ці хоць бы дайце казку-падказку. Попыт ёсць – вось і прапанова: астрапсіхалагічны (па вызначэнні аўтаркі) раман Юліі Шаровай “Вяртанне Ліліт”. Ліставанне з сусветам на прыступках кардоннай батлейкі.

Пакуль хтосьці натхнёна шчыруе на фэстах інтэлектуальнай кнігі, жанглюе паняткамі і збірае лайкі пад чарговымі схемамі ратавання краіны, побач існуе іншая рэчаіснасць. Яна жыве не розумам, а эмацыйнымі рэзанансамі. Cпажывае не Мацкевіча, а Каэльё. Не ўспрымае прапагандысцкіх ін’екцый – але шануе серыяльныя меладрамы. Частуецца Максам Каржом як міланскай операй, а міланскай операй – як Максам Каржом: камфортна, павярхоўна, перфарматыўна. 

Прыйшлі. Адзначыліся. Зачапіла – не зачапіла – давай далей. Рэверс. Рыплэй. Чарговы дзень. Чарговы трэк. Навошта? Так склалася. Зоркі сказалі. Карта лягла.

На гэтым узроўні супольнай свядомасці асабісты шлях кожнага з нас – магічнае падарожжа пад наглядам вышэйшых існасцяў. Містэрыя звышразумнага. Міф заўсёды працуе як празмерная надбудова штодзённых практык. Ён вылятае за межы зразумелага. Вось чаму з ім цяжка спрачацца. Вось чаму ён заўсёды побач – там, дзе не працуе ланцэт інтэлекту. Дзе побытавая паэзія прарастае скрозь матрыцы рацыянальнага. 

Міфалогія харчуецца паталогіямі розуму – там, дзе яго зашмат. Ці замала. Дзіўна не тое, што ў нашай сінявокай цяпер пішуць пра дэманаў-экспатаў, уладароў-людажэраў, местачковых вядзьмарак, ваўкалакаў у пагонах і анёлаў у выгнанні. Дзіўна, што гэтага выбуху не адбылося раней.

“Вяртанне Ліліт” – спроба поп-літаратуры з мясцовай прапіскай, камерцыйнай прывабнасцю і добра прыхаваным інтэлектуальным вымярэннем. Аўтарка ведае, як працаваць са словам – але абірае простую мову з астралагічнымі інкрустацыямі. Яна няблага разумее людзей – але вырабляе сваіх герояў у стылі расейскіх серыялаў: аднамернымі і статычнымі. Ёсць добрае адчуванне гістарычнага часу – але ён фрагментарна, па-коміксаваму,  пасечаны на бліц-флэшбэкі. Ёсць, нарэшце, здольнасць гуляцца са структурай тэксту і шматгалоссем персанажаў – але ў прынцыпе сімпатычны дзвіж аўтарскага выказвання вельмі хутка робіцца інэрцыйна-прадказальным. Не, белетрэстычная займальнасць працуе тут як трэба – але зноў жа спарадычна, на ўзроўні асобных брэйкаў. Эфектных шоў-стопераў пасярод акуратнай аднастайнай партытуры.  

Спрытны вербальны flow ператвараецца ў гон па паверхні сэнсаў. І тут ужо робіцца неістотным, дзе і калі тармазнуць чытачу. Хоць пасярод раману. Асалоду ад чытанкі ён ужо атрымаў. А большага, соры, не дачакаецца. 

Зрэшты, сыходзячы з камерцыйных інтарэсаў, гэта цалкам нармальна. Умоўны “масавы” (я б сказаў, звычайны, “пасрэдны”) чытач звычайна рэагуе на знаёмыя сігналы. Галоўнае – яго не напалохаць. І не пакрыўдзіць. Сюжэт пра прыгоды звышнатуральных істот у сучасным Менску у гэтым плане выглядае ідэальна. Ён выклікае нават на ўзроўні банальнай эрудыцыі безліч асацыяцыяў – ад булгакаўскіх “Майстра і Маргарыты” (так, тут ёсць коцік!) праз нямецкі рамантызм з галівудскімі фэнтэзі, гішпанскую стужку “Няма навінаў ад бога” з “Начным дазорам” – і аж да дэкадэнцкага “Арланда” Вірджыніі Вульф. Плюс бягучыя астралагічныя прагнозы і японскія мульты з сінявокімі анёлкамі і лятучымі дзявулямі. Дадайце сюды пазнавальную тапаграфію, трапныя побытавыя дэталі – і ўсё, ёсць кантакт! 

Далей усё залежыць ад падыходу. Хтосьці з захапленнем будзе каштаваць звесткі пра “транзітны Месяц у злучэнні з Юпітарам у Казярогу і ў квадратуры з рэтраградным Мяркурыем у Шалях”. Іншы праскочыць гэтую прыгажосць як смурныя шумавыя мантры і зачэпіцца за парадыйную калумністыку “багіні” Галі Плавінскай. Трэці (ці трэцяя), выціраючы слёзкі, будзе наўздагон сюжэту крочыць шматпакутнымі шляхамі жаночай долі. Хтосьці ўбачыць у хроніках Ліліт узорны (ледзь не) феміністычны комікс з плакатнай мараллю – і зноў будзе мець рацыю. 

Апошняя чытачка не скажа нічога. Проста перакінецца ў саву і выляціць у фортку.

Ясна, што падобны тэкст – лапікавы, кіношны, меладраматычны, бліц-эфектны – ніяк не цягне на Кафку, Борхеса ці Бахарэвіча. І добра. І не трэба. 

Попс – не прысуд, а пэўны фармат. “Пэпсі”, а не грапа. Часам – дакладна тое, што трэба чалавеку. Незалежна ад узросту і адукацыі.

І вось тады ўсё ясна. Адкуль гэты мікс драмы і батлейкі. Чаму звышістоты марнуюць час на банальныя свары і марудныя перамовы. Чаму яны паводзяць сябе па-правінцыйнаму дробна і не атракцыйна. Дзеля чаго грандыёзны канфлікт святла і цемры звужаецца да пацанскай разборкі ў душнай прасторы выпадковай кватэры. Чаму ўсё навокал так пазнавальна – і не надта выразна. З якой нагоды Бясконцае (!) – памерам з чалавека, тусіць на выспе і прамаўляе па-беларуску. Навошта ўсе героі так шчыльна ўладкаваныя ў Менску і увесь час адзін за аднаго чапляюцца. У чым сэнс перавыхавання сукуба. Чаму, урэшце рэшт, чытаць прыемна, а як скончыш – не шкада. 

Чаму? Бо гэта апокрыф. Версія вядомага. Пераклад на тутэйшую. 

Лакалізацыя глабальнай поп-міфалогіі – таксама місія. Якасная праца з “пасрэдным” спажыўцом – таксама вынік. 

“Ліліт” прыйшла своечасова. 

Пэўна, час на мантаж запазычанага. На глючны эпас нацыі stand-by.

Каментароў няма
Зарэгіструйцеся ці ўвайдзіце, каб пакідаць каментары і ставіць адзнакі
Дадайце кнігу, каб дапамагчы нам зрабіць самы лепшы каталог літаратуры ў байнэце